ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ – 102

Происшествия

БАІ БЕЗ ПРАВІЛ
У адным з дамоў вёскі Дварэц разгарнуўся канфлікт між братамі 1994 і 1993 гадоў нараджэння. Выкліканая малодшым братам міліцыя ўстанавіла, што старэйшы сваяк яго ўдарыў, да таго ж сыпаў пагрозамі. Аднак сварка як імгненна ўспыхнула, так хутка і завяршылася – прымірэнне адбылося без удзелу права-
ахоўнікаў.
Яшчэ два браты, на гэты раз з вёскі Пагарэлка, толькі ўжо больш сталыя, 1971 і 1973 гадоў нараджэння, паспрачаліся з-за бытавых пытанняў. Яны таксама паспелі спыніць “разборкі” яшчэ да прыезду міліцыі.
У вёсцы Сарокі даволі непрыемнае сутыкненне адбылося між айчымам і пасынкам. Дарослы мужчына (раней судзімы) ударыў маладога чалавека па твары, не гаворачы пра лаянку і абразы. У выніку малодшы ўдзельнік канфлікту набраў нумар міліцыі. І ў гэтым выпадку фігуранты памірыліся да прыезду людзей у форме.
З удзельнікамі скандалаў праведзены прафілактычныя гутаркі.

БЛЫТАЕЦЦА ПА СВЕЦЕ
А вось былы муж жыхаркі Выганічаў пасля свайго гучнага “выступлення” знік з месца жыхарства і, ведаючы, што праваахоўнікі ўсё ж захочуць атрымаць ад яго тлумачэнні, ужо некалькі дзён “блытаецца па свеце”, мінаючы месца пражывання. Толькі непрыемная для яго сустрэча абавязкова адбудзецца.

ДЛЯ КАГО ДУРМАН?
У лесе бліз вёскі Гелянова-Хутарскія знойдзены самагонны апарат і 14850 літраў брагі. Праваахоўнікі высветлілі: усё гэта “багацце” належыць жыхару вёскі Масцішча. Менавіта адносна яго і складзены адміністрацыйны пратакол. Цуда інжынернай думкі, безумоўна, дэманціравана, а тое, што магло стаць для кагосьці дурманам, утылізавана.
Самагонны апарат знойдзены і ў лазні жахаркі Брылькоў, тут жа прымасцілася і тара са 121 літрам брагі і 14 літрамі самагонкі. Знаходкі напаткала тая ж доля, што ў першым выпадку.

ПАСЛЯ СУСТРЭЧЫ
Жыхар Мінска пасля таго, як наведаўся ў наваколле Ракава, звярнуўся ў медустанову за дапамогай, дзе яму дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму, страсенне мазгоў, драпіны і сінякі. Па словах пацярпелага, на яго напалі чацвёра мужчын і ў ходзе бойкі нанеслі ўдары, якія і прывялі да траўм. Патрэбна заўважыць: на месцы драматычных падзей знойдзены рэчы, якія могуць гаварыць пра тое, што маханню кулакамі папярэднічала п’янка.

ПРАПАЖА, ТЫ ДЗЕ?
77-гадовы жыхар вёскі Лаўскі Брод звярнуўся ў міліцыю з паведамленнем аб тым, што яго сужыцелька 1974 года нараджэння з’ехала ў Маладзечна і… прапала. Як высветлілася, жанчына такія знікненні практыкуе даволі часта, да таго ж сябруе з алкаголем і неаднойчы трапляла ў поле зроку праваахоўнікаў як аматарка так званых прытонаў. Між іншым, з мэтай адшукаць “прапажу” адпаведнай службай РАУС разасланы тэлеграмы-арыенціроўкі.

АРЫГІНАЛЬНЫ ЖАНР
Толькі 17 гадоў споўнілася юнаму хулігану, які ўстроіў “канцэрт” перад гасцініцай “Карона”. Лаянкі, брыдкіх слоў і недарэчных рухаў яму здалося мала. Каб “выхад у свет” лічыўся поўным, ён разбіў два ліхтары вулічнага асвятлення ўстановы. Будзем спадзявацца, што знаходжанне ў ізалятары часовага ўтрымання і неабходнасць заплаціць за пашкоджаную маёмасць паслужаць перасцярогай іншым прыхільнікам “арыгінальнага жанру”.

“ДЗЯКУЙ” НЕ СКАЗАЛІ
З прысядзібнага ўчастка пенсіянера з вёскі Альшанка прапалі… туі. У час, калі пажылы чалавек адсутнічаў, невядомыя выкапалі адразу 16 раслін, якія чалавек вырошчваў з любоўю і гонарам. У жыхаркі Ракава пры падобных абставінах злодзей праз акно вынес 450 рублёў. Злаўмыснікі пакінулі сляды, вядзецца пошукавая работа.
А вось жыхарка Валожына сама перавяла 280 рублёў на плацежную карту невядомай асобы, якая шляхам махлярства вымусіла нашу зямлячку рашыцца на ўчынак, пра які тая зараз горка шкадуе.

БЯДА
Трагічны выпадак на дарозе бліз вёскі Філіпіняты адбыўся з удзелам велікагрузнага аўтамабіля. Фура з’ехала ў кювет і перавярнулася. Вадзіцель, жыхар г. п. Рудзенск, на жаль, не выжыў. Прыбыўшая на месца брыгада медыкаў змагла толькі канстатаваць яго смерць.

Матэрыял па міліцэйскіх
зводках падрыхтавала
Валянціна КРАЎНЕВІЧ