Пісьменнікі і іх чытачы на Дні пісьменства ў Капылі згуляюць у футбол

Культура Общество Спорт

4—5 верасня Капыль сустрэне гістарычнае, вясёлае, насычанае адпачынкавымі і інтэлектуальнымі мерапрыемствамі свята беларускага пісьменства. Упершыню гэтая ўрачыстасць адбылася ў 1994 годзе ў калысцы беларускай цывілізацыі – горадзе Полацку, эстафету прынялі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір і іншыя гарады роднай краіны. Праграма парадуе як літаратара, так і госця свята, які прыйшоў не толькі за гістарычным падмацаваннем, а найперш – за добрым настроем.

Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах раскрывае таямніцы:

– У суботу ў 14 гадзін запланаваны футбольны матч паміж школьнікамі і пісьменнікамі, пакуль да яго ідзе падрыхтоўка. Гэта таварыская сустрэча каманд колькасцю па пяць чалавек. Першы кідок зробіць старшыня СПБ Мікалай Чаргінец, а пракаментуе турнір мэтр у гэтай справе Алесь Камароўскі. Адразу пасля спартыўных спаборніцтваў у Капыльскім Доме культуры сустрэча з Мікалаем Чаргінцом, паказ фільма па матывах адной з яго нядаўніх кніг “Чорны сабака”. На галоўнай пляцоўцы спектакль пакажа тэатр паэзіі, праграму да якога падрыхтавала Мінскае гарадское аддзяленне Саюза. З навінак  патрыятычны праект для школьнікаў пра выбітных герояў-беларусаў, аўтар якога  Валерый Чудаў.

Лічыцца, што пісьменнасць прыйшла на беларускія землі разам з хрысціянствам у канцы X стагоддзя. Перапісваліся на царкоўнаславянскай мове евангеллі і псалтыры, з арыгінальных рэлігійных твораў асабліва вылучаюцца словы, казанні і павучанні прамоўцы і публіцыста ХІІ стагоддзя Кірылы Тураўскага. Аўрамій Смаленскі складаў асобныя зборнікі паводле твораў старажытных царкоўных прапаведнікаў. Сярод узораў старажытнага пісьменства – «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўрамія Смаленскага», напісанае яго вучнем Яфрэмам у Смаленску. А беларуская мова як асобная з’ява з адметнай лексікай і фанетыкай пачала зараджацца ў канцы XIII — пачатку XIV стагоддзяў.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах «СБ. Беларусь сегодня».