Будучыня – ў руках моладзі

Молодежный курьер Общество Официально

На экалагічнай сцежцы “Белакорац”, што ў Валожынскім раёне, адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якія прыехалі сюды на працу. Дыялог праходзіў у фармаце “вечар без гальштукаў”.

Вось такая армія маладога папаўнення прыбыла на працу ў раён.

 Сёлета на Валожыншчыны на першае месца працы прыехалі 167 маладых спецыялістаў у сферы культуры, адукацыі, тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва, раённага аддзела следчага камітэта, вайсковай часці № 30695, лясной гаспадаркі, раённага камбіната бытавога абслугоўвання, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення, аўтапарка № 14, райаграпрамтэхнікі, ільнокамбіната, цэнтральнай раённай бальніцы, сельскагаспадарчага ліцэя і ў сельгаспрадпрыемствы.

 

 Усе сабраліся разам у нефармальнай абстаноўцы, каб пазнаёміцца, абмеркаваць надзённыя пытанні, якія хвалююць маладых спецыялістаў і атрымаць адказ “з першых вуснаў”.

У сваім вітальным слове старшыня райвыканкама Яўген КРУКОВІЧ адзначыў, што будучыня – у руках маладых. “Вы поўныя энергіі, натхнення, сіл, маеце магчымасць праявіць сябе і паказаць, на што здольныя, — падкрэсліў Яўген Міхайлавіч. – Ваша будучыня залежыць толькі ад вас саміх: будзеце старацца, працаваць ад душы – вынік і поспех абавязкова будуць”.

 

Пытанні задае эканаміст КСУП «Валожынскае» Вікторыя БАНАЦКАЯ.

 

 

 

 

 

Пажаданні выказвае ўрач псіхіятр-нарколаг Валожынскай ЦРБ Вераніка ЛІСЕЦКАЯ.

 На дыялогавай пляцоўцы маладыя работнікі ўзнімалі пытанні аб настаўніцтве, умовах быту, транспартных зносінах, набыцці матэрыялу для адкрыцця класа на разьбе з дрэва, абсталяванні баскетбольнай пляцоўкі. Некаторыя з іх адразу ж вырашаліся на месцы.

Пасля размовы ў моладзі была магчымасць пазнаёміцца бліжэй паміж сабой: пасядзець на прыродзе ля вогнішча, пагуляць у дартс і іншыя спартыўныя практыкаванні, пакатацца на веласіпедах, сфатаграфавацца на памяць ля абсталяваных фотазон, патанцаваць.

   

Ксенія ПАЛЯШЧУК, юрыст райаграпрамтэхнікі:

– Працую крыху больш за месяц – паскардзіцца на ўмовы работы не магу: калектыў харошы, дапамогі дастаткова, усё задавальняе. Тым больш, што вярнулася маладым спецыялістам у свой родны горад. Сённяшні дыялог асабіста для мяне быў вельмі цікавы: прысутныя задавалі пытанні і адразу атрымлівалі канкрэтны адказ. Таксама даведалася шмат іншай карыснай інфармацыі. Уразіла і сама нефармальная абстаноўка – дагэтуль не чула, каб сустрэчы з кіраўніцтвам раёна праходзілі так проста і даступна.

Сяргей ЦІМАШКОЎ, старшы лейтэнант медыцынскай службы:

– Прыехаў з Талачынскага раёна. Па родзе дзейнасці – ваенны ўрач, шмат часу ідзе на выкананне асноўных прафесійных абавязкаў, таму пакуль што не паспеў добра азнаёміцца з горадам і ўвогуле з мясцінамі. На дыялогавай пляцоўцы пачуў тое, што хацеў. Безумоўна, такія сустрэчы проста неабходныя для маладых людзей – і для знаёмства, і для далейшых зносін, і для атрымання дакладнай інфармацыі. Хацелася б, каб яны праводзіліся часцей.

Вольга ПЛАТНІЦКАЯ, выхавальніца дзіцячага сада № 3 “Пралеска”:

– Я родам з Брэсцкай вобласці. Скончыла Мінскі педагагічны каледж і па размеркаванні трапіла на работу ў Валожын. Мясцовасць вельмі нязвыклая – пасля нашай раўніны ўразіў горны ландшафт. У калектыве прынялі цёпла і дружалюбна – дапамагаюць, падказваюць, атуляюць клопатам. Сённяшняя сустрэча з першымі асобамі раёна спадабалася – максімальна адкрыты жывы дыялог даў магчымасць атрымаць дакладныя адказы на пытанні, якія мяне дагэтуль хвалявалі.