Работа такая – правяраць

Общество

На мінулым тыдні для правядзення “гарачай лініі” і асабістага прыёму грамадзян у райвыканкам  прыязджаў старшыня Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю Яўгеній Целяціцкі.

Аднак ні за гадзіну, што адводзілася на тэлефонныя званкі, ні за наступную, прызначаную для прыёму грамадзян, да службовай асобы не звярнуўся ніводзін жыхар раёна. Як адзначыў сам Яўгеній Вячаслававіч, такое здараецца даволі рэдка і хутчэй за ўсё сведчыць не аб адсутнасці ў людзей жадання вырашаць хвалюючыя іх пытанні, а аб тым, што пытанні тыя своечасова падымаюцца і здымаюцца на ўзроўні адпаведных ведамстваў ці кіраўніцтва раёна.

Безумоўна, усё, што тычыцца такой суровай службы, як дзяржкантроль, цяжка ўціснуць у рамкі нейкай тэндэнцыі, тым не менш, па словах Яўгенія Вячаслававіча, у цэлым Валожынскі раён супрацоўнікаў міжраённага камітэта ў напружанні не трымае. Праблемы, калі і ўзнікаюць, даволі хутка вырашаюцца, як, напрыклад, падрыхтоўка да ўборачнай кампаніі бягучага года. Працяглы час асобныя моманты перашкаджалі раённаму кіраўніцтву рапартаваць аб абсалютнай дэталёвай гатоўнасці да пачатку жніва, але ў выніку ўсе пытанні вырашыліся. Словы аднаго з кіраўнікоў гаспадарак Валожыншчыны:  “Мы доўга запрагалі, але хутка паехалі” добра адлюстроўваюць гэту сітуацыю.  Валожынскі раён – сельскагаспадарчы, таму кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў  заўсёды патрэбна быць гатовымі да таго, што іх дзейнасць па забеспячэнні харчовай бяспекі заўсёды будзе на кантролі ў камітэце.

Нядаўна падначаленымі Я. В. Целяціцкага завершана праверка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Валожынскага раёна. Зараз яшчэ вядзецца апрацоўка вынікаў вялікай работы. Праведзена праверка і Ракаўскага сельвыканкама, дзе разам са станоўчымі момантамі – такім, як самадастатковаць маюцца і недахопы. Яўгеній Вячаслававіч паабяцаў у бліжэйшы час прадаставіць нашаму выданню матэрыялы для падрыхтоўкі публікацыі.

Падчас сустрэчы з кіраўніком спраў Валожынскага райвыканкама Наталіяй Жукоўскай госць з Маладзечна пацікавіўся, чаму так нязвыкла выгладае сквер у нашым горадзе. Наталія Іванаўна патлумачыла, што ў сувязі з захворваннем некаторых дрэў і таму, што большасць з іх страціла эстэтычны выгляд, было прынята рашэнне аб выдаленні састарэлых насаджэнняў і высаджванні новых. Папярэдне праведзена сустрэча з жыхарамі горада. Кожнаму, хто на яе прыйшоў, дадзены падрабязныя тлумачэнні адносна сітуацыі. Шмат інфармацыі прадастаўлена і ў друку. Таму зараз плошча Свабоды ў Валожыне і сапраўды выглядае не такой, як да яе прывыклі гараджане і госці. Але хутка яна набудзе яшчэ больш утульны і элегантны выгляд і перастане здзіўляць залішняй прасторай. Тым больш, што маладыя дрэўцы, высаджаныя замест зрэзаных,  будуць даволі высокімі (каля 5-і метраў).

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара