Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

6 маладых спецыялістаў размеркаваны сёлета ў калектыў лясгаса. Прыйшлі яны на працу не з 1 жніўня, як большасць выпускнікоў ВНУ і сярэдніх спецыяльных устаноў, а ў лютым-сакавіку, так што некаторыя ўжо паспелі сябе зарэкамендаваць.

Сярод маладых спецыялістаў два мэтавікі, дзеці работнікаў лясгаса. Абодва скончылі Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Руслан Высавень працуе памочнікам ляснічага Вішнеўскага лясніцтва, а Аляксандр Лямбовіч у вясенні прызыў пайшоў служыць у армію, на рабочае месца вернецца пасля дэмабілізацыі. Аляксей Навумавец і Анжаліка Лупіносава пасля заканчэння Полацкага ляснога каледжа працуюць майстрамі лесу Каменскага і Багданаўскага лясніцтваў. Караліна Зянюк вырашыла працягваць вучобу далей і паспяхова паступіла на вочнае аддзяленне ў магістратуру Тэхналагічнага ўніверсітэта. А вось выпускнік ВНУ Ілля Мешчанок толькі нядаўна ўліўся ў калектыў лясгаса, юнак прызначаны на пасаду інжынера па ахове і абароне лесу.

У першыя дні верасня на курсы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўку адправіліся многія медыцынскія работнікі.

 Урач-рэфлексатэрапеўт (загадчык аддзялення медыцынскай рэабілітацыі) Аляксей Сяргеевіч Маскальцаў па 24 снежня будзе праходзіць курсы перападрыхтоўкі па спецыяльнасці мануальная тэрапія. На двухтыднёвых курсах у Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі знаходзяцца ўрач-стаматолаг-тэрапеўт Наталля Уладзіміраўна Гарбачэўская, урач агульнай практыкі райпаліклінікі Ганна Уладзіславаўна Вількевіч, урач-педыятр, загадчыца педыятрычнага аддзялення райбальніцы Святлана Аляксандраўна Старыкевіч, урач-стаматолаг-тэрапеўт Ракаўскай участковай бальніцы Глеб Ільіч Бярозка. Таксама на курсах у Слуцкім медыцынскім каледжы павышае веды медсястра Ракаўскай участковай бальніцы Ганна Васільеўна Кулік. А перападрыхтоўку па спецыяльнасці анестэзіялогія на базе Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа праходзіць медсястра аддзялення анестэзіялогіі і рэабілітацыі райбальніцы Наталля Міхайлаўна Бандарык.

Напярэдадні навучальнага года некалькі дабрачынных акцый правялі супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Для дзяцей-інвалідаў, якія адправіліся ў пачатковыя класы, прайшла акцыя “Разам весела крочыць”. Са сродкаў дабрачыннага марафону “Твары дабро” для іх былі закуплены 5 набораў з канцылярскімі прыладамі. Беларускі саюз жанчын унёс уклад у акцыю “Збяром партфель разам”: для шасці сем’яў невялікага дастатку для 7-і першакласнікаў былі набыты школьныя рукзакі. Таксама мнагадзетныя і малазабяспечаныя сем’і атрымалі гуманітарную дапамогу.

На свята “Кветкі для Агінскага”, якое ў канцы жніўня прайшло ў музейнай сядзібе М.-К. Агінскага ў Залессі, быў запрошаны ансамбль польскай песні “Івянчанка”.

 Як заўсёды, выступленне івянецкіх артыстак было прынята на ўра. Акрамя апладысментаў, дзяўчаты атрымалі задавальнне і непасрэдна ад наведвання сядзібы, дзе былі ўпершыню, знаёмства з яе экспазіцыяй.

З 4 па 11 верасня праходзіць Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі. Кожны яго дзень распісаны і насычаны цікавымі мерапрыемствамі, каб школьнікі і іх бацькі атрымалі дастатковае прадстаўленне, чым могуць іх дзеці займацца ў вольны ад вучобы час. У кожнай установе складзены планы.

У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў Валожыне тыдзень пачаўся з Дня адкрытых дзвярэй “Будзем сябрамі!”. Прайшла прэзентацыя шматлікіх аб’яднанняў па інтарэсах, гульнявая праграма “Цэнтр пазітыву”, музычная гульня “Сем нот”. Таксама школьнікаў чакаюць экскурсія па помніках горада, майстар-класы па ніткаграфіі, валянні з шэрсці – будуць вырабляць божую кароўку, іншыя мерапрыемствы. Мяркую, што кожны знойдзе занятак па душы, прымяненне сваім захапленням.

Не так даўно Івянецкі музей традыцыйнай культуры наведаў аспірант Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Пэнфэй з Кітая разам са сваёй выкладчыцай.

На працягу дня кітайскі госць, які ва ўніверсітэце вывучае культуралогію, дэталёва знаёміўся з культурай і рамёствамі нашага краю.

З 1 верасня адкрыта паляванне на бабра любога полу і ўзросту. Яно будзе доўжыцца да 31 сакавіка 2022 года.

Паляванне дазваляецца ў светлы час сутак ружэйным спосабам з засады, з падыходу, з пад’езду на лодках. Безружэйным спосабам – на норах пасткамі, акрамя петляў, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі. У цёмны час сутак паляваць можна толькі ў прысутнасці прадстаўніка карыстальніка паляўнічымі ўгоддзямі, ружэйным і безружэйным спосабамі.