Хутка наваселле

Общество

У райвыканкаме ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў знаходзяцца больш за 200 шматдзетных сем’яў.  Некаторыя грамадзяне вырашылі будаваць уласны дом. У гэтым выпадку засяленне адкладваецца на гады. Хутчэй ідуць справы ў тых, хто выбраў варыянт кватэры.

На сёння 83 сем’ям прадастаўлены ўчасткі для індывідуальнага будаўніцтва, яшчэ 25 ажыццяўляюць рэканструкцыю таго жылля, якое маецца. Большасць шматдзетных бацькоў для таго, каб палепшыць жыллёвыя ўмовы, скарыстоўваюць мацярынскі капітал, дзяржаўную субсідыю, уласныя сродкі, пры неабходнасці бяруць крэдыт.

Зусім нядаўна ў раёне за магазінам “Еўраопт” у 60-кватэрным доме, узвядзенне якога пачалося ў кастрычніку 2020 года, атрымалі ключы ад уласных кватэр 54 сям’і, дзе выхоўваюцца трое і больш дзяцей. Прычым дзве сям’і пабудавалі адразу па дзве кватэры (2+1 у адным тамбуры). Зусім хутка ў светлых прасторных пакоях (многія гаспадары пажадалі, каб новае жыллё было з аздабленнем)  загучыць дзіцячы смех. Пакуль жа шчаслівыя ўладальнікі нерухомасці заклапочаны набыццём мэблі і з нецярпеннем чакаюць, калі ў іх доме падключаць газ і ваду, каб устроіць пераезд.

Мы пабывалі ў доме № 136 і пазнаёміліся з некаторымі навасёламі.

Надзея і Мілана МОРДАСЫ.

На сустрэчу прыйшла Надзея Мордас з дачкой. Муж і тата Валерый – на працы, старэйшая дачка Насця – у школе, малодшы Давід – у дзіцячым садзе. Таму васьмігадовая Мілана, якая вучыцца ў другую змену, з задавальненнем узяла на сябе ролю экскурсавода па пакоях, дзе прыемна пахне фарбай і шпалерным клеем.  Пакуль сям’я пражывае ў сацыяльным доме. Валерый Аляксандравіч – сірата, таму на вуліцы Партызанскай яму, яго жонцы і дваім дзецям мясцовая ўлада прадаставіла 2-пакаёвую кватэру. Калі ж нарадзіўся малодшы нашчадак, дарослыя зразумелі: час пашыраць жыццёвую прастору. Таму, як толькі атрымалі прапанову сектара жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама стаць дольшчыкамі з дзяржаўнай падтрымкай пры будаўніцтве новага дома і пабудаваць 3-пакаёвую кватэру, адказалі згодай. Маладая маці патлумачыла: шматдзетнай сям’і жывецца няпроста. Да таго ж, каб пагасіць розніцу між поўным коштам кватэры і сумай субсідыі, ім давялося ўзяць у банку крэдыт пад 17%. Гэта значыць, штомесячна будуць выплачваць адчувальную суму. Але яны прывыклі на цяжкасці не наракаць, а змагацца з імі, і ў будучыню глядзець толькі з аптымізмам.

Кацярына СЯКОЧУС з дачкой Кацярынай і сынам Уладзіславам.

У сям’і Сякочус падобная сітуацыя. Вось толькі іх арэнднае жыллё – дом без выгод па вуліцы Савецкай – не такое камфортнае, як кватэра ў сацыяльным доме. Тым не менш Кацярына адзначыла, што яны з мужам Аляксандрам удзячны і за гэты варыянт, які дазволіў мець дах над галавой да доўгачанага моманту атрымання ключоў ад новай кватэры. На сустрэчу Кацярына прыйшла з дзевяцігадовым сынам Уладзіславам і 2-гадовай Кацюшай. Першакласнік Арцём у гэты час – на занятках. Заняты і муж-рамеснік. Але ўжо хутка ўся сям’я пад дахам сваіх трох пакояў і прасторнай кухні будзе разам. Сёння яны, як кажуць, на нізкім старце.

І Кацярына, і Надзея да дэкрэтнага водпуску працавалі прадаўцамі. Адна – у магазіне “Дабраном”, другая – у райспажыўтаварыстве. Абедзве зараз на раздарожжы. Але маладыя, рашучыя і бясконца энергічныя, яны прывыклі рухацца толькі наперад. Сваё жыллё ёсць, сем’і моцныя, дружныя. А магчымасць зарабляць для чалавека, які працы не баіцца, заўсёды знойдзецца. Шматдзетныя матулі менавіта такія.

Жанчыны папрасілі выказаць удзячнасць райвыканкаму за тое, што іх своечасова не проста падштурхнулі на такі адказны, разам з тым прадукцыйны крок, але і выключна даступна тлумачылі кожны момант, які ім давялося перажыць на шляху да наваселля. Сапраўды, толькі той, хто сам прайшоў па шляху будаўніцтва жылля, у поўнай ступені асэнсоўвае, як важна, каб хтосьці з кампетэнтных людзей дапамог унікнуць у тонкасці адказнай справы, патлумачыў правы і абавязкі.    

Напрыканцы нашай сустрэчы кампанія навасёлаў запрасіла мяне наведацца ў іх кватэры напярэдадні навагодніх свят. Абяцалі ёлку, святочны настрой і адказы на ўсе мае пытанні.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара