30 – тэрмін невялікі, але шлях пройдзены значны

Важное Общество Официально

 
Аляксандр САНЮКОВІЧ уручае падарункі ветэранам Надзеі УСЦІЛКА, Ніне КАЛІКОЎСКАЙ і Софіі ВАСІЛЕЎСКАЙ.

На мінулым тыдні ў раённым Цэнтры культуры адбылася ўрачыстасць з нагоды 30-годдзя з дня стварэння адкрытага акцыянернага таварыства “Белаграпрамбанк”.

У святочным вечары  прынялі ўдзел дзеючы калектыў установы і ветэраны працы. У якасці ганаровых гасцей завіталі намеснік старшыні райвыканкама Вольга Багатырова, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік, выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Андрэй Загорскі, дырэктар ЦБП №  605 Мінскага абласнога ўпраўлення № 500 ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк” Сяргей Патапчук. Кожны з іх звярнуўся да прысутных са словамі віншавання, удзячнасці і пажадання поспехаў у няпростай, але такой патрэбнай грамадзянам краіны справе.

Віктар ПАДГАЙСКІ і Таццяна Ціганіна.

Падарункі і шчырае віншаванне даслаў банкаўскім работнікам з Валожына і старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Павел Калаур, які з 1988 па 1993 гады кіраваў Белаграпрамбанкам у нашым райцэнтры. Віншавальны адрас зачытаў сённяшні начальнік  Цэнтра банкаўскіх паслуг № 514 у горадзе Валожыне Рэгіянальнай дырэкцыі па Мінскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” Віктар Падгайскі. У сваім выступленні Віктар Зянонавіч звярнуўся да старонак гісторыі, узгадаў прозвішчы Івана Крукава – першага кіраўніка ашчаднага банка, што быў адкрыты яшчэ да вайны, Канстанціна Сысоева, Уладзіміра Мышлёна, якія працягвалі справу ў пасляваенны час і кіравалі калектывам, калі той базіраваўся ў будынку, дзе зусім нядаўна размяшчалася друкарня.  У 1970 годзе ўстанова пераехала ў новы будынак, у якім калектыў працуе і сёння. Неабходна заўважыць, што і вонкавы выгляд асабняка і ўнутранае аздабленне кабінетаў неаднаразова аднаўляліся з улікам патрабаванняў сучаснасці. Паслядоўна вялася і мадэрнізацыя тэхнічнага аснашчэння ўстановы. З 1993 па 2013 год кіравала валожынскай камандай Белаграпрамбанка Таццяна Ціганіна. Зараз паважаны ветэран працы ўзначальвае раённы Савет ветэранаў. Аднак у сваім кранальным выступленні жанчына, у чыёй працоўнай кніжцы толькі адзін запіс, адзначыла: яе душа і сэрца па-ранейшаму з калектывам.

Сённяшнія супрацоўнікі: Анастасія СЛЮНЬКОВА, Галіна ШЫРОКАВА і Хрысціна ЧЭРНІК.

Хвалюючай старонкай урачыстасці стала ўшанаванне лепшых работнікаў. Ганаровую грамату райвыканкама з рук В. С. Багатыровай атрымала Т. Ф. Ціганіна. Падзякай старшыні райвыканкама адзначаны ветэраны працы Алена Балашка і Ала Буйлава,  спецыялісты Валянціна Лебедзева і Анастасія Слюнькова.  Грамату раённага Савета дэпутатаў В. З. Падгайскаму ўручыў П. І. Бібік. Сам жа Віктар Зянонавіч узнагародзіў пахвальнымі лістамі спецыялістаў Анатолія Баркоўскага, Алену Дзяруга, Ірыну Малюшыцкую, Жанну Маркевіч, Аляксандра Пракаповіча, Алену Ціганіну, Хрысціну Чэрнік, Валянціну Шыманко, Галіну Шырокаву. Памятныя падарункі яшчэ да пачатку ўрачыстасці атрымалі ўсе былыя работнікі ўстановы. Таксама адбыўся прагляд фільма, які спецыяльна да юбілейнай даты створаны па ініцыятыве кіраўніцтва Белаграпрамбанка і апавядае пра кожную вяху яго станаўлення, пашырэння, мадэрнізацыі, супрацоўніцтва з іншымі, у тым ліку і замежнымі, банкамі. Святочны настрой прысутным дапамаглі стварыць артысты раённага Цэнтра культуры, якія падрыхтавалі для юбіляраў невялікую канцэртную праграму.

Заўтра ў Маладзечне адбудзецца абласная ўрачыстасць з нагоды юбілейнай даты, на якой узнагародамі праўлення ААТ “Белаграпрамбанк” плануецца адзначыць і прадстаўнікоў Валожыншчыны.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара