«Урок міру» з афіцэрамі

Молодежный курьер

1 верасня ваеннаслужачыя воінскай часці 30695 правялі ва ўстановах адукацыі «Урокі міру», прынялі ўдзел у школьных мерапрыемствах да Дня ведаў, першых уроках на тэму «У адзінстве беларускага народа – аснова незалежнай краіны». У СШ № 1 г. Валожына, у гімназіі № 1 г. Валожына і ў Пяршайскай СШ пабывалі лейтэнант Яўгеній Камінскі, маёр Дзмітрый Юхноўскі, капітан Станіслаў Вайтовіч. У сваю чаргу ў святочны дзень школьнікаў прынялі і на тэрыторыі воінскай часці.

Афіцэры падчас сустрэч з хлопчыкамі і дзяўчынкамі адзначалі ў прыватнасці, што Беларусь займае важную пазіцыю ў сістэме сучасных міжнародных адносін. Яна з’яўляецца членам Арганізацыі аб’яднаных нацый. Нашай краіне належыць значная роля ў функцыянаванні СНД і Еўразійскай эканамічнай супольнасці. У ходзе сустрэч падкрэслівалася: Рэспубліка Беларусь – незалежная суверэнная дзяржава. Асноўныя каштоўнасці яе народа – мір і стабільнасць, дзякуючы якім можна жыць, вучыцца, працаваць, будаваць і рэалізоўваць планы, ствараць сем’і, выхоўваць дзяцей. Гарантам захавання гэтых каштоўнасцей ва ўсе часы застаюцца Узброеныя Сілы, якія прызнаны аднымі з найбольш эфектыўных у рэгіёне Усходняй Еўропы і Азіі.

І ў ходзе школьных мерапрыемстваў, і ў час экскурсіі па часці школьнікі паспелі задаць мноства пытанняў, на якія атрымалі ад ваеннаслужачых грунтоўныя адказы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ