Былі рады глытку «ліманады»

Культура

Традыцыя праводзіць базар па чацвяргах у Валожыне ідзе з даўніны. У пачатку мінулага стагоддзя гандлёвыя рады размяшчаліся на месцы цяперашняй плошчы.
Зацемна сюды падцягваліся падводы з таварам. А як пачынала віднець, над плошчай узнімаўся зазыўны гул. Гэта гандляры расхвальвалі тавар, спакушалі пакупнікоў. Івянецкія ганчары дэманстравалі моц сваіх збаноў: смела ўдаралі імі адзін аб другі, не прычыніўшы пры гэтым ніякай шкоды. Прадаўцы мануфактурных тавараў выкрыквалі аб дастаўцы самых модных сукенак і фрэнчаў з Варшавы і Вільні, рохкалі ўкормленыя парасяты, бляялі спужаныя авечкі, раўлі каровы, кудахталі куры. Словам, грошы было на што патраціць.
У спякотныя летнія дні то з аднаго, то з другога канца базару чулася зычнае: “Халодная ліманада! Каму ліманаду!” Гандляры прахаладжальнымі напіткамі не маглі доўга трымаць свой тавар на спёцы і стараліся, каб іх покліч сазваў як мага больш пакупнікоў. Бутэлькі з газіроўкай ружовага, салатавага ці жоўтага колераў прадаўцы трымалі ў цэбры з лёдам. Шыпучая вадкасць часам вырывалася, бы той чароўны джын, з сасуда, таму паверх корка рыльца абвязвалася яшчэ і дротам – для страхоўкі.
Прыстасаванне для вытворчасці газіроўкі размяшчалася ў доме па вуліцы Броварнай (цяпер Някрасава) прыкладна ў тым месцы, дзе зараз будынак магазіна “Рытуал”. Ваду набіралі з бліжэйшага калодзежа, фільтравалі і прапускалі праз яе кісларод пад ціскам. Такая вада ў тагачасных гараджан лічылася карыснай, нават урач Фамінскі рэкамендаваў яе ўжываць, асабліва тым, у каго хворыя ныркі. Медык заўсёды падкрэсліваў, што мясцовая калодзежная вада ўтрымлівае шмат вапняку. І ліманад, і чыстая газіроўка хутка пачалі карыстацца попытам. Даходы ў вытворцы рэзка пайшлі ўгору, для далейшага росквіту бізнесу быў арганізаваны нават пракат сіфонаў для хатняга карыстання.
За домам “пана газіроўшчыка” размяшчалася велізарная лядоўня – глыбокі склеп, у якім захоўваліся лёд, снег. За кошт натуральнага холаду ў лядоўні ўвесь час падтрымлівалася нізкая тэмпература, і яе выкарыстоўвалі, як халадзільнік для мяса ці малочных прадуктаў. Кожны год напрыканцы зімы можна было назіраць, як работнікі з піламі і сякерамі «здабывалі» на рэчцы Валожынцы ці на гарадскім возеры глыбы лёду, пасля на санях везлі іх у схованку. Для “кансервацыі” холаду лёд і снег засыпаліся мякіннем. Былі ў Валожыне яшчэ дзве лядоўні: каля старой бальніцы (зараз вуліца Беларуская) і ў братоў Радкевічаў, якія займаліся каўбаснымі вырабамі ў раёне цяперашняга вакзала.
Попытам карыстаўся і сам лёд. Асабліва ён быў патрэбны гаспадарам “Цукерняў” – пані Фрыдзе, пану Марэцкаму і іншым. На тагачасных вітрынах“Цукерняў” красаваліся горы шакаладных цукерак, шакаладных плітак і цэлыя брусы натуральнага шакаладу, якія гаспадыні набывалі для кулінарных мэт. Усё гэта патрабавала ахалоджвання. А яшчэ кожны гандляр салодкай прадукцыяй круглы год займаўся вырабам марожанага. Зімой асартымент быў дваякі – сметанковае і кафейнае, а летам, калі на рынку з’яўляліся спелыя паземкі ці іншыя ягады, марожанае падавалася з фруктовымі напаўняльнікамі. З надыходам гарачай пары года па гораду снавалі людзі і штурхалі перад сабой белыя куфэркі на двух колах. Іх можна было ўбачыць на розных вуліцах, нават у Паніззі ці Келевічах. У тым чароўным куфэрку стаялі дзве круглыя ёмістасці з накрыўкамі, якія круціліся і ўзбівалі сумесь пры прыгатаванні халоднага ласунку. Калі марожаншчык адкрываў накрыўку сваёй скрыні, то яго тут жа абступалі сялянскія дзеці з заціснутымі ў кулачках пяццю грошамі – столькі каштавала адна порцыя. Той жа, хто не меў “капіталу”, пільна трымаў перад сабой два яйкі, такі натуральны абмен таксама дапускаўся. Марожаншчык спецыяльнай машынкай выкладваў “лёды” паміж круглымі вафелькамі і падаваў малому шчасліўчыку халодны невялічкі, але такі жаданы ласунак!
Алена ЗБІРЭНКА.

Традыцыя праводзіць базар па чацвяргах у Валожыне ідзе з даўніны. У пачатку мінулага стагоддзя гандлёвыя рады размяшчаліся на месцы цяперашняй плошчы. Зацемна сюды падцягваліся падводы з таварам. А як пачынала віднець, над плошчай узнімаўся зазыўны гул. Гэта гандляры расхвальвалі тавар, спакушалі пакупнікоў. Івянецкія ганчары дэманстравалі моц сваіх збаноў: смела ўдаралі імі адзін аб другі, не прычыніўшы пры гэтым ніякай шкоды. Прадаўцы мануфактурных тавараў выкрыквалі аб дастаўцы самых модных сукенак і фрэнчаў з Варшавы і Вільні, рохкалі ўкормленыя парасяты, бляялі спужаныя авечкі, раўлі каровы, кудахталі куры. Словам, грошы было на што патраціць. У спякотныя летнія дні то з аднаго, то з другога канца базару чулася зычнае: “Халодная ліманада! Каму ліманаду!” Гандляры прахаладжальнымі напіткамі не маглі доўга трымаць свой тавар на спёцы і стараліся, каб іх покліч сазваў як мага больш пакупнікоў. Бутэлькі з газіроўкай ружовага, салатавага ці жоўтага колераў прадаўцы трымалі ў цэбры з лёдам. Шыпучая вадкасць часам вырывалася, бы той чароўны джын, з сасуда, таму паверх корка рыльца абвязвалася яшчэ і дротам – для страхоўкі. Прыстасаванне для вытворчасці газіроўкі размяшчалася ў доме па вуліцы Броварнай (цяпер Някрасава) прыкладна ў тым месцы, дзе зараз будынак магазіна “Рытуал”. Ваду набіралі з бліжэйшага калодзежа, фільтравалі і прапускалі праз яе кісларод пад ціскам. Такая вада ў тагачасных гараджан лічылася карыснай, нават урач Фамінскі рэкамендаваў яе ўжываць, асабліва тым, у каго хворыя ныркі. Медык заўсёды падкрэсліваў, што мясцовая калодзежная вада ўтрымлівае шмат вапняку. І ліманад, і чыстая газіроўка хутка пачалі карыстацца попытам. Даходы ў вытворцы рэзка пайшлі ўгору, для далейшага росквіту бізнесу быў арганізаваны нават пракат сіфонаў для хатняга карыстання. За домам “пана газіроўшчыка” размяшчалася велізарная лядоўня – глыбокі склеп, у якім захоўваліся лёд, снег. За кошт натуральнага холаду ў лядоўні ўвесь час падтрымлівалася нізкая тэмпература, і яе выкарыстоўвалі, як халадзільнік для мяса ці малочных прадуктаў. Кожны год напрыканцы зімы можна было назіраць, як работнікі з піламі і сякерамі «здабывалі» на рэчцы Валожынцы ці на гарадскім возеры глыбы лёду, пасля на санях везлі іх у схованку. Для “кансервацыі” холаду лёд і снег засыпаліся мякіннем. Былі ў Валожыне яшчэ дзве лядоўні: каля старой бальніцы (зараз вуліца Беларуская) і ў братоў Радкевічаў, якія займаліся каўбаснымі вырабамі ў раёне цяперашняга вакзала. Попытам карыстаўся і сам лёд. Асабліва ён быў патрэбны гаспадарам “Цукерняў” – пані Фрыдзе, пану Марэцкаму і іншым. На тагачасных вітрынах“Цукерняў” красаваліся горы шакаладных цукерак, шакаладных плітак і цэлыя брусы натуральнага шакаладу, якія гаспадыні набывалі для кулінарных мэт. Усё гэта патрабавала ахалоджвання. А яшчэ кожны гандляр салодкай прадукцыяй круглы год займаўся вырабам марожанага. Зімой асартымент быў дваякі – сметанковае і кафейнае, а летам, калі на рынку з’яўляліся спелыя паземкі ці іншыя ягады, марожанае падавалася з фруктовымі напаўняльнікамі. З надыходам гарачай пары года па гораду снавалі людзі і штурхалі перад сабой белыя куфэркі на двух колах. Іх можна было ўбачыць на розных вуліцах, нават у Паніззі ці Келевічах. У тым чароўным куфэрку стаялі дзве круглыя ёмістасці з накрыўкамі, якія круціліся і ўзбівалі сумесь пры прыгатаванні халоднага ласунку. Калі марожаншчык адкрываў накрыўку сваёй скрыні, то яго тут жа абступалі сялянскія дзеці з заціснутымі ў кулачках пяццю грошамі – столькі каштавала адна порцыя. Той жа, хто не меў “капіталу”, пільна трымаў перад сабой два яйкі, такі натуральны абмен таксама дапускаўся. Марожаншчык спецыяльнай машынкай выкладваў “лёды” паміж круглымі вафелькамі і падаваў малому шчасліўчыку халодны невялічкі, але такі жаданы ласунак!
Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий