У Валожыне на адну праблему стане менш – камунальнікі прыняліся за ачыстку гарадскога возера

Кругозор Общество

Некалькі гадоў назад штучны вадаём у самым цэнтры Валожына пачаў хутка зарастаць. Валожынцы рэгулярна, з нагоды ці без, у прыватных размовах між сабой і ў мясцовай групе «ВКонтакте» абмяркоўвалі гэту праблему. Па звестках Mlyn.by.

Тэрыторыя вакол возера – улюбёнага месца адпачынку мясцовых пенсіянераў, матуль з дзецьмі, наведвальнікаў кафэ «Мара» – неаднаразова добраўпарадкоўвалася. Тут разбілі клумбы, высадзілі маладыя дрэўцы, прывялі ў належны выгляд старыя каштаны, усталявалі сучасную дзіцячую пляцоўку і светлавую арку з лагатыпам выратавальнікаў. А вось паверхня вадаёма да гэтага часу заставалася недагледжанай.

Таму сёння намаганнямі мясцовых камунальнікаў вядуцца работы па ачыстцы возера ад водарасцяў. А гэта значыць, што з наступленнем цёплых вясновых дзянькоў на прылеглай да вадасховішча тэрыторыі зноў можна будзе сустрэць аматараў рыбалкі, палюбавацца моладдзю, пачуць галасы дзяцей і нават пакатацца на катамаранах. А фотаздымкі на фоне прыгожага ландшафта гараджанам і гасцям нашага старажытнага горада не сорамна будзе размясціць у сацыяльных сетках.