Не проста служба – лад жыцця

Закон и порядок Общество Официально

12 верасня 2011 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 409 “Аб стварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь” шляхам аб’яднання следчых падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю і пракуратуры створана самастойнае ведамства – Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

З той пары прайшло 10 гадоў. За гэты час служба, што з’яўляецца адным з важнейшых звёнаў праваахоўнай сістэмы нашай дзяржавы, уносіць значны ўклад у барацьбу са злачыннасцю.

Напярэдадні святочнай даты мы сустрэліся з кіраўніком раённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўнікам юстыцыі Віталіем Юрэвічам, які згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.

– Віталій Лявонавіч, ад рэдакцыі “Працоўнай славы” прыміце віншаванні з юбілеем! Дзесяць гадоў – дастатковы тэрмін, каб падвесці пэўныя вынікі, зрабіць высновы з папярэдняй дзейнасці і намеціць планы на будучыню…

– Сапраўды так. Першае, што хачу адзначыць: Валожынскі РАСК займае адно з лідзіруючых становішчаў на Міншчыне сярод следчых падраздзяленняў сваёй катэгорыі. За гады існавання структуры праз рукі супрацоўнікаў прайшло звыш 4500 крымінальных спраў, каля 1700 з іх разгледжаны судом. Мы двойчы (2013 г. і 2017 г.) прызнаваліся лепшымі па выніках работы за год сярод падобных падраздзяленняў цэнтральнага рэгіёну. Што тычыцца планавання… Ведаеце, наша работа такая, што здольна падкарэкціраваць любыя планы. Мы залежым ад крымінагеннай абстаноўкі. Таму задача ў нас адна: як мага больш поўна і своечасова разбірацца з кожнай справай, незважаючы на ступень яе цяжкасці, і тым самым ствараць славу Следчага камітэта як фарміравання, якое ўсебакова, аб’ектыўна і аператыўна змагаецца са злачыннасцю метадамі, устаноўленымі крымінальна-працэсуальным заканадаўствам Беларусі.

 – Следчыя органы – адзін з важнейшых элементаў сістэмы нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Таму іх ролю цяжка пераацаніць. На чым, па Вашым меркаванні, трымаецца сіла і моц Следчага камітэта?

– Як і ў любой структуры, незалежна ад яе кірунку, галоўная каштоў-

насць – людзі. У нашым выпадку гутарка ідзе не проста пра дружны калектыў, дзе ўсе падтрымліваюць адзін аднаго. Справа ў тым, што кожны з нашых  супрацоўнікаў (а гэта 13 чалавек, 9 з якіх – следчыя) – на сваім месцы, сапраўдны прафесіянал, які прыйшоў выключна свядома. Выпадковыя людзі ў нас, калі і здараюцца, надоўга не затрымліваюцца.

 – Відавочна, з нагоды юбілею многія з іх атрымаюць узнагароды?

– Так, асабліва заслужаныя супрацоўнікі абавязкова будуць адзначаны. Сярод членаў калектыву ўжо маюцца ўладальнікі звання “Лепшы следчы Валожынскага РАСК” – старшыя следчыя маёры юстыцыі Юлія Селятыцкая, Сяргей Лапцік, Аксана Гульба (пайшла на павышэнне). Гэта спецыялісты, якім пад сілу самыя заблытаныя справы.

–  Што стаіць за знешнім спакоем людзей у форме Следчага камітэта?

– Адкажу так: жорсткі самакантроль і добрае разуменне мэт і задач нашай работы. Пагружэнне ў перыпетыі любой, нават нескладанай, крымінальнай гісторы – занятак не для слабанервных. Што ж казаць пра злачынствы, вынікам якіх становіцца смерць… Увогуле, лёгкіх спраў у нашай рабоце не бывае, бо за кожнай – лёсы, характары, жыццёвыя драмы, нават трагедыі.

–   І здарыцца гэта трагедыя можа днём, а можа ноччу…

– Правільна заўважылі. Мы не можам ведаць, дзе і калі адбудзецца дарожна-транспартнае здарэнне, ці чыйсьці крымінальны розум народзіць думку адносна крадзяжу, разбою ці забойства. Менавіта таму камітэт працуе без выхадных дзён круглыя суткі. Гэта значыць, што, акрамя паўсядзённых клопатаў па высвятленні фактаў ужо распачатых спраў, нашым супрацоўнікам даводзіцца несці дзяжурства, каб у выпадку чаго, узначаліўшы следча-аператыўную групу, выехаць на месца здарэння, незважаючы на лічбы на гадзінніку.

– Што пажадаеце калектыву, які ўзначальваеце столькі ж, колькі ён існуе?

– Я жадаю кожнаму свайму, не пабаюся гэтага слова, саратніку здароўя, поспеху, удачы і дзелавога настрою на складаную, але такую патрэбную для захавання стабільнасці і парадку службу. Нашым дарагім сем’ям, што забяспечваюць тыл людзей у форме, зычу цярпення і здольнасці прымаць мужоў і жонак, татаў і матуль такімі, якія яны ёсць, – прафесіяналамі следчых органаў. У святочны дзень хачу пажадаць поспеху і ўсім нашым партнёрскім структурам, з кім разам даводзіцца змагацца  з ворагам мірнага насельніцтва краіны – злачыннасцю. Здароўя і дабрабыту ўсім!

Маёр юстыцыі Юлія СЕЛЯТЫЦКАЯ – адзін з самых вопытных следчых Валожынскага РАСК.

 У органах  гэта прыгожая і энергічная жанчына ўжо 16 гадоў. Яшчэ ў час вучобы ў СШ № 2 яна інтуітыўна аддавала перавагу прадметам, што патрэбны для паступлення на юрыдычныя спецыяльнасці, а ў вольны час з асалодай пагружалася ў свет складаных спраў, якімі займаліся любімыя героі дэтэктыўных раманаў. Пасля таго, як атрымала дыплом Акадэміі МУС, нейкі час практыкавала ў якасці юрыста ў ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”. Работа не напружвала, нават здавалася лёгкай, ды і зарплата задавальняла. Але гэтай бландзінцы было сумна і цесна ў рамках такой банальнай дзейнасці. Таму, калі атрымала прапанову з РАУС паспрабаваць свае сілы ў следстве, згадзілася з ахвотай. Муж і бацькі падтрымалі, а больш вопытныя калегі (у першую чаргу людзі, якіх лічыць настаўнікамі, – Васілій Віршыч і Анатолій Стасяловіч) шчодра дзяліліся набытым вопытам. Дарэчы, вучыць чалавека, які хоча вучыцца, – справа прыемная. А Юлія Генрыхаўна менавіта з такіх. Яна, раз і назаўсёды палюбіўшы следчую справу, апантана ўнікае ў кожную дробязь. Для яе разблытаць нават самы складаны клубок падзей, што нанізаліся на факт злачынства, – справа гонару. Пры такой рабоце здавалася б, дзе знайсці час на асабістае жыццё? А вось Юлія Селятыцкая паспявае ўсё. Перад намі не толькі паспяховы афіцэр, але цудоўная жонка і пяшчотная матуля двух сыноў і дачкі.

 Адна з традыцый валожынскага калектыву – уручэнне службовага пасведчання супрацоўніка Следчага камітэта маладым следчым падчас агульнага афіцэрскага сходу. Напярэдадні юбілею віншаванні ад саслужыўцаў, а важны дакумент з рук В. Л. Юрэвіча атрымала Таццяна ЛІШТВАН.

 Дар’я МІХАЙЛАВА на службе ў Следчым камітэце з 2014 года.

 За гэты час паспела пабываць у дэкрэтным водпуску. Зусім нядаўна, адправіўшы трохгадовую дачушку Кіру ў дзіцячы сад, капітан юстыцыі зноў прыступіла да абавязкаў следчага. Хоць у свой час дыплом атрымала ў грамадзянскай установе адукацыі, у органы прыйшла свядома, да таго ж яе муж – супрацоўнік унутраных спраў. Таму з яго боку разуменне і падтрымка чароўнай жонкі  заўсёды забяспечана. Дар’я Васільеўна ўпэўнена: у яе спецыфічнай рабоце галоўнае – належны псіхалагічны настрой і ўменне ставіць сябе на месца чалавека, у чыю душу неабходна зазірнуць, каб дайсці да самой існасці ў справе раскрыцця злачынства. Яна, як і яе калегі, атрымлівае сапраўдную асалоду ад моманту, калі ў крымінальную справу ўпісаны апошні радок і вынік шматдзённых клопатаў лічыцца гатовым для разгляду ў судзе. Між іншым, нямногія ведаюць, што за гэтым стаіць значны пласт карпатлівай работы з абавязковым аналізам кожнай дробязі і ўменнем выдзеліць галоўную з мноства зафіксаваных дэталей.

 Старонку падрыхтавала Валянціна КРАЎНЕВІЧ