Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава “Івянец у міжваенны перыяд”, якая будзе працаваць цэлы год. Выстава прымеркавана да новага дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства.

У экспазіцыі прадстаўлены польскія газеты і часопісы 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя, фотаздымкі салдат і афіцэраў 6-га батальёна корпуса памежнай аховы, які з 1924 па 1939 гады кватараваў у Івянцы. Дастаткова многа дакументаў таго часу на польскай мове, сярод якіх асабістыя пашпарты і пашпарт на каня, іншыя. Цікавасць уяўляе альбом, зроблены Івянецкім дрэваапрацоўчым камбінатам, дзе сабрана шмат фатаграфій даваеннага перыяду – 1940-1941 гадоў. Увогуле, падчас выставы ўбачаць свет многія рэчы і дакументы, якія доўгі час захоўваліся ў музейных фондах.

Выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прынялі ўдзел у дыстанцыйным творчым конкурсе “Беларусь, я табой ганаруся!” сярод людзей з інваліднасцю, прысвечаным Дню народнага адзінства. Гэты конкурс садзейнічае ўдзелу інвалідаў у паўнацэнным жыцці грамадства, патрыятычнаму выхаванню. Ён доўжыцца з 23 жніўня па 20 верасня і праходзіць у 4 этапы.

Ад нашага аддзялення адпраўлены на конкурс некалькі работ у асобных намінацыях. У конкурсе малюнкаў будуць удзельнічаць работы Вольгі Чалоўскай і Ларысы Радзівіла. На конкурс чытальнікаў “Люблю свой край” адпраўлены відэаролік, дзе Аляксей Палазнік чытае верш Юрыя Баравіцкага “Беларусь мая, мая мілая!”. На фотаконкурс “Мая сям’я – мая краіна” прадстаўлены калаж з фотаздымкаў, падрыхтаваны сям’ёй Максіміліяна Сванідзэ з Валожына. Аб выніках конкурсу стане вядома пасля 17 верасня.

У мінулым годзе некалькі ўстаноў адукацыі нашага раёна ўдзельнічалі ў гуманітарным праекце Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь “Прыступкі да поспеху”. А ў сакавіку 2021 года стала вядома, што перамог дзіцячы сад № 2 “Вясёлка” з райцэнтра. Для знаёмства з дашкольнай установай яе наведаў намеснік пасла. Каля 19 тысяч долараў атрымае дзіцячы сад на вызначаныя ў праекце мэты.

 Першая частка грошай ужо асвоена: новая зручная мэбля ўпрыгожыла пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, напярэдадні 1 верасня ў дашкольнай установе з’явіліся інтэрактыўная дошка і ў камплекце з ёй – наўтбук і шматфункцыянальнае ўстройства (прынтар, сканер і ксеракс). На радасць дзятве і выхавальнікам завяршаецца абсталяванне новай спартыўнай пляцоўкі, якая будзе даступна ў любы час года. Пасля дэмантажу старой пакладзена штучнае пакрыццё і ўстаноўлены спартыўны комплекс і іншае абсталяванне, тут можна будзе гуляць у футбол. Падчас другой часткі праекта будуць набыты гульнявыя дапаможнікі і вулічнае абсталяванне.

 6 верасня ў Вілейцы прайшло абласное свята, прысвечанае 100-годдзю Таварыства Чырвонага Крыжа. На яго былі запрошаны старшыня раённай арганізацыі Антаніна Трацэўская і валанцёр Святлана Борыс.

Падчас урачыстасці была арганізавана экскурсія па горадзе, знаёмства з мясцінамі, звязанымі з Першай сусветнай вайной, дзейнасцю шпіталя, дзе вялікую ролю сыгралі сёстры міласэрнасці Чырвонага Крыжа. У той дзень таксама парадаваў гасцей дабрачынны канцэрт вядомага цыганскага ансамбля “Алюр”.

У гэтыя дні ў карыстанні работнікаў Валожынскага краязнаўчага музея было надзвычай цікавае выданне, выдадзенае ў 2014 годзе ў Мінску. Гэта кніга Сяргея Стрэнкоўскага “Свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі праваслаўных прыходаў Лідскага і Ашмянскага паветаў у ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў”.

Тут змешчаны біяграфіі святароў, дыяканаў, дзячкоў, псаломшчыкаў, царкоўных стараст і іншых блізкіх да царквы людзей, багата ілюстрацыйнага матэрыялу. Дарэчы, ёсць фота адноўленай на валожынскіх могілках царквы, якое датуецца 1904 годам. Увогуле, на 436 старонках выдання сабрана шмат карыснай інфармацыі па нашым раёне, у прыватнасці, якую музейшчыкі занатоўваюць для сябе, каб у далейшым мець магчымасць карыстацца гэтымі звесткамі.

569 адзінак малочнай прадукцыі на суму 1042 рублі 74 капейкі паступіла ў раённае Таварыства Чырвонага Крыжа. Таксама дастаўлены 8 прадуктовых і 8 гігіенічных набораў для мнагадзетных сем’яў, дзе даход на аднаго чалавека ніжэйшы за 250 рублёў. З абласной арганізацыі перададзена больш за 600 кілаграмаў адзення і абутку, сабраных жыхарамі Мінска.

Малако і смятану фірмы “Прастаквашына”, напітак-сыроватку атрымалі 53 чалавекі. Сярод іх – 32 мнагадзетныя і 4 няпоўныя сям’і, 13 інвалідаў, 3 адзінокія ветэраны працы, 1 чалавек з месцаў пазбаўлення волі.