“Сёння робіцца ўсё магчымае, каб падвоз дзяцей ажыццяўляўся максімальна бяспечна”.

Общество

Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч ШАКУН:

Бясплатным падвозам школьнікаў ахоплены вучні, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. У новым навучальным годзе падвоз школьнікаў арганізаваны ў 19 установах адукацыі: 3 дзіцячых яслях-садах, 10 вучэбна-педагагічных комплексах дзіцячы сад-сярэдння школа, 5 адзінаццацігодках і ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Магчымасць цэнтралізавана даехаць да храма ведаў маюць 1118 рабят са 144 населеных пунктаў раёна: з іх – 151 дзіця дастаўляецца ў дашкольныя ўстановы, 967 вучняў падвозяцца ў школы. Сёлета колькасць дзяцей павялічылася на 40 чалавек.

Штодзень падвоз ажыццяўляецца па 147 маршрутах агульнай працягласцю па раёне амаль 3200 кіламетраў. У справе задзейнічаны 15 школьных аўтобусаў, 25 вучняў дастаўляюцца рэйсавым транспартам аўтапарка № 14. Варта адзначыць, што тэрытарыяльна населеныя пункты ў нашым раёне параскіданы, таму нагрузка на транспарт вялікая.

Сёння робіцца ўсё магчымае, каб падвоз дзяцей ажыццяўляўся максімальна бяспечна: супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі кантралююць усе маршруты, праводзіцца вялікі комплекс мерапрыемстваў па навучанні вадзіцеляў – патрабаванні, што прад’яўляюцца да вадзіцеляў школьных аўтобусаў, дастаткова высокія. У кожным аўтобусе ёсць педагог, які нясе адказнасць за бяспеку падвозу дзяцей, іх пасадку і высаджванне ў строга адведзеных для гэтага месцах.