СТАРТ ДА НОВЫХ ЗДАБЫТКАЎ НА ФІНІШЫ ГОДА

Общество

Ключавым звяном у павышэнні дабрабыту людзей з’яўляецца эканоміка. Не выпадкова гэта пытанне заўсёды ў эпіцэнтры ўвагі мясцовай улады. Чарговы этап зробленага аналізу –  вынікі дзевяці месяцаў. З улікам пройдзенага шляху яшчэ можна ўзяць рэванш і паправіць сітуацыю, бо да завяршэння вытворчага года застаюцца амаль два месяцы. Вектары максімальнага прыкладання сіл вызначаны: ужо сёння дакладна ясна, што яшчэ больш узмоцнена трэба працаваць па пяці напрамках. У тым ліку па росту паказчыка  экспарту паслуг, забяспечыць рэнтабельнасць продажу ў сельскагаспадарчых арганізацыях.  Неабходна дасягнуць станоўчага сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі, трэба  павялічыць інвестыцыі ў асноўны капітал.

На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое вёў кіраўнік раённай вертыкалі У. А. Наумовіч, дэталёва разглядалі стан спраў у прамысловай галіне, у аграрным сектары. Мовай лічбаў аналізавалася, дзе і калі прадпрыемствы раёна ўпусцілі сваю эканамічную выгаду, дзе недапрацавалі па ўкараненню інавацыйных тэхналогій, і як цяпер эфектыўна ліквідаваць адставанне, “падцягнуць” да мінімуму мінусавыя паказчыкі…

У якасці адной з асноўных прычын дапушчанага адставання называлася наступная:  многія суб’екты гаспадарання не займаліся  мэтанакіравана тэхнічным пераўзбраеннем вытворчасці. А са старым “багажом” далёка не заедзеш. Удзельная вага затрат на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў у агульным аб’ёме інвестыцый у асноўны капітал за 9 месяцаў склала 22,8 працэнта пры прагнозе 42 працэнты.

Сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне – гэта гарантыя якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі на рынку. Не хапае ўласных сродкаў,– можна карыстацца банкаўскімі крэдытамі, набываць тэхніку па лізінгу, настойліва шукаць іншыя спосабы абнаўлення абсталявання. Больш прагматычнымі ў гэтым плане аказаліся камерцыйныя структуры, якія наперад скрупулёзна пралічылі эканамічную выгаду ад мадэрнізацыі вытворчасці і не пашкадавалі грошай на гэту важную справу. Многія з іх амаль у тры разы павялічылі асігнаванні на перааснашчэнне вытворчасці.

Як паказваюць вынікі дзевяці месяцаў, не ўсё гладка ідзе і ў сельскай гаспадарцы. І не толькі “няўстойлівае, капрызнае надвор’е” тут вінавата. У сваім выступленні на пасяджэнні райвыканкама першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу П. У. Жалняровіч у ліку асноўных прычын зніжэння эфектыўнасці назваў і такую: адсутнасць у многіх гаспадарках кваліфікаваных кадраў, у тым ліку ветурачоў, заатэхнікаў, загадчыкаў фермаў, начальнікаў участкаў. У некаторых СВК слабая кармавая база жывёлагадоўлі, таму і надоі малака, прывагі жывёлы нізкія. Але  асобныя гаспадаркі, на жаль, нават і ў перыяд, калі паспеў новы ўраджай зерневых культур, таксама не змаглі карэнным чынам палепшыць паказчыкі ні па надоях малака, ні па вытворчасці мяса. Справа, відаць, не столькі ў адсутнасці канцэнтратаў для жывёлы, а і ў праліках вытворчай, тэхналагічнай дысцыплін. На жаль, сапраўднымі лакаматывамі ў павышэнні прадукцыйнасці жывёлагадоўлі раёна яшчэ ў поўнай меры не сталі комплексы ў Сакаўшчыне і Паморшчыне, што ля Ракава.

У час пасяджэння райвыканкама ў якасці станоўчых прыкладаў называлася арганізацыя вытворчых спраў  у  ААТ “ Манькаўшчына “ і “Пугачы”. Прагучалі папрокі ў адрас  МАУПТ “Падбярэззе”. Многія сельгаспрадпрыемствы самастойна спраўляюцца са сваімі праблемамі і сезоннымі клопатамі. А вось падбярэзцам часта прыходзіцца аказваць “шэфскую дапамогу”. У многіх гаспадарках няма належнай патрабавальнасці да кадраў рабочага і ўпраўленчага звёнаў. Не заўсёды ўнікліва аналізуецца такі аспект: ці падмацаваны рэальнымі эфектыўнымі справамі васьмігадзінны рабочы дзень,  які пазначаны ў табелі.

На пасяджэнні райвыканкама прагучалі заўвагі ў адрас ААТ “ПМК-188” і іншых прадпрыемстваў.

У ліку асноўных пытанняў было абмеркавана  выкананне арганізацыямі і ўстановамі раёна мерапрыемстваў, скіраваных на папярэджванне пажараў і гібелі людзей. З дакладам, які суправаджаўся відэарадам, выступіў начальнік раённага аддзела МНС А. І. Скадорва. Падрабязна гэтую тэму мы раскрыем у нашым штомесячным інфармацыйным выпуску “Веснік МНС” у бліжэйшых нумарах раёнкі.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий