ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ – 102

Происшествия

ПРЫХАПІЎ ПІЛУ

Нідзе не працуючы жыхар Іўеўскага раёна ў пошуках лёгкай нажывы завітаў “у госці” на пілараму, якая належыць жыхару Валожына. Нічога, што візіт адбыўся ноччу, ды і дзверы былі зачыненымі. “Умелец” даволі проста пранік у памяшканне і вынес адзіны, але нятанны трафей – бензапілу. У сувязі з чым зараз дае паказанні.

СВАЁ АЎТО ДАРАЖЭЙ

Узбуджана крымінальная справа ў адносінах да галоўнага інжынера аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Валожыншчыны. Малады мужчына, карыстаючыся службовым становішчам, уносіў непраўдзівыя звесткі ў афіцыйныя дакументы аб устаноўцы закупленых запасных частак на службовыя транспартныя сродкі, а на самай справе ўстанаўліваў дэталі на ўласны аўтамабіль. Праверкай займаецца раённы аддзел Следчага камітэта.

ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ РАЗ

На 84-м кіламетры аўтадарогі М-6 “Мінск-Гродна” адбылося дарожна-транспартнае здарэнне, у якім пацярпелі шэсць чалавек. Вадзіцель аўтамабіля “Міцубісі Грандзіс” не ўлічыў метэаўмовы і стан дарожнага пакрыцця, дапусціў занос і выехаў за межы праезнай часткі дарогі, пасля чого сутыкнуўся з грузавым аўтамабілем “Форд” у сцэпцы з паўпрычэпам. У выніку пасажыры “Міцубісі” атрымалі траўмы і апынуліся на бальнічных ложках. Вадзіцель, што дапусціў ДТП, быў цвярозым, аднак да гэтага выпадку 18 разоў плаціў штрафы за парушэнні Правіл дарожнага руху.

СПРОБА ВЫКРУЦІЦЦА

У агароджу дома жыхара вёскі Ратынцы заехаў аўтамабіль. Вадзіцель разам з транспартным сродкам знік з месца здарэння. Пацярпелы звярнуўся ў РАУС. Неўзабаве супрацоўнікі міліцыі высветлілі, што на дачы ў вёсцы Выганічы знаходзіцца аўтамабіль “Міцубісі” з пэўнымі пашкоджаннямі, якія маглі ўзнікнуць пры сутыкненні. Аднак гаспадар аўтамабіля, знаходзячыся ў нецвярозым стане, тут жа заявіў, быццам яго маёмасць у той час, калі адбылося здарэнне, была ўгнана невядомымі. Вось дык зладзеі! Пакаталіся і вярнулі машыну гаспадару!

ЗНОЎ МАХЛЯРСТВА

Адразу дзве  крымінальныя справы па фактах крадзяжоў грашовых сродкаў з карт-рахункаў жыхароў Валожыншчыны ўзбуджаны раённым аддзелам Следчага камітэта.  У жыхара вёскі Гардынава шляхам мадыфікацыі канфідэнцыяльнай інфармацыі з карт-рахунка, адкрытага ў ААТ “Беларусбанк”, невядомыя асобы знялі 115 рублёў. У другім выпадку злачынцы шляхам увядзення ў комплексную сістэму працэсінгавага цэнтра ЗАТ “МТБ Банк” заведама непраўдзівай інфармацыі адносна правамернага ўладальніка банкаўскай плацежнай карты атрымалі доступ да грашовых сродкаў жыхаркі Валожына, пасля чаго з  карт-рахунка пацярпелай зніклі 800 рублёў.

ПОШУК

У РАУС звярнуўся ўнук жыхара вёскі Буды. Малады чалавек заклапочаны тым, што яго дзядуля, 1957 года нараджэння, сышоў з дому і даволі доўга адсутнічае. Па яго звестках, пажылы чалавек можа знаходзіцца ў кампаніі з прадстаўнікамі цыганскай нацыянальнасці.

НЕПАПРАЎНАЕ

Ва ўласным доме, што знаходзіцца ў Ракаве, пайшоў з жыцця жыхар Мінска 1971 года нараджэння. Як папярэдне ўстаноўлена, сляды гвалтоўнай смерці адсутнічаюць. Вядзецца праверка.

Матэрыял па міліцэйскіх

зводках падрыхтавала

Валянціна КРАЎНЕВІЧ