Выконваем правілы

Безопасность и здоровье Закон и порядок

АДАІ Валожынскага РАУС нагадвае пешаходам, веласіпедыстам і вадзіцелям гужавых транспартных сродкаў аб неабходнасці выконваць правілы руху па дарогах.

Асноўнай прычынай дарожна-транспартных здарэнняў з азначанай катэгорыяй удзельнікаў з’яўляецца ігнараванне імі Правіл дарожнага руху, а таксама адсутнасць у цёмны час сутак святлоадбівальных элементаў на адзенні пешаходаў і фар (ліхтароў), што выпраменьваюць белае і чырвонае святло на веласіпедах і гужавых павозках.

Неабходна разумець: вадзіцель не здольны імгненна спыніць аўтамабіль, каб пазбегнуць наезду. А пешаходы, веласіпедысты ці тыя, хто кіруе гужавымі павозкаму (асабліва калі яны ў п’яным выглядзе), часта паводзяць сябе на дарозе нелагічна, неасцярожна, а, бывае, і агрэсіўна.

 За 8 месяцаў бягучага года ў раёне з удзелам пешаходаў зарэгістраваны 4 дарожна-транспартныя здарэнні  (2020 г. – 2), у якіх 1 пешаход загінуў (у 2020 г. – 2) і 3 (2020 г. – ніводнага) атрымалі цялесныя пашкоджанні, 3 (2020 г. – 2) пешаходы знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

3 красавіка 2021 года каля 21.42 29-гадовы вадзіцель аўтамабіля “Фольксваген Пасат”,  ажыццяўляючы рух па аўтадарозе Валожын-Вішнева-Клім, ля вёскі Шчаўканы здзейсніў наезд на п’янага 35-гадовага пешахода-жанчыну, якая не была пазначана святлоадбівальнікам. У выніку чаго пацярпелая атрымала траўмы і была шпіталізавана.

 14 красавіка 2021 года каля 23.05 44-гадовы вадзіцель аўтамабіля “Додж Караван” на вуліцы Савецкай у райцэнтры наехаў на п’янага 31-гадовага пешахода, які таксама ў выніку трапіў у бальніцу.

 18 мая 2021 года каля 6.20 73-гадовы вадзіцель на аўтамабілі “Нісан Прымера” бліз вёскі Пярэжары наехаў на жанчыну, якая атрымала цялесныя пашкоджанні.

 26 чэрвеня 2021 калі 23.35 38-гадовы вадзіцель аўтамабіля “Вольва ХС60” здзейсніў наезд на п’янага 34-гадовага пешахода, які ад атрыманых пашкоджанняў памёр на месцы здарэння.

 Пешаходы абавязаны помніць, што, згодна з Правіламі, яны павінны рухацца па тратуары, пешаходнай ці веладарожцы, а пры іх адсутнасці – па абочыне дарогі. У выпадку адсутнасці ўказаных элементаў ці пры немагчымасці руху па іх дапускаецца рух па краі праезнай часткі насустрач транспарту. Пры гэтым пешаход, які рухаецца па праезнай частцы, павінен абазначыць сябе святлоадбівальным элементам.

Пераходзіць дарогу неабходна па пераходах (падземным, надземным, наземным).  Пры адсутнасці пераходаў неабходна для пераходу выбраць участак дарогі, дзе з двух бакоў добра відаць дарога, і абавязкова пазначыць сябе святлоадбівальнікам.

 Ажыццяўляць рух на веласіпедзе можна па веласіпеднай дарожцы. Пры яе адсутнасці – па абочыне, тратуары ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкод для бяспечнага руху пешаходаў. Пры адсутнасці названых элементаў дапускаецца рух па краі праезнай часткі дарогі ў адзін рад не далей за 1 метр ад яе правага краю. Веласіпед павінен быць абсталяваны спераду святлоадбівальным элементам белага, ззаду – чырвонага, а з кожнага боку – аранжавага колеру. Пры руху ў цёмны час сутак на веласіпедзе павінны быць уключаны: спераду фара (ліхтар), які выпраменьвае белае святло, ззаду – ліхтар, што выпраменьвае чырвонае святло.

 Рух па праезнай частцы дарогі на гужавых транспартных сродках дазваляецца толькі ў адзін рад на адлегласці не больш за 1 метр ад яе правага краю. Павозка павінна быць абазначана спераду святлоадбівальнікам белага, ззаду – чырвонага колеру. Пры руху ў цёмны час сутак і (ці) пры недастатковай бачнасці спераду павінен быць уключаны ліхтар з белым, а ззаду з чырвоным святлом.

  За парушэнні ПДР пешаходам, веласіпедыстам і вадзіцелем гужавых транспартных сродкаў, згодна з часткай 1  артыкула 18.20 КоАП Рэспублікі Беларусь, наступае адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання ці штрафу ў памеры ад 1 да 3 базавых велічынь (ад 29 да 87 рублёў), а, згодна з часткай 2 артыкула 18.20 КоАП, пешаходы, веласіпедысты і вадзіцелі гужавых павозак, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 3 да 5 базавых велічынь (ад 87 да 145 рублёў). Калі ж парушэнне названымі ўдзельнікамі дарожнага руху цягне за сабой стварэнне аварыйнай сітуацыі, то, згодна з часткай 3 артыкула 18.20 КоАП, яны будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ад 3 да 8 базавых велічынь (ад 87 да 232 рублёў). Калі ў выніку аварыі пацярпеламу нанесены лёгкія цялесныя пашкоджанні, ці адбылося пашкоджанне транспартнага сродку, грузу, дарожнага пакрыцця, дарожных і іншых збудаванняў ці маёмасці, то, згоднна з часткай 4 артыкула 18.20  КоАП, яны будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 5 да 20 базавых велічынь (ад 145 да 580 рублёў).

Паважаныя ўдзельнікі дарожнага руху! Калі вы бачыце паблізу ці на праезнай частцы дарогі пешаходаў, веласіпедыстаў і вадзіцеляў гужавых транспартных сродкаў з прыкметамі ап’янення, якія ствараюць небяспеку для руху, просім паведаміць пра гэта на тэлефонную лінію 102.

Вадзім ПАСЕКА,

старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ