У адзінстве наша сіла!

2021 - Год народнага адзінства Без рубрики Общество

На Валожыншчыне адбыўся велапрабег “У адзінстве наша сіла!”, прымеркаваны да Дня народнага адзінства.

Арганізатарам спартыўна-ідэалагічнага мерапрыемства стала раённая арганізацыя ГА “Беларускі саюз жанчын”. Сваёй ініцыятывай актывісткі арганізацыі – прадстаўніцы розных устаноў і прадпрыемстваў Валожыншчыны – пастараліся падкрэсліць каштоўнасць такіх важных для чалавецтва паняццяў, як мір, стабільнасць і згода ў грамадстве.

Спартыўны бок велапрабегу стаў заклікам яго ўдзельніц да ўсіх жанчын далучацца да фізічнай культуры і тым самым умацоўваць уласнае здароўе і здароўе нацыі. Узначаліла калону веласіпедыстак старшыня раённай арганізацыі  Галіна Рай.

Маршрут прабегу пралягаў па самых жывапісных мясцінах Налібоцкай пушчы. Першы прыпынак быў зроблены ў вёсцы Белакорац ля помніка у гонар загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны землякоў. У памятным месцы жанчыны ўсклалі кветкі і ўшанавалі памяць ахвяр фашызму хвілінай маўчання. Здавалася, нават сама прырода падтрымала ўдзельніц прыгожай акцыі – неба, з якога ласкава ўсміхалася амаль летняе сонца,  ззяла яркім, а галоўнае мірным, блакітам. Надвор’е дазволіла спартсменкам, актывісткам і сапраўдным прыгажуням у час чаяпіцця на ўлонні прыроды абмеркаваць важныя задачы, што стаяць сёння перад Саюзам жанчын. У прыватнасці – магчымасці прадстаўніц арганізацыі ў імкненні да забеспячэння шчаслівай будучыні маладога пакалення беларусаў.

 

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара