Валожын. На старт! Увага! За Беларусь!

2021 - Год народнага адзінства Общество

У рамках Дня народнага адзінства, якое будзе святкавацца ў нашай краіне 17 верасня, сёння ў Валожыне прайшоў Усебеларускі лёгкаатлетычны забег “За Беларусь!”.

У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь, школьнікі, навучэнцы ліцэя, спартсмены, а таксама аматары актыўнага адпачынку. Маршрут руху быў вызначаны ў самім горадзе Валожыне і склаў 1 кіламетр 600 метраў. Удзельнікі мерапрыемства прабеглі па вуліцах Карла Маркса, Савецкай, Беларускай, Партызанскай.

Цудоўны настрой і зарад бадзёрасці атрымаў кожны!

Прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь і школьнікі Валожына актыўна прынялі ўдзел ва Усебеларускім лёгкаатлетычным забезе “За Беларусь!”. Некаторыя з іх падзяліліся сваімі думкамі і ўражаннямі.

Максім БАБОНАЎ, ваеннаслужачы вайсковай часці 30695:

 – Шчыра кажучы, у мяне з учарашняга дня распачаўся водпуск, і сёння з раніцы я павінен быў ехаць да бацькоў. Калі ж даведаўся пра лёгкаатлетычны забег “За Беларусь!”, што праходзіць у рамках Дня народнага адзінства, вырашыў крыху затрымацца і абавязкова паўдзельнічаць у такім важным для нашай краіны мерапрыемстве, а ў паездку адпраўлюся пасля полудня.

Кацярына САДОЎСКАЯ, настаўнік пачатковых класаў гімназіі № 1 г. Валожына:

 – Я, як і мае калегі настаўнік матэматыкі Дар’я Уладзіміраўна Амельяновіч і выхавацель групы падоўжанага дня Анастасія Аляксандраўна Дзедавец, – малады спецыяліст. 1 верасня мы ўпершыню ўвайшлі ў класы ў якасці педагогаў. Як толькі стала вядома, што ў Валожыне адбудзецца забег “За Беларусь!”, вырашылі абавязкова быць яго ўдзельнікамі. Гэта добрая падстава сваім прыкладам выхоўваць у вучняў актыўную грамадзянскую пазіцыю, любоў да Радзімы, патрыятызм.

Пётр ГАТОЎСКІ, механік райаграпрамтэхнікі:

– На пляцоўку каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу мы з сябрам Мікалаем Юр’евічам Цвірко завіталі аднымі з першых, бо добра разумеем важнасць і адказнасць моманту. Мы любім і ганарымся сваёй краінай, а таму лічым за гонар прыняць удзел у мерапрыемстве “За Беларусь!”. Яго арганізатары ўдала выбралі маршрут забегу: цэнтральныя вуліцы горада, гэта, упэўнены, дадало цудоўны настрой многім жыхарам і гасцям Валожына, што сталі яго сведкамі.

 

Ганна ІВАШКЕВІЧ, кіраўнік фізічнага выхавання Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя:

– Нашу навучальную ўстанову на забезе разам са мной прадставілі майстар вытворчага навучання Юрый Мікалаевіч Пракопчык і навучэнец Арцём Запольскі. Лічу, што маршрут даўжынёй у 1 кіламетр 600 метраў здольны пераадолець кожны, тым больш гэта не спаборніцтвы, дзе трэба прыкласці шмат намаганняў, каб дабіцца выдатных вынікаў. Тут жа важна было паказаць сваё нераўнадушша да лёсу роднай Беларусі.

Сяргей ЖВІРКО, загадчык Гародзькаўскай амбулаторыі:

 – Разам са сваімі калегамі – намеснікам галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Ганнай Валер’еўнай Шурыгінай і загадчыкам педыятрычнага аддзялення Наталляй Валер’еўнай Ажарэльевай я з задавальненнем завітаў на лёгкаатлетычны забег “За Беларусь!”. Па-першае, такім чынам мы змаглі праявіць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, а па-другое – умераныя фізічныя нагрузкі ўмацоўваюць здароўе.

Гутарыла Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара