Выраблена на Валожынскім хлебазаводзе: не проста брэнд, а знак якасці

Кругозор Общество

З 1 чэрвеня Валожынскі хлебазавод узяло ў арэнду гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Аблкаапгандаль”. З прыходам новага гаспадара работа тут значна ажывілася: павялічыліся рынкі збыту і пашырыўся асартымент выпускаемай прадукцыі. А самае галоўнае – у людзей ёсць работа.

Безумоўна ж, вытворчасць дасталася незайздросная – з вялікімі даўгамі і на стадыі ліквідацыі. Працавалі па запатрабаванасці: ноччу выпякалі хлеб, а ўдзень – невялікія аб’ёмы кандытарскіх вырабаў, якія гатаваліся, можна сказаць, уручную. Прадукцыя пастаўлялася ў асноўным на мясцовы рынак: у магазіны горада і раёна. Калектыў складаўся з 46 чалавек – на сённяшні дзень ён не павялічыўся.

Адраджэнне пачалося з мадэрнізацыі: закупілі машыну-аўтамат для вырабу пячэння. Каб максімальна задаволіць попыт пакупніка, папрацавалі над асартыментам і ўпакоўкай. Стаўку зрабілі на якасць – уся прадукцыя натуральная, без харчовых Е-дабавак. Тэхнолаг Наталля Палуянчык распрацавала некалькі традыцыйных рэцэптаў: цукровае “Смак дзяцінства”, “Апетытнае”, “Да чаю”, “Сустрэча”. Згодна з сучаснымі запатрабаваннямі, яно расфасавана і ўпакавана ў кардонныя скрыначкі вагой ад 300 грамаў да 3 кілаграмаў. Захоўваецца да 5 месяцаў. Таму, набываючы ў гандлёвай сетцы пячэнне, абавязкова звярніце ўвагу на вытворцу: калі там будзе напісана ГУП “Аблкаапгандаль”, значыць, выраблена на Валожынскім хлебазаводзе. А гэта, як і ў савецкі час, не проста брэнд, а знак якасці.

Набылі і машыну для ўпакоўкі хлеба – такія правілы прадыктаваны складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй ва ўсім свеце. Пачалі выпякаць новы від хлеба пад назвай “Калядны”: гэта фармавы хлеб з сумесі мукі 1-га гатунку і аржаной з дабаўленнем солі, вады і дражджэй. Ізноў жа – без усялякіх дабавак. Асаблівы акцэнт вытворцы робяць на захаванне старажытных традыцый выпякання хлеба: ён выпякаецца ў печы, зробленай з цэглы, якая з’яўляецца аналагам рускай печы, з душой і любоўю. Ну а пра смакавыя якасці нашага хлеба і ўвогуле казаць не варта: калі разразаеш свежы бохан, з яго ідзе прыемны кіславаты пах, які адразу ж абуджае апетыт. Таксама на хлебазаводзе аднавілі выпуск кісялю.

Зразумела, каб быць на плаве, трэба пашыраць рынкі збыту. Акрамя спажыўцоў, якімі з’яўляюцца буйныя гандлёвыя сеткі – “Еўраопт”, “Дабраном”, “Капеечка”, валожынская прадукцыя цяпер пастаўляецца на паліцы магазінаў суседніх раёнаў: Маладзечанскага, Вілейскага і Мядзельскага. Закуплены новы аўтамабіль для развозкі хлеба.

Як адзначыў дырэктар ГУП “Аблкаапгандаль” Віталій Сызранцаў, сама абласная база кааператыўнай прамысловасці працуе з 60-х гадоў мінулага стагоддзя. “Акрамя аптовага гандлю харчовымі і нехарчовымі таварамі, мы маем сеткі кніжных магазінаў і магазінаў па продажы спіртных напіткаў “Градус” па Мінскай вобласці, – расказаў Віталій Аляксеевіч. – Займаемся нарыхтоўкай і перапрацоўкай мяса, дзеля чаго ёсць жывёлазабойныя пляцоўкі ў Валожыне, Салігорску і Крупках; маюцца пункты прыёму металалому. Яшчэ адзін від дзейнасці – продаж ветэрынарных прэпаратаў. Дарэчы, апошнія кірункі вызначыліся каля трох гадоў таму. Досыць цесна працуем з сельгаспрадпрыемствамі: праз іх сетку пастаўляюцца прадукты харчавання на кухні харчаблокаў гаспадарак у гарачую пару. І вось зараз асвойваем новы напрамак – выраб хлеба. Карыстаючыся магчымасцю, хацелася б падзякаваць асабіста намесніку старшыні Валожынскага райвыканкама па эканоміцы Вользе Багатыровай за садзейнічанне ў арганізацыі ўзаемадзеяння нашага прадпрыемства з гандлёвымі аб’ектамі Валожыншчыны”.

Будзем спадзявацца, што ўзяты курс, заснаваны на традыцыях і якасці і такі актуальны ў наш час, абавязкова прынясе плён.

Алена ЗАЛЕСКАЯ