Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

З 1 па 30 верасня на Міншчыне праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў.

Уклад у месячнік можа ўнесці кожны жыхар нашага раёна, навёўшы ўзорны парадак ля сваёй сядзібы, дома, пад’езда, а таксама ў месцах агульнага карыстання, ля помнікаў. Надзвычай прыемна, што менавіта ў гэтыя дні камунальнікі ўспомнілі пра гарадское возера ў цэнтры Валожына і прыступілі да яго ачысткі.

316 хлопчыкаў і дзяўчынак у раёне развіталіся сёлета з дашкольнымі ўстановамі і змянілі статус дзетсадаўца на першакласніка. А 282 чалавекі занялі іх месцы ў садаўскіх групах.

Аднак 54 шасцігодкі па жаданні бацькоў у школу не пайшлі і яшчэ год будуць наведваць дзіцячы сад. У дашкольных установах павялічваецца колькасць груп інтэграванага навучання і выхавання. Такіх груп у раёне 13 плюс адна спецыялізаваная ў дзіцячым садку № 6 “Вясёлы вулей”. Увогуле, дашкольныя ўстановы ў райцэнтры, а таксама ў Ракаве і Выганічах перапоўнены. Заняты ўсе 230 месцаў і ў Івянцы. У цэлым жа на вёсцы назіраецца сітуацыя са змяншэннем дзяцей дзетсадаўскага ўзросту. Перапоўнены толькі Гародзькаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа.

У райцэнтры даволі многа пустуючых адміністрацыйных будынкаў, якія не эксплуатуюцца па некалькі гадоў. Значныя плошчы вызваліліся на другім паверсе пошты пасля пераезду ў новы будынак прадстаўніцтва Белдзяржстраху. А вось узяць іх у арэнду, размясціць там новую вытворчасць альбо офіс мясцовыя і немясцовыя прадпрымальнікі чамусьці не спяшаюцца.

Апошнім часам рух назіраецца ля адміністрацыйнага будынка райспажыўтаварыства, якое прапануе ўзяць у арэнду асобныя кабінеты, альбо комплекс іх на першым паверсе і нейкую частку на другім. Жадаючыя паціху з’яўляюцца. Неўзабаве гараджане даведаюцца, хто прапісаўся ў гэтым будынку і якія паслугі тут можна будзе атрымаць.

29 фіналістак праекта “Міс Беларусь-2021” 1 верасня наведалі Івянецкі дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця.

На чале групы прыгажунь з усёй Беларусі была даўняя сяброўка выхаванцаў Марыя Чачко з Універсітэта культуры і мастацтваў, якая таксама ўвайшла ў лік фіналістак. Марыя пастаянна прыязджае ў гэту ўстанову са студэнтамі-валанцёрамі і стварае для дзяцей святы ў звычайныя будныя дні. Дзяўчына арганізавала ўласны дабрачынны фонд “Голас сэрца”. Для гасцей правялі экскурсію па доме-інтэрнаце, яны мелі права пабываць на першым уроку. А пасля адбыўся сумесны салодкі стол, ласункі да якога прывезлі прыгажуні.

Працягваюць збіраць ураджай дыпломаў члены народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”. Іх рунь родзіць добра.

Марыя Мучынская стала фіналісткай міжнароднага літаратурнага конкурсу “Чатыры сезоны жыцця”, куды даслала вершы “Время” і “Ангел любви”. Яны ўвайшлі ў аднайменны зборнік. Па выніках 1-га Міжнароднага паэтычнага конкурсу прэміі “Садружнасць” лаўрэатамі сталі адразу тры “рунеўкі”. Па тры вершы Наталлі Жызнеўскай, Людмілы Садоўскай на рускай мове і Марыі Мучынскай на беларускай увайшлі ў 11 нумар альманаха “Славянская ліра”. Яго выдае Міжнародная літаратурная асацыяцыя Расіі, Сербіі, Балгарыі.

Населеныя пункты нашага раёна ў апошні час станавіліся здымачнымі пляцоўкамі расійскіх кінематаграфістаў. Фільмы здымалі ў Ракаве і на хутары ля вёскі Юзэфова Валожынскага сельсавета.

Больш за тыдзень працавалі кінематаграфісты ў Ракаве, дзе здымалі сцэны камедыйнага серыяла “Абсурд”. Здымкі вяліся ў доме акцёра, ураджэнца Ракава Анатоля Голуба, які таксама здымаўся ў ім, у кабінеце старшыні сельвыканкама, на пляцоўцы ля касцёла, на аграсядзібе “Коні-поні” і інш. У серыяле задзейнічаны Андрэй Мярзлікін, Аляксей Маклакоў, Юрый Чурсін, Ганна Старшэнбаўм, Вікторыя Палтарак, беларускія акцёры Ігар Сігаў і Алег Гарбуз. Хто канкрэтна з іх удзельнічаў у ракаўскіх сцэнах, высветліць не ўдалося. Таксама летам на тэрыторыі нашай краіны пачаў здымаць карціну з рабочай назвай “Праведнік” вядомы рэжысёр Сяргей Урсуляк. У яе аснове сапраўдная гісторыя подзвігу партызана Мікалая Кісялёва, якога называюць рускім Шындлерам. У гады вайны ён перавёў праз лінію фронту больш за 200 вязняў Даўгінаўскага гета. Галоўныя ролі ў гэтай ваеннай драме сыгралі Аляксандр Яцэнка, Чулпан Хаматава, Канстанцін Хабенскі, Фёдар Дабранраваў, Сяргей Макавецкі і іншыя. На хутары ля вёскі Юзафова была пабудавана хата, дзе адбывалася дзеянне. Па сюжэце яе потым спалілі. Здымкі праходзілі ноччу. З рэквізітам дапамагаў старшыня Валожынскага сельвыканкама Віктар Комель.