Адказваюць за бяспеку грамадзян

Безопасность и здоровье Общество Ступені поспеху

Па выніках эфектыўнай работы па прадухіленні гібелі людзей ад знешніх прычын Падзякамі старшыні райвыканкама адзначаны старшыні Івянецкага гарпасялковага і Вішнеўскага сельскага выканкамаў Тэрэза Ліпніцкая і Марына Траццяк.

 З мэтай пастаяннага кантролю за тым, як у кожным домаўладанні выконваюцца правілы бяспекі, сочаць спецыяльныя назіральныя камісіі, што дзейнічаюць пры кожным сельвыканкаме. У іх склад уваходзяць прадстаўнікі мясцовай улады, медыкі, педагогі, сацыяльныя работнікі, інспектары ТЦСАН, участковыя інспектары міліцыі, прадстаўнікі РАНС, аўтарытэтныя грамадзяне.

Пры наведванні дамоў члены камісіі ў першую чаргу звяртаюць увагу на наяўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў,  дасканаласць пячнога ацяплення (цэласнасць дзверцаў, топачны ліст, шчыліны), стан электрычнай праводкі і іншага электраабсталявання, а таксама на санітарны стан жылля, паводзіны гаспадароў (злоўжыванне алкаголем, курэнне). Па выніках наведвання запаўняецца спецыяльная ўліковая форма. Пры неабходнасці інфармацыя накіроўваецца суб’ектам прафілактыкі: калі ў сям’і маюцца дзеці – у школу, калі грамадзяне адносяцца да катэгорыі адзінокіх – у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, калі да адзінока пражываючых – іх дзецям, у выпадку калі ўладальнікі дома вядуць асацыяльны лад жыцця – у РАУС.

Штотыднёва назіральныя камісіі накіроўваюць справаздачы ў РАНС і штомесячна – у раённы Савет дэпутатаў. Галоўная задача агульнай дзейнасці – прадухіленне гібелі людзей.

Як паведаміла Марына Іосіфаўна Траццяк, за паўгоддзе камісіяй, якую яна ўзначальвае, абследаваны 1403 домаўладанні (48%), у тым ліку ўсе шматдзетныя сем’і, адзінока пражываючыя і адзінокія жыхары.

Добрая ў азначаным кірунку карціна і ў гарадскім пасёлку. Тут з пачатку года па цяперашні час абследаваны  больш за тысячу (72%)  домаўладанняў. Па выніках праверак накіраваны 60 лістоў самім грамадзянам і арганізацыям па вырашэнні пытанняў пажарнай бяспекі.

Узнагароды Т. Я. Ліпніцкай і М. І. Траццяк падчас пасяджэння раённага выканаўчага камітэта ўручыў кіраўнік раённай улады Яўгеній Круковіч.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара