ТУТ ПІШАЦЦА ДОБРА…

Побач са змешаным старасвецкім лесам, наводшыбе вёскі Бурмакі ёсць невялікі хутарок, дзе ўжо дваццаць гадоў ад самай ранняй вясны і “аж да белых мух” жыве Алесь Пісарык – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі.

Мяккія, лірычныя інтанацыі загучалі ў вершах, што ўвайшлі ў першы зборнік “Ліставір”. У творчым багажы ўжо звыш дваццаці зборнікаў паэзіі,  усе вершы пранікнёна лірычныя. Стрымана піша паэт аб паўсядзённым жыцці. Лёс Бацькаўшчыны знайшоў сваё адлюстраванне на старонках кніг. А колькі напісана вершаў пра малую радзіму – вёску Дукора!

Там трынаццацігадовым школьнікам ён пачаў пісаць. Першыя вершы былі сатырычныя, друкаваліся ў раённай газеце “Сцяг працы” ў Пухавічах. Тады ж, каб не быць выкрытым аднавяскоўцамі, пра якіх пісаў у гумарыстычных вершах, Аляксандр Уладзіміравіч Пісарчык стаў падпісваць свае вершы іменем Алесь Пісарык.

Пасля службы ў арміі, у 1975 годзе, Алесь Пісарык працаваў у газеце “Чырвоная змена”. Літаб’яднанне газеты мела добрыя стасункі з тагачасным літаб’яднаннем нашай раённай газеты “Працоўная слава”. Тады і пачалося супрацоўніцтва з Пятром Біталём, Валянцінай Русакевіч, Міхасём Курылам, Віктарам Шніпам.

Віктар Гардзей у прадмове да зборніка “Пакуль гарыць мая зара” піша: “Зборнік мае тры раздзелы: першы – гэта ўвогуле шчырая сыноўняя споведзь А. Пісарыка перад роднай Беларуссю, другі прысвечаны бацькам, усім добрым і прыветным беларусам, трэці і, можа, ці не самы хвалюючы раздзел – то моцны, сканцэнтраваны, вялікім пачуццём паэтычны сказ пра пяшчотнае каханне”.

Алесь Пісарык акрамя вершаў піша і нарысы. У яго ёсць задумка расказаць пра шчырых, добрасумленных, таленавітых, працавітых жыхароў нашай вялікай вёскі Дубіны, напісаць гісторыю станаўлення, развіцця ААТ “Агра-Дубінское”.

Вучні нашай школы, сустрэўшыся з Алесем Пісарыкам напярэдадні Дня беларускага пісьменства, пачулі з вуснаў паэта не толькі вершы, але і песні. Каля дваццаці пяці вершаў паэта пакладзены на музыку кампазітарам Уладзімірам Гаркушам з Вішнева. Выдадзены зборнік песень, на жаль, невялікім тыражом.

Мабыць, большасць творчых задумак А. Пісарыка была рэалізавана ў Бурмаках. Як кажа Алесь: “Тут, у Бурмаках, цішыня, спакой. Тут можна падумаць перад небам, перад Богам. Душа адпачывае, не хлусіць, пішацца добра, лёгка”.

Паэт параіў нам, вучням, паспрабаваць пісаць вершы, якія ён з задавальненнем прачытае, дасць парады будучым творцам слова.

Насця САЛОМКА,

вучаніца 7 класа Дубінской базавай школы.

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars