Стаўрапаль – Валожын

Кругозор Общество

У Валожынскі краязнаўчы музей прыйшоў цікавы ліст ад калег з г. Стаўрапаля. У Стаўрапольскім дзяржаўным музеі-запаведніку захоўваецца аэрафотаздымак, дзе адлюстравана частка цяперашняй тэрыторыі Валожынскага раёна. У здымка вельмі багатая і незвычайная гісторыя, якой з намі ахвотна падзяліліся.

Навуковыя супрацоўнікі расійскага музея высветлілі, што гэта фота рускіх вайскоўцаў-авіятараў. Фатаграфіі больш за сто гадоў! Як аэраздымак трапіў у Стаўрапаль, не ўстаноўлена. Вядома, што стаўрапольцы ваявалі ў складзе 10-й арміі, дзе быў зроблены здымак, – уваходзячы ў яе 2-і Каўказскі корпус фарміраваўся ў Каўказскай ваеннай акрузе, куды ўваходзіла Стаўрапольская губерня.

На аэрафотаздымку адлюстравана пакрытая снегам раўніна з участкамі лесу, крутыя павароты ракі Бярэзіны і чыгунка. На адваротным баку фатаграфіі ёсць подпіс на рускай мове:

“№ 750 – Углы-Мильковщина. Снято летчиком наблюдателем 34-го Корпусного авиационного отряда поручиком Гончаровым при полете с командиром отряда военным летчиком капитаном 2-го ранга Н. А. Яцуком 30-го января 1917 года в 16-м часу на аппарате Румплер с высоты 1100 м (аппар. Потте)”. Вёска Вуглы – кропка аэраздымкі. Вуглы – былы Падбярэзскі, а зараз Вішнеўскі сельсавет. На сённяшні дзень у ёй знаходзяцца пяць сядзіб, дзе пражываюць 15 чалавек.

Рускія ваенна-паветраныя сілы да пачатку Першай сусветнай вайны складаліся з падраздзяленняў, якія называліся авіяатрадамі. У першы дзень мабілізацыі ў Школе авіяцыі Імператарскага ўсерасійскага аэраклуба з выкладчыкаў і выпускнікоў быў сфарміраваны авіяатрад – Асобы добраахвотніцкі, пазней быў перайменаваны ў 34-ы карпусны авіяатрад, камандаваў ім М. А. Яцук.

 Мікалай Аляксандравіч Яцук (1884-1930) – легендарная асоба ў гісторыі авіяцыі – стаяў каля вытокаў гідрапланіравання, палярнай авіяцыі, авіяцыйнай медыцыны. Ён распрацаваў спецыяльную методыку, якую прымяняў пры падрыхтоўцы лётчыкаў-навічкоў да вылету пад агонь ворага. Складаў вершаваныя радкі, дзе былі названы населеныя пункты пэўнай мясцовасці фронту. Лётчыкі павінны былі вывучыць на памяць верш і здаць залік камандзіру перад вылетам. У адным з такіх вершаў былі радкі, што тычыліся мясцовасці з дасланага нам фотаздымка: “А южнее “пистолета” (так называўся лес, што мае форму браўнінга і густа насычаны непрыяцельскай артылерыяй) есть особая примета: деревень там очень много и железная дорога. Гуты там, Рогалевщина, есть Затишье, Мельковщина, два фольварка”… Гэтыя простыя рыфмы з лёгкасцю запаміналіся самі сабой і маглі выратаваць жыццё лётчыку пры складаных сітуацыях або раненнях. Дарэчы, М. А. Яцук быў узнагароджаны залатой зброяй “За адвагу” падчас вылетаў у гэты дзень, 30 студзеня, і за атрыманыя каштоўныя фотаздымкі і разведінфармацыю.

 Акрамя лётчыкаў, у атрадзе служылі лётчыкі-назіральнікі, іх называлі “летнабамі”. Менавіта яны вялі аэрафотаздымку, адстрэльваліся з кулямёта. Гэты здымак быў зроблены паручнікам Мікалаем Ганчаровым (1895-?). На фота ёсць штамп яшчэ аднаго “летнаба” – ад’ютанта атрада Мікалая Рахманінава (1893-1917) – зводнага брата вядомага рускага кампазітара Сяргея Рахманінава.

34-ы авіяатрад адносіўся да 10-й арміі, што трымала абарону ў Беларусі і базіравалася недалёка ад мястэчка Валожын. Усе пазіцыі непрыяцельскай артылерыі, выяўленыя на здымках, наносіліся на ваенныя карты і перадаваліся ў штаб гэтай арміі, які знаходзіўся ў горадзе Маладзечна.

Валожынскі краязнаўчы музей вельмі ўдзячны Стаўрапольскаму дзяржаўнаму музею-запаведніку за цікавую інфармацыю, якая дапаўняе звесткі пра перыяд Першай сусветнай вайны на тэрыторыі нашага краю.

Таццяна ВАСІЛЬЕВА,

навуковы супрацоўнік Валожынскага музея