УСЕ СЦЯЖЫНКІ ВЯДУЦЬ ПРАЗ МАМІНА СЭРЦА

Культура

У кожнай маці, кожнай жанчыны свой лёс, свая жыццёвая сцяжынка, на якой сустракаліся і радасць, і шчасце, і нягода.

У цэнтры фальклору ў вёсцы Ракаў неаднаразова выстаўляліся незвычайныя экспанаты – цудоўныя, прыгожыя рэчы, зробленыя рупнымі, спрытнымі рукамі Яўгеніі Мікалаеўны Харужык і Марыі Іванаўны Шумскай.

Яўгенія Мікалаеўна нарадзілася ў вёсцы Харужы Яршэвіцкага сельсавета ў 1935 годзе. У ваенны час зведала сапраўдны страх і трывогу за сваё жыццё і жыццё матулі, якая брала маленькую Яўгенію на заданні партызанскага атрада…

У пасляваенны час Яўгенія скончыла Яршэвіцкую дзесяцігодку, потым – Валмянскую гаспадарчую школу, дзе атрымала асновы бухгалтарскай навукі. У 1958 годзе выйшла замуж за хлопца-аднавяскоўца Івана. Нарадзілася ў сям’і Харужыкаў чацвёра дзяцей.

Лёс не песціў гэту прывабную жанчыну. Паднімаць дзетак, выводзіць у людзі давялося адной. Пераехаўшы ў Ракаў, Яўгенія паступіла і паспяхова скончыла Навапольскі тэхнікум. Працавала кладаўшчыком, бухгалтарам. Нягледзячы на вялікую хатнюю гаспадарку, удзельнічала ў спартыўнай секцыі, з поспехам адстойвала гонар гаспадаркі на раённых спаборніцтвах, у калектыве мастацкай самадзейнасці (мае прыгожы голас і цудоўна дэкламуе вершы).

Любоў да рукадзелля Яўгеніі прывіла настаўніца Яршэвіцкай школы. Дзяўчына захапілася вышыўкай крыжыкам, гладдзю, вязаннем шыдэлкам. Нягледзячы на штодзённыя клопаты і цяжкую сялянскую працу, Яўгенія Мікалаеўна знаходзіла час для любімай справы. Познімі вечарамі яна брала іголку, і ў працавітых руках на белым, як снег, палатне расцвіталі кветкі, мудрагелістыя ўзоры, якія цешаць вока і радуюць душу.

Хачу напісаць некалькі радкоў і пра таленавітага педагога Марыю Іванаўну Шумскую. З 1963 года яна працавала настаўніцай матэматыкі ў Ракаўскай школе. Амаль паўвека Марыя Іванаўна прысвяціла педагагічнай працы. Мае шэраг Ганаровых грамат і Падзяк за шматгадовую працу на ніве асветы. У 1975 годзе атрымала званне Заслужанага настаўніка Беларусі, узнагароджана знакам “Выдатнік народнай асветы”, медалямі “Ветэран працы”, “Выдатнік працы” і інш., яна 25 гадоў з’яўлялася дэпутатам Ракаўскага сельскага Савета.

Марыя Іванаўна выгадавала дзяцей, дачакалася ўнукаў і праўнукаў, а на адпачынку займалася вышыўкай, ткацтвам. Колькі ручнікоў, сурвэтак старанна вышыты рукамі гэтай прыгожай працавітай жанчыны, напэўна, і не злічыць, і кожная рэч адметная, непаўторная.

Вёска Ракаў багатая на слаўных жанчын-маці. Асаблівай павагі заслугоўвае Лізавета Станіславаўна Пятроўская, якая атрымала званне “Жанчына года” за духоўнае адраджэнне па выніках 2010 года. Нядаўна Лізавета ў якасці дэлегата ад Беларускага саюза жанчын прымала ўдзел на ўрачыстай сустрэчы з намеснікам старшыні Савета Міністраў А. А. Тозікам.

Лізавета ТАЎГЕНЬ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *