ЗА ВАЙНЫ КАЛЮЧЫМ ДРОТАМ І ЗА СЦЕНАМІ ЖЫЦЦЯ

Культура

Іван і Ніна ажаніліся зусім маладымі, калі ім споўнілася па васемнаццаць. Былі яны аднагодкі, жылі ў суседніх вёсках і ведалі адзін аднаго з малых гадоў. Абзавяліся ўласнай зямлёй, займелі гаспадарку – дасталася ў спадчыну разам з домам ад Іванавага бацькі. У 1936-м нарадзіўся ў іх першы сын, неўзабаве з’явіўся на свет і другі. Марылі толькі, каб добра выхаваць дзяцей. Здавалася, жыць бы і радавацца – але простае сямейнае шчасце перакрэсліла вайна…

Паклікалі на зборны пункт і Івана – змагацца на польскім баку супраць фашысцкай Германіі. Ніна праводзіла мужа, мужчына ішоў, узяўшы дзяцей на рукі. Развітанне было горкім, балючым: нібыта ведаў, што адыходзіць назаўсёды. Прадчуванні збыліся. Не, Іван не загінуў на фронце, лёс яго склаўся інакш. У першыя дні вайны трапіў у палон, разам з іншымі апынуўся ў Лідзе, у лагеры, які размяшчаўся ў голым полі, дзе і даху над галовамі нават не было.

Пайшлі чуткі, што немцы адпускаюць палонных, калі па іх прыйдзе маці з пасведчаннем аб нараджэнні або жонка – з пасведчаннем аб шлюбе. Узяла Ніна дакументы і рушыла ў Ліду пешшу. Цягніком дабірацца было небяспечна: варожыя самалёты часта бамбілі чыгунку і эшалоны. Па дарозе далучылася да такіх, як сама: па сваіх мужоў ішло шмат жанчын. Лагер адшукалі хутка. Ніне пашанцавала: яна адразу ўбачыла Івана за калючым дротам. Падышла да немца-афіцэра, працягнула яму дакументы. На шчасце, той валодаў польскай мовай і зразумеў тлумачэнні. Выслухаўшы просьбу, адвярнуўся і даў загад выпусціць Івана. Радасці не было межаў: для іх вайна, фактычна, ужо скончылася. Ісці дадому бальшаком таксама вымагала максімальнай асцярожнасці: ён, як польскі салдат, лёгка мог трапіць у другі лагер. Пасля рады Ніна пайшла дарогай, а Іван – полем і лесам. Яна прыйшла, а вось ён так і не з’явіўся на родным парозе…

Доўга Ніна чакала мужа, плакала, дакарала сябе, што не пайшла разам з ім. Але, нягледзячы на перажыванні, трэба было і дзяцей гадаваць, і гаспадарку пыніць. Жыць стала цяжка. Ніна папрасіла сваю маці, каб тая забрала дзяцей да сябе, і паглыбілася ў клопаты. Усюды патрэбны былі мужчынскія рукі: і за бараной ці плугам пахадзіць, і сцены падлатаць… Даведзеная да адчаю жанчына, каб хоць як пражыць, вырашыла заняцца самагонкай: акупацыйныя ўлады гэты від дзейнасці не забаранялі. З таго часу ў дом сталі заходзіць мужчыны, з’явілася надзея на памочнікаў. Але – бяда – і сама пачала прыкладацца да чаркі. Сусед Віктар, на 10 гадоў маладзейшы за яе, прапанаваў выйсці замуж. Пры ўмове, што назаўсёды забудзецца пра алкаголь. Ніна дала такое абяцанне і выканала яго. Так у доме з’явіўся мужчына.

Працаваць, як і жыць, сталі зладжана. У іх з’явіліся яшчэ трое дзяцей. А ў 1956 годзе нечакана, як гром з яснага неба, прыйшло пісьмо – ад Івана. Я сам чытаў тое пісьмо, бо ні Віктар, ні Ніна не разумелі рускіх літар. Іван прасіў прабачэння, што 17 гадоў не даваў пра сябе ніякіх звестак. Ды гэта была і не яго віна: ліст быў адпраўлены з Іркуцкай вобласці, а ў той час, як вядома, многія былі асуджаны і сасланы туды без права перапіскі. Як першы муж Ніны трапіў туды, застаецца толькі здагадвацца. Гаварылася ў тых радках і пра тое, што, калі яна згодна, Іван праз два месяцы можа вярнуцца. Пасля цяжкіх роздумаў паслала Ніна ў Іркуцк ліст з адмовай. Больш мужчына ніколі не пісаў… Я ўвесь час сябе вінаваціў, што не запісаў зваротны адрас, каб пасля перадаць яго Іванавым сынам. Быў малады і не разумеў, што Ніна магла ўтаіць ад іх тое, што бацька жывы, хоць і далёка.

Пасля таго пісьма жыццё жанчыны крута змянілася. Глыбока ўнутры яна перажывала, шкадавала Івана, не ведала, што з ім здарылася. Дзеці яе раз’ехаліся, кожны займеў свой кут, сваю сям’ю. А яна вярнулася да спіртнога – казала, ад перажыванняў. Віктар, як чалавек сумленны, не пакінуў яе, пражыў разам да апошніх яе дзён. Гэта гісторыя напісана па сапраўдных фактах, толькі – па зразумелых прычынах – зменена імя гераіні.

Эдуард ДОВАЛЬ, вёска Запур’е.

 



Добавить комментарий