Лукашэнка: беларусы дастойна прайшлі праз выпрабаванне на трываласць нацыянальнага адзінства

Важное Главное

Беларусы дастойна прайшлі праз эпахальнае выпрабаванне на трываласць нацыянальнага адзінства. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час урачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод заслужаным дзеячам у Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цырымонія ўзнагароджання праходзіць у знакавы дзень — напярэдадні першага ў гісторыі краіны святкавання Дня народнага адзінства.

«Беларусы, якія пабудавалі суверэнную дзяржаву ўпершыню ў гісторыі сваёй зямлі, прайшлі праз эпахальнае выпрабаванне на трываласць нацыянальнага адзінства. Прайшлі дастойна. Усе вы — надзейныя, шчырыя людзі. Усе вы — тыя, хто выстаяў у той складаны час. Вы — тыя, хто праявіў свае дасягненні і сваю салідарнасць у працы. Не спалохала нас пандэмія. Не спынілі нас гібрыдныя атакі на нашу дзяржаўнасць, якія прадаўжаюцца да гэтага часу. Але, я думаю, у гэтыя дні вы ўбачылі, што ў нас ёсць чым адказаць. І ёсць на каго абаперціся», — заявіў беларускі лідар.

Прайсці выпрабаванні ўдалося шмат у чым дзякуючы такім прафесіяналам, якія смела і адкрыта адстойваюць інтарэсы роднай Беларусі, тым, хто сваім аўтарытэтам, адданасцю краіне аб’яднаў вакол сябе сотні і тысячы аднадумцаў, упэўнены Прэзідэнт.

«На нас з вамі ляжыць найвялікшая адказнасць. Так, мы перамаглі бліцкрыг, мы процістаім гібрыдным атакам. І паспяхова. Але цяпер трэба аб’яднаць не толькі здаровую частку (іх пераважная большасць), але і тых, хто захістаўся пад грузам учарашніх атак», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.