СОНЕЧНЫЯ ЗАЙЧЫКІ…

Общество

Беласнежны, шаўкавісты, густы мех, вялізныя вушы і вочы-праныры з рубінавым ззяннем. Мабыць, менавіта такі трус сустрэўся Алісе ў краіне Цудаў. Аднак якой ён быў пароды Льюіс Кэрал не ўдакладніў. А вось Казімір Вікенцьевіч КЛІМОВІЧ з Яршэвіцкага сельсавета ўсё растлумачыў хутка. Так выглядаюць казачныя жывёлы пароды «бельгійскі велікан», альбо «фландр».

Трусоў-прыгажуноў сям’я Клімовічаў вырошчвае ўжо не адно дзесяцігоддзе. Яшчэ хлопчыкам-гарэзам прыбягаў Казімір са школы і спяшаўся накарміць пушыстых гадаванцаў. Яго маці Еўдакія Казіміраўна, настаўніца біялогіі, добра ведала: догляд за вушастымі прыносіць сыну толькі станоўчыя эмоцыі і вучыць дабрыні.

…У Вялікабрытаніі, напрыклад, вельмі папулярна заводзіць дома труса замест сабакі альбо ката: звярок не брэша і не мяўкае, і да таго ж вельмі таварыскі па натуры. Некаторыя дамачкі нават выходзяць на шпацыр з трусом на ланцужку.

Няўжо можна застацца раўнадушным, калі сонечны зайчык заглядвае табе ў вочы? Не-не – ды і захочацца ўсміхнуцца: даверлівыя браты нашы меншыя, як і сонца, умеюць дарыць цеплыню. Яны выклікаюць толькі замілаванне. Невыпадкова і з узростам так і не навучыўся Казімір Вікенцьевіч забіваць сваіх пушыстых сяброў на смажаніну. З трусамі ўмела “распраўляецца” толькі яго бацька, хаця рукі пры гэтым таксама здрадліва дрыжаць.

Пушыстыя гадаванцы Клімовічаў зусім не баяцца халадоў, яны нават вытрымліваюць дваццаціградусны мароз, хоць і жывуць у клетках на вуліцы. Гаспадар толькі захінае домікі поліэтыленавай плёнкай, каб снег не замятаў: трусы не пераносяць скразнякоў і сырасці.

“ВУШАСТЫЯ” ПАРАДЫ ад Казіміра Клімовіча:

Зубы ў труса растуць пастаянна. Таму ён павінен іх “сточваць”, каб потым не займець праблемаў: карані карэнных зубоў нават могуць прарасці ў вачніцу.

Ідэальны корм для жывёліны – свежае сена. Патрабуецца шмат часу, каб яго зжаваць, таму ў дзікіх трусоў, якія нічога не ядуць акрамя такога валакністага корму, ніколі не бывае праблем з пераростам зубоў. Можна даваць ім пагрызці і галінкі фруктовых дрэў.

Трус – цалкам траваедная, а не зерняедная жывёла. Аднак у прамысловай трусагадоўлі шырока выкарыстоўваюць камбікармы на аснове зерня для адкорму гадаванцаў на мяса. Такой каларыйнай ежай трус хутка насычаецца, жуе менш, з-за чаго з’яўляюцца праблемы з зубамі. Але трусоў забіваюць раней, чым некаторыя паталогіі паспяваюць развіцца.

Калі ж вы хочаце выгадаваць дэкаратыўнага труса і жадаеце для яго як мінімум 8 гадоў жыцця, то з самага нараджэння яго трэба карміць правільна.

За вушы трусоў ні ў якім разе браць нельга. Пад уласным цяжарам у яго могуць пашкодзіцца храсткі, сасуды і нервовыя канчаткі. За бакі жывёліну таксама не чапайце: пазваночнік у іх вельмі кволы. Труса трэба асцярожна трымаць за шкурку на спіне, падтрымліваючы вушасціка знізу.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *