«Беларусь 3» праводзіць Тыдзень народнага адзінства

2021 - Год народнага адзінства Общество

Тэлеканал «Беларусь 3» праводзіць Тыдзень народнага адзінства разам з айчыннымі культурнымі дзеячамі, установамі і музеямі, а да свята 17 верасня падрыхтаваў падборку дакументальнага і ігравога кіно беларускай вытворчасці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

«Кожны дзень тэматычнага тыдня гледачы тэлеканала ў серыі партрэтных праграм і інтэрв’ю знаёмяцца з выдатнымі майстрамі сучаснай культуры і мастацтва, каштуюць традыцыйную «Беларускую кухню», размаўляюць «Сваімі словамі» і падарожнічаюць разам з Уладзімірам Богданам па гарадах і прыгожых мясцінах Беларусі. Напярэдадні новага дзяржаўнага свята Рэспублікі Беларусь — Дня народнага адзінства — карэспандэнты «Навін культуры» наведваюць спецыяльныя мерапрыемствы, канцэрты, выставы і акцыі, сустракаюцца з тымі, хто стварае і ўзбагачае нацыянальную культурную скарбонку. У святочны дзень героем праекта стане калекцыянер, гісторык, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзімір Ліхадзедаў з прэзентацыяй сваёй новай літаратурнай работы «17 верасня — Дзень народнага адзінства» і падрабязнасцямі гістарычнага кантэксту твора», — расказалі ў прэс-службе.

Яшчэ адным госцем эфіру 17 верасня стане савецкі і беларускі скульптар, народны мастак Беларусі Іван Міско — у праграме «Кадры жыцця» майстар, шырока вядомы сваімі работамі на касмічную тэматыку, пры дапамозе тэлевізійных архіўных запісаў раскажа цікавыя факты сваёй творчай біяграфіі працягласцю больш за паўстагоддзе.

Акрамя таго, святочны дзень на тэлеканале вызначыцца прэм’ерай — дакументальны фільм-прысвячэнне «Перазвон» ад рэжысёра Яўгена Сяцько раскажа гісторыю тысяч спаленых у час Вялікай Айчыннай вайны беларускіх вёсак, дасць магчымасць пераасэнсаваць на сучасным этапе палітыку генацыду, якая праводзілася нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Беларусі. У сваёй новай рабоце рэжысёр сабраў кадры з ваеннай калекцыі, знятай на кінастудыі «Беларусьфільм» за 75 гадоў: эмацыянальныя эпізоды і маналогі сведак, украпванні хронікі, кадры з культавага фільма «Ідзі і глядзі» і стужак «Хатынскія званы», «Сведка», «Жанчына з забітай вёскі», «Хатынь. 5 км», сучасныя здымкі.

Вечарам убачыць аўтарскі погляд дакументаліста на падзеі восені 1939-га, калі ўз’ядналіся тэрыторыі Заходняй і Усходняй Беларусі, на падзеі, якія сталі актам гістарычнай справядлівасці прымяняльна да беларускай нацыі і асновай Дня народнага адзінства, можна будзе ў стужцы «Мяжа», створанай у 2019 годзе да 80-годдзя знакавай даты.

Ігравое кіно на тэлеканале 17 верасня будзе прадстаўлена гераічнай драмай «Дняпроўскі рубеж» і дэтэктывам «Вадзіцель аўтобуса», а ўпрыгожыць эфір святочнага дня канцэртная праграма «За жыццё!» заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Руслана Аляхно.