Загадалі распрануцца, загналі ў дом і расстралялі – трагічныя старонкі з жыцця яўрэяў Валожыншчыны

Общество

80 гадоў прайшло пасля трагічных падзей у гісторыі горада Валожына. Праз лічаныя месяцы акупацыі захопнікі і іх памагатыя пачалі масавае знішчэнне яўрэйскага насельніцтва нашай мясцовасці. Па звестках Млын.BY.

26 чэрвеня 1941 года немцы ўступілі ў Валожын. Захопнікі спалілі цэнтральную частку горада, дзе жыла пераважная большасць яўрэяў. Акупацыйныя ўлады пачалі ствараць тут свае органы кіравання. Бургамістрам быў прызначаны Пічкевіч, былы аграном графа Тышкевіча, які служыў у маёнтку Шапавалы. Яго выбралі на гэтую пасаду хутчэй за ўсё таму, што ён выдатна валодаў нямецкай мовай. Магчыма, гэты чалавек у 1939-1941 гг. быў сакрэтным супрацоўнікам НКУС, таму што ў канцы жніўня 1941 года немцы расстралялі яго разам з савецкімі актывістамі і яўрэямі ў мясцовасці Ластая.

Дарэчы, дадзеныя аб часе карных аперацый і колькасці загінуўшых дагэтуль супярэчлівыя, таму могуць быць недакладнымі. Калі давяраць «Электронной еврейской энциклопедии», то ў пачатку вайны загінулі 45 яўрэяў.

Новы бургамістр С. Турскі, былы афіцэр польскай дэфензівы і судовы абаронца, меў непасрэднае дачыненне да стварэння валожынскага гета. Ён і падпісаў загад аб абавязковым нашэнні яўрэямі на вопратцы спецыяльных знакаў адрознення (жоўтай латкі дыяметрам 10 см з нанесенай на яе літарай «J»).

Былі вызначаны канкрэтныя межы гета. На поўдні яно абмяжоўвалася сучаснымі вуліцамі Шчарбіны і 1 Мая, на захадзе – Някрасава (Броварнай), з поўначы – вуліцай Энгельса і завулкам Кастрычніцкім, а на ўсходзе – ракой Валожынкай. Пры гэтым яўрэйскія сем’і гвалтоўна перасяляліся на няцотны бок вуліцы Броварнай. Сюды ж пазней звозілі людзей з вішнеўскага, забрэзскага і, магчыма, ракаўскага гета.

Вязні гета (працаздольныя мужчыны) штодзённа накіроўваліся на лесанарыхтоўкі ў Налібоцкую пушчу. Ішлі калонай без ніякай аховы. Кожны быў папярэджаны, што, калі хто-небудзь не вернецца ў гета, яго сям’ю расстраляюць.

Аднойчы, прыкладна ў другой палове лістапада 1941 года ў рабочую калону карнікі ўключылі жанчын, старых і дзяцей. Зусім нямоглых пакінулі ў гета. Вязням паведамілі, што калона пойдзе ў былыя казармы корпуса аховы пагранічча нібыта для ўборкі, бо хутка там павінны размясціцца нямецкія войскі. Насамрэч паліцаі прывялі яўрэяў у былы кінатэатр, а адтуль па восем чалавек выводзілі на стадыён і расстрэльвалі. Сярод загінуўшых аказаліся чатыры салдаты і афіцэр. Экзэкуцыя адбывалася на вачах жыхароў прылеглых да стадыёна вуліц. Карная аперацыя працягвалася да абеду. Усіх, хто ацалеў, адвялі назад у гета. А вечарам паліцаі хадзілі па дварах валожынцаў і загадвалі мужчынам ісці закопваць целы расстраляных. Сведкі расказвалі, што фашысты дастрэльвалі параненых. У гэты страшны дзень было знішчана 200-250 чалавек, толькі адзінкам удалося ўцячы.

Пасля першага этапу ліквідацыі насельнікаў валожынскага гета тэрыторыя пражывання яўрэяў зменшылася. З захаду мяжа спачатку праходзіла па вуліцы Някрасава (Броварнай), а потым зварочвала на вуліцу 17 Верасня (Крывую). Такім чынам, няцотны бок Крывой больш не з’яўляўся часткай гета – і мясцовыя змаглі вярнуцца ў свае дамы.

1 снежня 1941 года адбыўся масавы расстрэл яўрэяў у кар’еры Паповай гары. Загінулі 300 чалавек.

Другі этап ліквідацыі карнікі правялі ў канцы красавіка 1942 года. На досвітку тэрыторыя гета была ўжо ачэплена, каб ніхто не змог уцячы. Яўрэяў выганялі з хат і накіроўвалі на вялікі пляц, дзе раней быў гаспадарчы двор прамкамбіната. Там фашысты паставілі стол і загадалі людзям складаць туды золата і іншыя каштоўныя рэчы. Тых, хто не меў што аддаць або адмаўляўся пакідаць нажытае, расстрэльвалі прама на месцы, каля стала. Астатніх групамі па 30-40 чалавек гналі да драўлянага адасобленага дома на вуліцу Зялёны Пляц (былы дом вахмістра Яворскага). Перад будынкам усім загадалі распрануцца. Потым людзей загналі ў дом і пачалі расстрэльваць. У другой палове дня дом аблілі бензінам і падпалілі.

Пасля гэтага выпадку карныя аперацыі працягваліся яшчэ два тыдні. Людзей з гета хапалі паўсюль, на дварэ і ў хатах. Тут жа расстрэльвалі, а трупы на фурманках звозілі на яўрэйскія могілкі і закопвалі. Колькі знішчылі тады народу, дакладна невядома. Хутчэй за ўсё, у гэты раз загінула большая частка яўрэяў, бо межы гета былі значна зменшаны. Цяпер яно знаходзілася паміж вуліцай Кастрычніцкай і рэчкай Валожынкай на 400 метраў у даўжыню. Пашчасціла застацца жывымі рамеснікам будаўнічых спецыяльнасцей, доктару, правізару, інжынеру і іх сем’ям.

Летам 1942 года жыхароў Валожына напаткала яшчэ адна трагедыя. На вуліцы Польнай жыў пекар Дратвіцкі. Жонка ў яго была яўрэйкай, а ў сям’і рос сын Бенедыкт, ахрышчаны ў касцёле. Калі аб гэтым даведаліся немцы, яны тут жа арыштавалі ксяндза Удальскага і кумаў Дратвіцкага. А неўзабаве прыйшлі і па саміх гаспадароў. Сям’і загадалі збірацца. Але гаспадар паведаміў, што ў печ загружаны хлеб, таму трэба пачакаць, пакуль той спячэцца. Немцы не пярэчылі. А пакуль гаспадар ладкаваў справы, яго жонка і сын незаўважна ўцяклі. Карнікі шукалі іх некалькі дзён, але так і не знайшлі. Маці з сынам некаторы час хаваліся ў горадзе, а затым пераправіліся ў пушчу да партызан. Вярнуліся яны ў горад толькі пасля вызвалення. Стала вядома, што пекара Дратвіцкага, ксяндза Удальскага, куму Фамінскую і кума Янкоўскага карнікі расстралялі ў кар’еры на Паповай гары.

Цалкам жыхароў валожынскага гета знішчылі ў жніўні 1942 года. Тэрыторыю гета ачапілі карнікі, якія прыехалі на некалькіх аўтамабілях. Было гэта яшчэ вечарам. Расстрэльвалі ўсіх, каго бачылі на вуліцы. Раніцай загадалі і астатнім выйсці з дамоў. Потым людзей калонай пагналі да мураванага склада, што знаходзіўся паміж вуліцамі Дубінской (Кастрычніцкая) і Палачанскай (Пушкіна). Тут у будынку іх расстрэльвалі, а трупы адразу спальвалі.

Гэта была самая масавая карная аперацыя па знішчэнні валожынскіх, вішнеўскіх, забрэзскіх і, магчыма, ракаўскіх і ашмянскіх яўрэяў. За некалькі дзён пакаралі смерцю каля 2000 чалавек. Уратавацца здолелі толькі 12.

У канцы кастрычніка ці ў пачатку лістапада 1942 года ад рук карнікаў загінулі 225 чалавек яўрэйскай нацыянальнасці, якія пасля ліквідацыі гета жылі ў былых казармах корпуса аховы пагранічча. У чэрвені наступнага года ў Валожыне забілі былых насельнікаў вішнеўскага, ашмянскага і ракаўскага гета. Іх звозілі адразу на тэрыторыю яўрэйскіх могілак, дзе і расстрэльвалі. Загінула каля 900 чалавек, 600 – спалілі жывымі ў будынку побач, што некалькі выкарыстоўваўся для прасушкі лёну. Выратавацца змог толькі адзін Гірш Склют, які ўцёк ад паліцая з суправаджэння. Тых жа яўрэяў, што пад прымусам займаліся пахаваннем расстраляных, потым закапалі жывымі. У тыя трагічныя дні загінулі каля 1500 чалавек.

 

Так нацысты «вырашалі» «яўрэйскае пытанне» ў Валожыне. Усяго за час акупацыі ў горадзе загінулі каля 4500 яўрэяў з Валожына, Вішнева, Забрэззя, Ракава і Ашмян.

Автор статьи: Аляксандр Чорны

Автор фото: из открытых источников