Вакцына «Спадарожнік V» у Беларусі паказала 97%-ю эфектыўнасць супраць каранавіруса

COVID-19

Вакцына «Спадарожнік V» прадэманстравала эфектыўнасць супраць каранавіруса на ўзроўні 97,2 працэнта пры вакцынацыі ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.

«Эфектыўнасць ацэнена на аснове даных больш як 860 тыс. чалавек, якія атрымалі прышчэпку абодвума кампанентамі вакцыны», — адзначылі ў прэс-службе.

У Беларусі нацыянальны план мерапрыемстваў па вакцынацыі супраць COVID-19 прадугледжвае паслядоўнае ўключэнне ў кампанію асобных кантынгентаў насельніцтва і ўзаемадзеянне зацікаўленых рэспубліканскіх органаў і грамадскіх арганізацый.

Даныя Міністэрства аховы здароўя, атрыманыя пры даследаванні, пацвярджаюць высокую бяспеку вакцыны «Спадарожнік V» у Беларусі: адсутнічаюць выпадкі цяжкіх непажаданых з’яў пасля вакцынацыі і не зарэгістраваны выпадкі смерці, звязаныя з вакцынацыяй.

У прэс-службе нагадалі: Беларусь стала першай замежнай дзяржавай, якая зарэгістравала «Спадарожнік V» і стала прымяняць яго для масавай вакцынацыі насельніцтва. Расійскі фонд прамых інвестыцый і партнёры ажыццявілі тэхналагічны трансфер для лакалізацыі вытворчасці вакцыны беларускім прадпрыемствам «Белмедпрэпараты», якое паспяхова ажыццяўляе прамысловы выпуск расійскага прэпарату. У красавіку гэтага года вакцына «Спадарожнік V», вырабленая ў Беларусі, атрымала адабрэнне Міністэрства аховы здароўя краіны. У рэспубліцы таксама зарэгістравана аднакампанентная вакцына «Спадарожнік Лайт».

«Спадарожнік V» створаны на праверанай і добра вывучанай платформе адэнавірусных вектараў чалавека, якія выклікаюць звычайную прастуду і з якімі чалавецтва сутыкалася на працягу тысячагоддзяў. Упершыню сярод вакцын супраць каранавіруса быў прыменены падыход гетэрагеннага бусціравання, у аснову якога пакладзена выкарыстанне двух розных вектараў для двух уколаў у працэсе вакцынацыі. Такі падыход фарміруе больш устойлівы імунітэт у параўнанні з вакцынамі, што выкарыстоўваюць аднолькавы механізм дастаўкі для абодвух уколаў.

Бяспека, эфектыўнасць і адсутнасць доўгатэрміновых негатыўных наступстваў у адэнавірусных вакцын даказаны ў больш як 250 клінічных даследаваннях на працягу двух дзесяцігоддзяў.