Цікава пазнаёміцца, паслухаць, што хвалюе, каб адчуць рытм жыццця на зямлі

Важное Главное Официально

Сёння наш раён наведаў Глава Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар СЕРГЯЕНКА. Кіраўнік адміністрацыі сустрэўся з працоўным калектывам Валожынскага лясгаса, а пасля правёў прыём грамадзян у райвыканкаме.

Сустрэча праходзіла ў актавай зале лясгаса. Падрабязна пра прадпрыемства расказаў дырэктар Уладзімір Бацян.

У сваёй прамове Ігар Сергіенка адзначыў, што сустракаецца з лесаводамі невыпадкова – у гэтыя выхадныя яны адзначаюць сваё прафесійнае свята. Таму яму цікава пазнаёміцца, паслухаць, што хвалюе людзей, адчуць рытм жыцця ў лясной гаспадарцы і на зямлі. Кіраўнік высокага рангу закрануў шматлікія тэмы: санкцыйнную палітыку, якая вядзецца апошнім часам у адносінах да Беларусі; грамадска-палітычную абстаноўку ў краіне; пандэмію і імунізацыю супраць COVID-19; расійска-беларускія вучэнні і абараназдольнасць дзяржавы; работу галоўных прамысловых прадпрыемстваў і нават спажывецкую карзіну беларуса, падкрэсліўшы, што, нягледзячы на ўсе падзеі, Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнка перад ўладай пастаўлена галоўная задача – узровень жыцця насельніцтва не павінен знізіцца.

Пасля ў прысутных была магчымасць задаць высокаму чыноўніку хвалюючыя пытанні. У прыватнасці, узнімалася тэма развіцця раёна і горада ў далейшым, а таксама будаўніцтва дзіцячага сада і школы ў новым мікрараёне па вуліцы Савецкай у Валожыне. Тлумачэнні даў старшыня райвыканкама Яўген Круковіч.

Як затым адзначыў Ігар Сергіенка, сустрэўшыся з кіраўніцтвам і з калектывам, ён убачыў, што эканамічныя і чалавечыя сувязі парваць немагчыма. “Сёння Валожынскі лясгас 75 працэнтаў сваёй прадукцыі рэалізуе ў Літву, крыху менш – у Латвію і Германію, – падкрэсліў Ігар Пятровіч. – Аб чым гэта гаворыць? Аб тым, што прадукцыя запатрабавана, што яна высакаякасная і што знаходзіць там свайго пакупніка. Тавар пастаўляецца практычна як было летась, сёлета нават адбылося ажыўленне кантактаў. У цэлым, калектыў настроены на актыўную работу, заработная плата ў сярэднім па лясгасу складае 1400 рублёў, а ў асобных катэгорый работнікаў – і больш, выконваюцца планавыя паказчыкі, праводзіцца работа па павышэнні лясістасці, па захаванні лесу, па пасадцы маладянку – гэта значыць, робіцца ўсё, каб наша краіна станавілася прыгажэйшай, мацнейшай і больш зялёнай. Дарэчы, у нас лесам пакрыта крыху больш за 40 працэнтаў плошчаў, а пасля вайны гэты паказчык не дасягаў і 20-і. На тэрыторыі Валожынскага раёна лес займае амаль 38 працэнтаў”.

Прыём грамадзян у райвыканкаме доўжыўся паўтары гадзіны. Зваротаў было няшмат. Ігар Сергяенка адзначыў, што ў Адміністрацыю Прэзідэнта за месяц паступае больш за 2 тысячы зваротаў па розных пытаннях – са скаргамі на рашэнне судовых органаў, расследаванне крымінальных спраў, пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, горадабудаўніцтва, стан дарог, медыцынскага абслугоўвання. “Аналіз паказвае, што колькасць зваротаў зніжаецца, – расказаў Ігар Пятровіч. – У параўнанні з мінулым годам іх менш. У Мінскай вобласці тая ж самая тэндэнцыя: крыху вырасла колькасць калектыўных, паўторных зваротаў. Сёння прыём у Валожынскім райвыканкаме паказаў нязначную колькасць зваротаў. Так, прыехалі на прыём людзі з Мінскага, Лагойскага, Крупскага раёнаў. Новае, што сёння было, і такія звароты сустракаюцца досыць рэдка, – скаргі на функцыянаванне тых ці іншых невялікіх вытворчасцей па дрэваапрацоўцы, з-за шуму і спеціфічных лака-фарбавых пахаў якіх людзям у гэтых населеных пунктах нязручна і небяспечна побач жыць, працаваць і гадаваць дзяцей. З такімі заявамі будуць разбірацца адпаведныя структуры: Міністэрствы прыродных рэсурсаў, аховы здароўя – у адпаведнасці са сваімі кампетэнцыямі. Узнімаліся іншыя цякучыя пытанні. Кіраўніцтвам райвыканкама былі дадзены вычарпальныя адказы аб тым, як будуць паступова асфальтавацца вуліцы на працягу гэтага і далейшых гадоў. Калі гаварыць пра Валожын, 46 кіламетраў дарог усяго, і толькі трэцяя частка з іх заасфальтавана. Зразумела – усё ж адразу не зробіш. Самае галоўнае, што людзі павінны ведаць, разумець і бачыць перспектыву развіцця – усё павінна рабіцца публічна: чаму сёння, напрыклад, асфальтуюць тут, а заўтра – там. Харошая практыка, якая пачынае фарміравацца ў Мінскай вобласці, – публічнае абмеркаванне надзённых пытанняў: развіццё горада, канкрэтнага населенага пункта, будаўніцтва новага аб’екта, асфальтаванне канкрэтнай вуліцы. Тады гэта не параджае розныя слыхі, крыўды, скаргі. Калі бачна перспектыва развіцця на цэлую пяцігодку, і разам з меркаваннямі людзей вырашаецца, што неабходна адрамантаваць ці зрабіць, тады і пытанні не ўзнікаюць. Сёння нічога надзвычайнага падчас прыёму не было – звычайныя жыццёвыя звароты грамадзян, якія ў сваёй большасці вырашаюцца на мясцовым узроўні. Але такія прыёмы дазваляюць нам, работнікам Адміністрацыі Прэзідэнта, самім непасрэдна бачыць, чым жывуць людзі і што іх хвалюе, падчас паездкі паглядзець, як працуе мясцовая выканаўчая ўлада, ацаніць, бо ёсць што параўнаць у тым ці іншым рэгіёне, убачыць станоўчае, каб распаўсюдзіць вопыт на іншыя раёны, дзесьці кагосьці пажурыць-пакрытыкаваць, каб зрабіць вывад на будучае і вырашаць праблемы”.