ПАД ЗНАЁМЫ ГУК РУХАВІКА

Общество

У адных пры слове “тэхніка” – салодка замірае сэрца, успамінаецца любімая і дарагая ва ўсіх адносінах легкавушка, другія ўзгадваюць “наварочаны” камп’ютар, хтосьці, магчыма, марыць пра міжпланетны карабель. А вось для механізатара П. І. ЛІТВІНА з ААТ “Манькаўшчына” найлепшай машынай быў і ёсць звычайны трактар “Беларус”, і гэта пры тым, што Пятру Іосіфавічу за жыццё давялося пасядзець за рулём самых розных транспартных сродкаў як айчыннай так і імпартнай вытворчасці.

Бясспрэчна, замежны “Медыён”, на якім сёлета Пётр Іосіфавіч на пару з сынам Вадзімам убіралі збажыну, камфортны, надзейны (сем гадоў без капрамонту!), але ж і “Беларус” вынослівы! Як верны таварыш, ён  знаёмы да драбніц.

Пятра Іосіфавіча мы засталі каля свежапафарбаванага трактара. Як даведаліся, гэты агрэгат даўно ўжо пыліўся на задворках мехдвара, пакуль не трапіў у масцеравыя рукі П. І. Літвіна. “Яшчэ паслужыць! – запэўнівае механізатар. – Адрамантавалі, пафарбавалі – усё танней, чым набываць новы”. Вочы мужчыны зіхацяць радаснымі агеньчыкамі, і адчуваецца, што гэта работа яму па душы.

У 1981-е Пётр Іосіфавіч сеў упершыню на трактар, і, як аказалася, на ўсё жыццё. “Люблю тэхніку, разгадаў яе сакрэты, ды і на зямлі некаму ж трэба працаваць. Дык чаму не мне? – гаворыць П. І. Літвін і з жартам дабаўляе: – Лічыцца, што чалавек з гадамі робіцца мудрэйшым. Я, відаць, набраўся мудрасці ў маладосці. Цяпер, вось, толькі сталею, бо так і не змяніў рашэнне прынятае ў гады юнацтва.”

Цэняць механізатара і калегі, і кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, паважаюць аднавяскоўцы. Акрамя таго што ён выдатны працаўнік, ён і сем’янін, і бацька адмысловы. Разам з жонкай Святланай Мікалаеўнай выхавалі трое дзяцей, дабіліся трывалага дастатку.

Гледзячы на Пятра Іосіфавіча разумееш: любы занятак, нават самы прыземлены можа прыносіць задавальненне, калі да яго ставіцца з душой.

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий