Луцкі: мы выхавалі маладое пакаленне дастойнымі патрыётамі

2021 - Год народнага адзінства Молодежный курьер Общество

 Мы выхавалі маладое пакаленне дастойнымі патрыётамі, заявіў сёння журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі па выніках адкрытага дыялогу з камандзірамі, камісарамі студэнцкіх атрадаў, кіраўнікамі працоўных праектаў. Мерапрыемства прайшло ў Рэспубліканскім доме моладзі як частка форуму студэнцкіх атрадаў «Маладосць. Праца. Адзінства», перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Сучасная моладзь — добрая. Мне асабліва хацелася б пагаварыць на тэму студэнцкіх атрадаў: гэта важная выхаваўчая функцыя. Паколькі праца — важны элемент нашага жыцця. І прыцягваць да працы, прывіваць разуменне каштоўнасці працы важна з малога ўзросту», — сказаў Ігар Луцкі.

Паводле яго слоў, сёння адкрыты дыялог у Рэспубліканскім доме моладзі сабраў шырокі спектр удзельнікаў. «Былі прадстаўнікі ВНУ, студатрадаўскага руху. Мне вельмі спадабалася. Добрыя пытанні задавала моладзь. Ёсць разуменне таго, што людзі робяць і для чаго яны гэта робяць. Мы на некаторых момантах акцэнтавалі ўвагу. У прыватнасці на тым, што неабходна пашыраць магчымасці працы для моладзі. Тыя льготы і прэферэнцыі, якія дзяржава вызначыла для студатрадаўскага руху, беспрэцэдэнтныя. На тэрыторыі постсавецкіх дзяржаў мы, напэўна, адзіныя, хто захаваў гэты рух у такім маштабе, — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. — Таму ўсё тое, што сёння адбываецца напярэдадні вялікага свята — Дня народнага адзінства — умацоўвае веру ў тое, што маладое пакаленне мы выхававалі дастойнымі патрыётамі нашай краіны».

Дарэчы, у свой час Ігар Луцкі таксама быў байцом будатрада. «Гэта было даўно, у пачатку 90-х. Гэта быў будаўнічы атрад. Ляцець самалётам трэба было 3,5 гадзіны. Але я хачу сказаць, што тады студэнцкія, будаўнічыя атрады выхоўвалі характар і давалі магчымасць праявіць сябе ў калектыве. Калі працуе каманда, ты адчуваеш плячо і локаць сябра і саратніка. Гэта выхоўвае, перш за ўсё, чалавека і яго разуменне каштоўнасці працы для яго асабіста і для краіны, у якой ён жыве», — канстатаваў ён.

Рэспубліканскі форум студэнцкіх атрадаў «Маладосць. Праца. Адзінства», прысвечаны Дню народнага адзінства, пройдзе ў Мінску 15 і 16 верасня. Напярэдадні самага маладога дзяржаўнага свята краіны ў Мінску сустрэліся больш за 700 удзельнікаў працоўнага руху з усіх рэгіёнаў Беларусі. Маладзёжная каманда для ўдзелу ў форуме была сфарміравана на конкурснай аснове. Гэта байцы працоўных праектаў «Горад маладосці», «Атлант 2021», «Талачын 2021», «Арляня», «Кузбас 300», абласных маладзёжных будоўляў, лепшыя юнакі і дзяўчаты, якія праявілі сябе ў час работы атрадаў у раёнах.

У першы дзень удзельнікі форуму знаёмяцца са спецыфікай работы Парка высокіх тэхналогій, а таксама прадпрыемстваў Мінска і вобласці, такіх як «Атлант», БЕЛАЗ, МАЗ, Мінскі завод колавых цягачоў, Мінскі трактарны завод, «БелДжы» і іншых. Тут яны абмяняюцца кампетэнцыямі, абмяркуюць з кіраўніцтвам фарміраванне і работу студатрадаў. Традыцыйна ў праграму форуму ўключаны патрыятычны блок. Моладзь ускладзе кветкі да памятнага знака ў гонар вызваліцеляў Беларусі, стэлы «Мінск — горад-герой», высадзіць у парку Перамогі на месцы закладкі яблыневага саду ў гонар 100-годдзя камсамола 17 маладых яблынь, якія ўвасабляюць мір, яднанне і дружбу, упрыгожыць кожнае дрэва чырвона-зялёнай стужачкай. Акрамя таго, моладзь наведае Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў форуму «Маладосць. Праца. Адзінства» стане аднайменны рэспубліканскі марафон студатрадаў. Яго старт запланаваны сёння ў Палацы Рэспублікі ў час гала-канцэрта майстроў мастацтваў і творчых калектываў студэнцкіх атрадаў. Гэта будзе сапраўднае свята з падвядзеннем вынікаў трэцяга працоўнага семестра і ўшаноўваннем лепшых удзельнікаў руху.

У другі дзень форуму адбудзецца Адкрыты чэмпіянат «Ведаю Беларусь» сярод удзельнікаў студатрадаў па скораснай зборцы спілс-карт краіны.

Арганізуе форум БРСМ. Студатрадаўскі рух — адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У гэтым годзе Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў рэалізаваў пяць рэспубліканскіх і міжнародных працоўных праектаў. У складзе студатрадаў працаўладкаваны больш за 26 тыс. юнакоў і дзяўчат. Працоўны семестр прадаўжае актыўная фаза работы студэнцкіх сельскагаспадарчых атрадаў.