Удзельнікі форуму студатрадаў прынялі заяву аб недапушчальнасці санкцыйнага націску на Беларусь

2021 - Год народнага адзінства Молодежный курьер

Удзельнікі рэспубліканскага форуму студэнцкіх атрадаў «Маладосць. Праца. Адзінства» Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі прынялі заяву аб недапушчальнасці санкцыйнага націску з боку краін Захаду і ЗША на працоўную моладзь Рэспублікі Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Мы, прадстаўнікі студатрадаўскага руху Беларусі, выказваем сваю салідарнасць з працоўнымі маладой незалежнай дзяржавы аб недапушчальнасці санкцыйнага націску на Рэспубліку Беларусь з боку краін Захаду і ЗША. Штучна надуманая прычына аб увядзенні абмежаванняў у адносінах да нашай краіны датычыцца і ўшчамляе правы ў першую чаргу простых беларусаў, якія сумленна працуюць на прадпрыемствах, у арганізацыях, установах рознага профілю, збіраюць ураджай, выхоўваюць дзяцей і клапоцяцца аб старэйшым пакаленні», — гаворыцца ў дакуменце.

Моладзь таксама адзначае, што санкцыі супраць Беларусі разлічаны на атрыманне дадатковага палітычнага ўплыву і асабістай эканамічнай выгады краін Захаду і ЗША. «З’яўляюцца адкрытай спробай дыктаваць свае ўмовы развіцця рэспублікі: як беларусам жыць і што рабіць, — падкрэсліваецца ў заяве. — Мы выступаем супраць умяшання замежных дзяржаў ва ўнутраныя справы нашай краіны і настойліва заклікаем Еўрапейскі саюз і Злучаныя Штаты Амерыкі вярнуцца да канструктыўнага дыялогу, узаемавыгаднага супрацоўніцтва ў інтарэсах забеспячэння міру і стабільнасці».

Рэспубліканскі форум студэнцкіх атрадаў «Маладосць. Праца. Адзінства», прысвечаны Дню народнага адзінства, праходзіць у Мінску 15 і 16 верасня. Ён аб’яднаў больш за 700 удзельнікаў працоўнага руху з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гэта байцы працоўных праектаў «Горад маладосці», «Атлант 2021», «Талачын 2021», «Арляня», «Кузбас 300», абласных маладзёжных будоўляў, лепшыя юнакі і дзяўчаты, якія праявілі сябе ў час работы атрадаў у раёнах.

У першы дзень удзельнікі форуму азнаёміліся са спецыфікай работы Парка высокіх тэхналогій, а таксама прадпрыемстваў Мінска і вобласці, такіх як «Атлант», БЕЛАЗ, МАЗ, Мінскі завод колавых цягачоў, Мінскі трактарны завод, «БЕЛДЖЫ» і іншых. Традыцыйна ў праграму форуму ўвайшоў патрыятычны блок. Моладзь усклала кветкі да Памятнага знака ў гонар вызваліцеляў Беларусі, стэлы «Мінск — горад-герой», высадзіла ў парку Перамогі на месцы закладкі яблыневага саду ў гонар 100-годдзя камсамола 17 маладых яблынь, якія ўвасабляюць мір, яднанне і дружбу, упрыгожыла кожнае дрэва чырвона-зялёнай стужачкай. Акрамя таго, моладзь наведала Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і прыняла ўдзел у адкрытым дыялогу «Маладосць. Праца. Адзінства», дзе ўзнімаліся тэмы захавання пераемнасці, павагі да дзяржаўных сімвалаў, развіцця студатрадаўскага руху.

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў форуму «Маладосць. Праца. Адзінства» стаў аднайменны рэспубліканскі марафон студэнцкіх атрадаў. Ён стартаваў у Палацы Рэспублікі ў час гала-канцэрта майстроў мастацтваў і творчых калектываў студэнцкіх атрадаў. Гэта сапраўднае свята студэнцкіх атрадаў з падвядзеннем вынікаў трэцяга працоўнага семестра і ўшаноўваннем лепшых удзельнікаў руху, які аб’яднаў 3 тыс. юнакоў і дзяўчат.

«Упершыню ў гісторыі мы праводзім такі маштабны форум напярэдадні аднаго з важнейшых дзяржаўных свят — Дня народнага адзінства. Сардэчна ўсіх вітаю ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі, — адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў. — Вы наведалі буйнейшыя прадпрыемствы краіны, на якіх працавалі ў студатрадах, пазнаёміліся з дэталямі працэсу вытворчасці. У некага з’явілася жаданне паспрабаваць сябе ў новых галінах і новых рабочых спецыяльнасцях. Сустрэліся з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта, расказалі аб сваіх спадзяваннях і выніках работы, падзяліліся планамі. І знайшлі падтрымку. Мы прыкладзём усе намаганні, Цэнтральны камітэт у прыватнасці, для таго, каб вашы надзеі і энергія былі рэалізаваны і накіраваны ў тое рэчышча, якое прынясе вам самарэалізацыю. Мы з вамі ўшанавалі памяць нашых продкаў, усклалі кветкі да стэлы «Мінск — горад-герой», заклалі сімвалічную алею адзінства. Правялі адну з вялікіх дыялогавых пляцовак, дзе разам з вамі выпрацавалі пэўныя шляхі і рашэнні, абмеркавалі тыя праблемы, якія нас хвалююць. І мне вельмі прыемна, што менавіта вы, байцы нашых студатрадаў, выйшлі з ініцыятывай і прынялі заяву аб недапушчальнасці санкцыйнага націску на нашу краіну. Гэта вельмі важна. Паколькі гэты націск накіраваны на буйныя прадпрыемствы, на якіх у тым ліку працуе і моладзь».

Першы сакратар ЦК БРСМ дадаў, што праведзены тэматычны круглы стол, прысвечаны Дню народнага адзінства ў Нацыянальным гістарычным музеі. Яго ўдзельнікамі сталі члены Савета Рэспублікі, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, прадстаўнікі ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, кіраўнікі цэнтральных сродкаў масавай інфармацыі, моладзь і іншыя. «І скажу вам, што заканадаўчая і выканаўчая ўлада назіраюць за вашай актыўнасцю. У нас вераць і мы не падвядзём. Адзінства моладзі — сіла Беларусі», — падкрэсліў ён.

Завяршыў першы дзень форуму ўдзел байцоў студэнцкіх атрадаў у інсталяцыі «Адзінства моладзі — сіла Беларусі» і выкананне моладдзю дзяржаўнага гімна на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.

У другі дзень форуму адбудзецца адкрыты чэмпіянат «Ведаю Беларусь» сярод удзельнікаў студэнцкіх атрадаў па скораснай зборцы спілс-карт краіны.

Арганізатарам форуму выступае БРСМ. Студатрадаўскі рух — адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У гэтым годзе Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў рэалізаваў пяць рэспубліканскіх і міжнародных працоўных праектаў. У складзе студэнцкіх атрадаў працаўладкаваны больш за 28 тыс. юнакоў і дзяўчат. Працоўны семестр прадаўжае актыўная фаза работы студэнцкіх сельскагаспадарчых атрадаў.