У нашай справе нельга без прызвання

Общество Официально

Напярэдадні прафесійнага свята прадстаўнікоў лесагаспадарчай галіны Рэспублікі Беларусь мы завіталі ў ДЛГУ “Валожынскі лясгас”, дзе на працягу многіх гадоў складаўся працаздольны, высокапрафесійны калектыў, якому падуладна вырашэнне шматлікіх задач, што ставяць перад ім вышэйстаячыя арганізацыі.

Амаль два гады камандай лясгаса кіруе Уладзімір Бацян. Вось толькі навічком у сваёй справе і ў калектыве Уладзіміра Уладзіміравіча не назавеш. Яшчэ ў 1990 годзе, пасля заканчэння Мінскага тэхналагічнага інстытута, ён распачаў прафесійную дзейнасць у Румскім лясніцтве. Як спецыяліст прайшоў значны шлях спачатку на першым працоўным месцы, затым на ўзроўні раённай арганізацыі. Да назначэння на пасаду дырэктара ў родны калектыў папрацаваў галоўным інжынерам Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.

 – Уладзімір Уладзіміравіч, са святам Вас! Па маім асабістым нагляданні, людзі, якія свядома абралі лясную спецыяльнасць, а значыць, і лясны лад жыцця, не падобныя на іншых ва ўсіх сэнсах. Згодны?

 – Сапраўды так. Для прафесіяналаў лесу, на першым месцы заўсёды… лес. Гэта не значыць, што быццам нічым іншым не цікавімся. Аднак адказнасць за такое багацце застаўляе на працягу жыцця паглыбляцца ў прафесію ўсё больш і больш. Таму вынырваем са сваіх прафесійных інтарэсаў рэдка. Родныя і сябры ведаюць пра гэта і прымаюць нас разам з нашай апантанасцю. Менавіта для нашых спецыяльнасцей характэрны стварэнні цэлых дынастый. Часам у сямейнай хроніцы нашых работнікаў занатавана наступнае: дзед шчыраваў у лясах, што належалі, напрыклад, графу Тышкевічу, затым бацька абараняў лясную гаспадарку Савецкага Саюза, сёння іх унук і сын клапоціцца пра лясы Рэспублікі Беларусь, а ў гэты час яго сын-студэнт набывае прафесію па тым жа кірунку.

– Асабіста Вы – прадаўжальнік дынастыі?

–  А як жа! Бацька быў майстрам лесу. Дачка таксама ў нашай сферы.

– Як можна коратка прадоўжыць: Валожынскі лясгас сёння – гэта…

– Значны лясны абшар. Агульная яго плошча складае 83,7 тысячы гектараў, у тым ліку пакрытая лесам – 75,2 тысячы гектараў. У структуры прадпрыемства 8 лясніцтваў (Багданаўскае, Вішнеўскае, Валожынскае, Івянецкае, Каменскае, Пяршайскае, Ракаўскае і Румскае), вытворча-майстарскі ўчастак “Клім”, участак па адгрузцы гатовай прадукцыі “Багданава”, лесапункт, рамонтна-механічная майстэрня, лясны пітомнік, пчальнік. Прадпрыемства ажыццяўляе лесагаспадарчую дзейнасць, актыўна развіваецца ў сферы лесакарыстання, лесааднаўлення і лесавывядзення, ахоўвае лясы ад незаконных высечак, пажараў, захворванняў і шкоднікаў. Да таго ж вырошчваем, у тым ліку і на продаж, пасадачны матэрыял – сеянцы і саджанцы сасны, елкі, дуба, дзікарослых і дэкаратыўных кустарнікаў.

– Вы два гады на пасадзе. Не пашкадавалі, што ў свой час далі згоду ўзначаліць калектыў?

– Сумнявацца можна да прыняцця рашэння, пасля – позна. У мяне і калектыву, які  ўзначальваю, а гэта 389 чалавек, усе памкненні толькі наперад. Задум маем безліч. Што з іх удасцца ажыццявіць, пакуль не магу сказаць. Але абавязкова будзем старацца, каб кожнае прафесійнае свята сустракаць з выключнымі вытворчымі паказчыкамі. Калі гаварыць лічбамі, то за 8 месяцаў бягучага года мы нарыхтавалі драўніны па ўсіх відах высечак 107,2 тыс. метраў кубічных, вывазка прадукцыі склала 96,6 тыс. метраў кубічных (102% ад плана). Выпушчана 9,9 тыс. метраў кубічных піламатэрыялаў. Пры плане 90 гектараў пасаджана 114 гектараў лесу. Гэта і іншыя лічбы сведчаць аб стабільнай рабоце кожнага структурнага падраздзялення.

– У якіх кірунках лясгас будзе развівацца ў бліжэйшай будучыні?

– Спадзяёмся захаваць на належным узроўні ўсё, што створана, пашырыць вытворчасць, па магчымасці адкрыць новыя працоўныя месцы, весці актыўную прафарыентацыйную дзейнасць і, безумоўна, захаваць наш вялікі дружны калектыў.

– Што можна сказаць пра матэрыяльна-тэхнічную базу, якая знаходзіцца на ўзбраенні работнікаў лясгаса?

– Маем нядрэнны арсенал. У бягучым годзе, акрамя іншай тэхнікі, набылі новую лесанарыхтоўчую машыну “Харвестар”. Наш рабочы інструмент, у першую чаргу бензапілы, купляем пастаянна.

 – Не магу не выказаць захапленне тэрыторыямі вакол адміністрацыйных будынкаў лясніцтваў. Многія з элементаў добраўпарадкавання – унікальныя творы, амаль шэдэўры, створаныя па-сапраўднаму адоранымі асобамі з залатымі рукамі.

 – Лічу, людзі, у чые абавязкі ўваходзіць клопат пра чысціню і прыгажосць лесу, павінны старацца, не парушаючы прыгажосць і гармонію прыроды, узмацняць некаторыя моманты і падкрэсліць еднасць уласнай фантазіі і шматграннасць прыродных матэрыялаў.

 – Магчыма, напярэдадні Дня работнікаў лясной гаспадаркі жадаеце звярнуцца да сваіх падначаленых?

 – Я б аддаў перавагу слову “аднадумцы”. Жадаю ўсім, хто прысвяціў жыццё нашай высакароднай справе, моцнага здароўя, дабрабыту, удачы і поспехаў у паўсядзённых клопатах. Спадзяюся, наш калектыў заўсёды на высокім узроўні будзе выконваць няпростыя задачы па захаванні, абароне і аднаўленні нашага агульнанацыянальнага багацця.

ВІНШУЕМ З УЗНАГАРОДАЙ!

Напярэдадні прафесійнага свята Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь адзначаны вадзіцель лясгаса Сяргей БАЦЯН.

Грамата таго ж ведамства ўручана машыністу лесанарыхтоўчай машыны Аляксандру КУХАРАВУ.

Падзяку Міністэрства лясной гаспадаркі атрымаў памочнік ляснічага Пяршайскага лясніцтва Мечыслаў ШАПАВАЛ.

Ганаровыя граматы Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання атрымалі начальнік аддзела лясной гаспадаркі лясгаса Аляксандр КАЗЕРСКІ і інжынер лесу вытворчага аддзела Кацярына РУДОВІЧ.

Падзякамі абласной структуры адзначаны энергетык Георгій ГАСПАРЭВІЧ, начальнік планава-эканамічнага аддзела Марына МАХНАЧ і памочнік ляснічага Румскага лясніцтва Вікторыя ШАРАЕВА.

За выключныя паказчыкі ў працы Ганаровымі граматамі Валожынскага райвыканкама адзначаны начальнік ляснога гадавальніка Аляксандр РАМАНЧУК, ляснік Каменскага лясніцтва Іосіф РАВЯКА, вадзіцель Віктар МЫШЛЁН.

Сямёра работнікаў атрымалі падзякі старшыні райвыканкама.

Медалём “20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове” ўзнагароджаны ляснік Івянецкага лясніцтва Леанід ЧАМКО і ляснік Румскага лясніцтва Юрый ЦАЮН.

Падобны медаль за 10 гадоў работы ў азначаным кірунку атрымалі яшчэ дзевяць супрацоўнікаў лясгаса, а больш за 30 чалавек – лісты з падзякамі ад кіраўніцтва лясгаса.

 

Брыгаду Каменскага лясніцтва мы засталі ў час ачысткі ляснога масіву ад захламлення. Прафесійныя вальшчыкі Андрэй Калоска і Павел Босы з дапамогай сваіх верных памочніц – бензапіл – спілоўвалі сосны, а леснікі Яўгеній Роман і Вікенцій Роман падрыхтоўвалі зваленыя дрэвы да транспарціроўкі.

Кожны з мужчын прафесію выбраў свядома, таму і развітвацца з няпростай справай, што патрабуе пастаяннага знаходжання пад адкрытым небам, не збіраецца. Пазіруючы на камеру, мужчыны быццам бы з жартам запэўнілі: з лесу, калі ён у тваім сэрцы, не ўцячэш. Мне ж фраза падалася досыць сур’ёзнай.

Адно з самых цікавых структурных падраздзяленняў лясгаса – гадавальнік, плошча якога перавышае 13 гектараў. Яго супрацоўнікі выконваюць наступныя задачы: стварэнне новых культур, догляд за маладымі культурамі, нарыхтоўка насення, вырошчванне пасадачнага матэрылу – сеянцаў і саджанцаў – аб’ёмам, які перавышае 3 мільёны штук у год.

Другі год за арганізацыю работы гэтай структуры нясе адказнасць Аляксандр Раманчук (на фота ў цэнтры). Малады чалавек дзеля практычнай работы, якую паспяхова сумяшчае з навуковай, адмовіўся ад выкладчыцкай дзейнасці ва ўніверсітэце.

У цяпліцы для вырошчвання сеянцаў з закрытай каранёвай сістэмай (такая методыка дае 95% працэнтаў прыжывальнасці!) мы пазнаёміліся з супрацоўнікамі гадавальніка Таццянай Бражыцкай, Марынай Цімановіч, Верай Круцько, Рыгорам Сайко, Ганнай Бандарык і Аленай Ягоравай. Людзі, у руках якіх літаральна будучыня валожынскіх лясоў, падзяліліся тонкасцямі сваёй работы.

Старонку падрыхтавала Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара