У коле сяброў адзначылі 75-годдзе

Культура Общество

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына ЖДАНЮК уручае грамату Алене ТРАСЦЯНКА.

15 верасня, у Дзень бібліятэк Беларусі, Валожынская дзіцячая бібліятэка святкавала сваё 75-годдзе. Павіншаваць юбіляраў ва ўстанову завіталі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Жданюк, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Марыя Шынгер, калегі з сельскіх устаноў, былыя супрацоўнікі, а таксама прадстаўнікі ўстаноў, якія з’яўляюцца сацыяльнымі партнёрамі.

Шаноўных гасцей віталі гаспадыні дзіцячай бібліятэкі – загадчык Святлана Янкоўская і Алена Трасцянка. Менавіта гэтыя людзі разам з Жаннай Ажэўскай і Галінай Патапчанка аддаюць усю сваю душэўную шчодрасць, цеплыню і веды юным наведвальнікам кніжнага царства. У іх заўсёды ёсць што расказаць дзецям, каб зацікавіць іх кнігай, прывіць любоў да яе. Менавіта таму бібліятэка была і застаецца запатрабаванай у хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны з задавальненнем прыходзяць сюды не толькі ўзяць пачытаць новы зборнік, але і цікава правесці вольны час.

Ірына Жданюк першай павіншавала супрацоўнікаў установы з такой прыгожай і важнай датай. Яна нагадала, што бібліятэка нездарма лічыцца храмам кніг. Яны суправаджаюць нас па жыцці з самага дзяцінства і з’яўляюцца тымі праменьчыкамі, што асвятляюць наш шлях. У іх увасоблены цэлы свет, і гэта, як ніхто, добра ведаюць бібліятэкары. У сувязі з прафесійным святам Ірына Леанідаўна адзначыла граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі за шматгадовую добрасумленную працу ў сферы культуры, узорнае выкананне прафесійных абавязкаў Алену Трасцянка, Валянціну Шумскую і Валянціну Сярэдзіч.

Загадчык дзіцячай бібліятэкі Святлана ЯНКОЎСКАЯ прымае віншаванні ад дырэктара Цэнтральнай раённай бібліятэкі Марыі ШЫНГЕР.

З Днём бібліятэк Беларусі павіншавала сваіх калег Марыя Шынгер. У кіраўніка цэнтральнай раённай бібліятэкі знайшлося шмат добрых слоў і для юбіляраў. Яна пажадала ім росквіту і пабольш маленькіх дапытлівых чытачоў.

Прысутным было цікава і пазнавальна паглыбіцца ў гісторыю станаўлення Валожынскай дзіцячай бібліятэкі, якую ім паведамілі Святлана Янкоўская і Алена Трасцянка, а затым разам зазірнуць у фотаальбом установы.

З цёплымі словамі да работнікаў бібліятэкі звярнулася Алена БАРАХОЎСКАЯ.

Прыемна было бачыць на свяце ветэранаў бібліятэчнай справы, якія не адзін дзясятак гадоў прапрацавалі ў сістэме. Менавіта ім яна абавязана сваім станаўленнем і сягонняшнім дабрабытам. Дзякуючы іх працы фарміраваўся бібліятэчны фонд, добраўпарадкаваліся памяшканні, стваралася бібліятэчная сетка раёна. Сярод іх неабходна назваць Алену Барахоўскую, якая шмат часу ўзначальвала Валожынскую дзіцячую бібліятэку. Алена Ігнацьеўна выказала шмат шчырых пажаданняў у адрас сваёй любімай установы і яе супрацоўнікаў.

Для Алены Сугака і Ірыны Зянько, якія ў свой час таксама ўзначальвалі ўстанову, у такім цёплым, блізкім слове “бібліятэка” памяшчаецца цэлае жыццё, поўнае працы і клопату. Ірына Міхайлаўна падчас віншавальнага звароту прапанавала ўвазе прысутных песню “Жадаю” з рэпертуару Алены Ваенгі.

Творчае выступленне ўдзельнікаў літаратурнага клуба “Кругагляд”.

Дружнымі апладысментамі прысутныя сустрэлі творчае выступленне ўдзельнікаў літаратурнага клуба “Кругагляд”. Работнікам установы было прыемна пачуць віншавальныя словы ад юных наведвальнікаў. Добрыя пажаданні гучалі таксама ад работнікаў сельскіх бібліятэк, дырэктара дзіцячай школы мастацтваў Андрэя Язерскага, кіраўніка народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Наталлі Жылевіч, інспектара групы прапаганды і навучання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Людмілы Сівец, настаяцеля храма Праабражэння Гасподня айца Сергія. Сапраўдным упрыгажэннем свята сталі музычныя нумары, што падарылі прысутным выкладчыкі  Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў Аксана Севярын і Алег Каранеўскі, Аліна Клімянкова і Алена Далбаносава.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара