СІМВАЛЫ ЭПОХІ

2021 - Год народнага адзінства

Гісторыя Валожыншчыны насычана слаўнымі падзеямі, шматлікімі дасягненнямі. За кожнай такой лічбай, датай стаіць самаадданая праца канкрэтных людзей, якія мужна і стойка змагаліся з захопнікамі, не шкадуючы сіл, у розныя часы прымнажалі здабыткі раёна. Іх працоўныя подзвігі праслаўлены высокімі ўзнагародамі і людскім прызнаннем.

Восем жыхароў Валожыншчыны з’яўляюцца кавалерамі ордэна Славы 3-й ступені: Іван Якімавіч Бушуеў, Аляксандр Васільевіч Бубен, Аляксей Аляксеевіч Купцэвіч, Тама Андрэевіч Процкіў, Пётр Віктаравіч Пац, Нікадзім Данілавіч Рэут, Іосіф Вячаслававіч Усціновіч, Георгій Сцяпанавіч Шчуцкі.

Славіцца раён і двума Героямі Сацыялістычнай Працы – звеннявой па вырошчванні лёну калгаса імя Чапаева Лізаветай Трафімаўнай Валадкевіч і брыгадзірам паляводчай брыгады саўгаса “Падбярэззе” Зояй Макараўнай Задорай.

Акрамя таго, 16 чалавек былі ўзнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, 218 атрымалі ордэн “Знак Пашаны”, 177 – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Усяго ж да мірных узнагарод такога высокага рангу прадстаўлены 380 чалавек, некаторыя – двойчы і больш.

У розныя часы ордэн Леніна атрымалі Міхаіл Антонавіч Алешка і Канстанцін Вікенцьевіч Захарэвіч з калгаса імя К. Маркса, Аляксандр Максімавіч Бруй з калгаса “Запаветы Ільіча”, Сяргей Канстанцінавіч Бельскі з Івянецкага племптушказавода, Лізавета Трафімаўна Валадкевіч, Аляксандра Андрэеўна Паўлюкевіч, Марыя Якаўлеўна Клімовіч і Галіна Міхайлаўна Сліж з калгаса імя Чапаева, Сяргей Паўлавіч Супрон – дэпутат Вярхоўнага Савета СССР і Сцяпан Вікенцьевіч Валента з калгаса “Верны шлях”, Надзея Вікенцьеўна Галабурда, Марыя Уладзіміраўна Раманчык, Павел Міхайлавіч Лемяшонак з саўгаса “Ракаўскі”, Фёдар Паўлавіч Галоўскі, Андрэй Іванавіч Карабан і Міхаіл Іванавіч Уласік з калгаса імя Леніна, Зоя Макараўна Задора, Іван Венядзіктавіч Танюкевіч з саўгаса “Падбярэззе”, Зінаіда Сямёнаўна Літвіненка з калгаса “1 Мая”, Антон Станіслававіч Паныш з СШ № 1 райцэнтра.

Зоя Макараўна ЗАДОРА, Герой Сацыялістычнай Працы, брыгадзір паляводчай брыгады саўгаса “Падбярэззе”:

 –  У 1953 годзе маладым спецыялістам па размеркаванні я прыехала на працу ў раён. Маё знаёмства з валожынскімі людзьмі пачыналася сустрэчай з цудоўнай дзяўчынай – Нінай Наквас, якая ў той час была сакратаром райкама камсамола. Яна падабрала нас, маладых дзяўчат, на аўтобусным прыпынку, прытуліла і фактычна вызначыла мой далейшы жыццёвы шлях. Гэта была паважаная і сёння Ніна Фёдараўна Галіеўская. Мне пашанцавала працаваць пад кіраўніцтвам разумных і мудрых кіраўнікоў: дырэктара Вішнеўскай МТС Аляксея Яфімавіча Шабаля, першага дырэктара саўгаса “Падбярэззе” Яўгенія Уладзіміравіча Глінскага. Я ганаруся, што мне давялося працаваць з чалавекам, пра якога і дагэтуль памятаюць у Падбярэззі, Ракаве і Валожыне, – Міхаілам Браніслававічам Полем. Дзякуючы яго розуму, арганізатарскаму таленту, гаспадарка была лідарам не толькі ў раёне і вобласці, але і ў рэспубліцы, неаднаразова мы прадстаўлялі дасягненні Беларусі на выставе ў Маскве і былі адзначаны медалямі.

Адпрацаваўшы ў сельскай гаспадарцы амаль 45 гадоў, кожны год старалася павялічыць ураджайнасць культур. Было няпроста, але  побач са мной былі працавітыя людзі, якія разумелі і ва ўсім падтрымлівалі. У 1987 годзе, перад адыходам на пенсію, ураджайнасць зерневых была 56 цэнтнераў з гектара, бульбы – 287, капусты і караняплодаў – больш за 400 цэнтнераў. За высокія паказчыкі мяне вылучалі дэлегатам ХХVII з’езда Беларусі і ХХVI з’езда КПСС.

Ірына Сяргееўна КАВАЛЕНКА, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, былая старшыня раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі:

–Маё дзяцінства прайшло ў мікрараёне Сельгастэхніка. У памяці назаўсёды засталіся такія людзі, якія для дзяцей работнікаў у той час пабудавалі стадыён, басейн, пункты пракату і іншыя аб’екты. Гэта былы кіраўнік сельгастэхнікі Віктар Васільевіч Аніськін, Вера Пятроўна Касоўская, Уладзімір Іванавіч Глябовіч – людзі-наватары, якія змаглі арганізаваць калектыў на правядзенне суботнікаў і на заробленыя грошы стварыць умовы для развіцця дзяцей. Пачуццё вернасці і адданасці роднай зямлі, асэнсавання сябе як асобы мне далі мае бацькі і мой першы настаўнік СШ № 2 Валожына Антон Антонавіч Навіцкі. З асаблівай цеплынёй успамінаю сям’ю настаўнікаў Мікалая Іванавіча і Марыі Эдуардаўны Балашкаў з Манькаўшчынскай васьмігадовай школы, куды я была накіравана на працу пасля заканчэння педінстытута. Падчас работы ў райкаме камсамола і райкаме партыі лёс даў магчымасць сустрэцца з сапраўднымі героямі зямлі – Героямі Сацыялістычнай Працы Лізаветай Трафімаўнай Валадкевіч і Зояй Макараўнай Задора, таленавітымі і мудрымі кіраўнікамі гаспадарак Міхаілам Вікенцьевічам Ягоўдзікам і Іванам Васільевічам Брылеўскім.

Больш за трыццаць гадоў адпрацавала ў Валожынскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі. Тройчы пераходны сцяг Дзяржпрафадукацыі БССР упрыгожваў калону ўстановы падчас правядзення дзяржаўных свят. У гэтым вялікая заслуга былых дырэктараў Вячаслава Вікенцьевіча Бурко і Васілія Іванавіча Ракаўца, якія змаглі згуртаваць калектыў і накіраваць на вырашэнне пытанняў адукацыйнага працэсу.

Сяргей Дзімітравіч БУБНЕВІЧ, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12 склікання, трактарыст-машыніст калгаса імя Леніна:

– На гады маёй працы прыйшоўся самы росквіт тагачаснай гаспадаркі-мільянера, бо на рахунку калгаса лічыўся 1 мільён рублёў. Кіраваў калектывам Міхаіл Іванавіч Уласік – строгі і патрабавальны, але паважаны сярод калгаснікаў чалавек, які ўмеў трымаць сваё слова. Акрамя высокіх паказчыкаў, у той час у калгасе разгарнулася вялікае будаўніцтва: былі ўзведзены двухпавярховы адміністрацыйны будынак, кацельня, сталовая, гасцініцы, дзіцячы садок, свінаферма ў вёсцы Аўгустова на 4 тысячы галоў. У гаспадарцы налічваліся 3 тысячы галоў БРЖ, з іх 1,5 тысячы кароў. Падабраўся і добры састаў граматных спецыялістаў – сапраўдных прафесіяналаў, талковых гаспадарнікаў: намеснік старшыні Мікалай Сямёнавіч Косік, галоўны інжынер Мікалай Фёдаравіч Рубацкі, галоўны аграном Фёдар Фёдаравіч Кулак, галоўны заатэхнік Надзея Георгіеўна Войтава, загадчыца свінафермы Людміла Мартынаўна Кулікоўская, загадчыца цэнтральнай МТФ “Макараўка” Вера Уладзіміраўна Невядомская, брыгадзір паляводчай брыгады № 5 Міхаіл Фёдаравіч Зялкоўскі, узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Плённай стала для мяне і дэпутацкая дзейнасць у галоўным заканадаўчым органе краіны: у прыватнасці, дзякуючы маёй прапанове, былі ўнесены важкія папраўкі ў Працоўны кодэкс, згодна з якімі менавіта калгаснікі атрымалі магчымасць выходзіць на заслужаны адпачынак на 5 гадоў раней вызначанага тэрміну.