ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ – 102

Происшествия

НАВОШТА ДОШКІ, СТАЛЯР?

З вальеры “Яршоўка”, што належыць жыхарау вёскі Міхалова, прапалі дошкі. Урон, нанесены гаспадару, ацэньваецца ў 200 рублёў. Праваахоўнікамі высветлена: нячысты на руку чалавек – жыхар Мінска, які, па іроніі лёсу з’яўляецца равеснікам абкрадзенага ім чалавека (1962 года нараджэння). Да таго моманту, як паквапіўся на чужы будаўнічы матэрыял, чалавек судзімасці не меў, аднак шлях, на які ступіў, можа да яе прывесці.

ТРЫМАЙ ПРЫ САБЕ

Жыхарка Мінска, уладальніца “Лады Веста”, пакінула свой аўтамабіль у лясным масіве бліз вёскі Палікшты, дзе ён прастаяў з 8 гадзін раніцы да 5 вечара. За гэты час невядомыя здолелі ўкрасці грошы (300 рублёў), пакінутыя бяспечнай гасадыняй  у салоне аўто. У дачыненні да факта ўзбуджана крымінальная справа.

ДАЛЁКА САБРАЛІСЯ?

А вось мужчына без пастяннага месца жыхарства, які зарэгістраваны ў Баранавіцкім раёне, зрабіў аб’ектам крымінальных дзеянняў дзіцячы веласіпед замежнай вытворчасці. Зранку злодзей пранік у двор прысядзібнага ўчастка жыхаркі вёскі Бабровічы і… бывай, дзіцячы транспарт!

З веласіпедам развітаўся і грамадзянін, які пакінуў свайго жалезнага каня на гарадскім рынку. Як кажуць, на месца прыехаў, а дадому падаўся пешшу.  У дачыненні да факта вядзецаца праверка.

ШКОДНІКІ

Бессэнсоўную шкоду ў дачыненні да чужой маёмасці ўчынілі невядомыя, якія пакінулі на месцы здарэння прадметы, што сведчаць аб наступным: перш чым паламаць 8 лістоў металапрофільнай агароджы на вуліцы Савецкай яны атрымалі асалоду ад распіцця спіртнога. Вынік – узбуджана крымінальная справа.

ДАПРАЦАВАЛІСЯ

У наступнай гістрорыі і пацярпелы,  і злодзей з’яўляюцца калегамі – абодва працуюць у КСУП “Пяршаі-2014”. Мужчына 1988 года нараджэння (судзімы) праз акно залез у дом жыхара вёскі Палубоўцы і ўкраў рыбалоўныя прыстасаванні і будаўнічыя інструменты. Урон, нанесены гаспадару, склаў 128 рублёў. Вінаваты будзе прыцягнуты да адказнасці.

МЭБЛЯ “ЗРАБІЛА НОГІ”

Даволі буйны ўрон нанеслі невядомыя гаспадарам кафэ “80 км”, вывезшы з установы, якая амаль год не працуе, 35 драўляных з мяккай абшыўкай крэслаў. Як высветлілася, злачынцы праніклі ў памяшканне праз акно, якое не зачыняецца. На месцы здарэння знойдзены пусты пачак ад цыгарэт і акурак, зафіксаваны след тканевай пальчаткі. Вядзецца разбіральніцтва.

ЭХ, СЫНОК!

Давялося супрацоўнікам РАУС выехаць і на сямейны скандал у вёску Сівіца. На гэты раз сын 1989 года пакрыўдзіў маці 1966 года нараджэння. Жанчына паведаміла ў міліцыю пра тое, што пасля ўжывання спіртнога нашчадак абразіў і нават піхнуў яе. Аднак, як гэта бывае часцей за ўсё, яе зварот у праваахоўныя органы быў дэманстрацыйным. Яшчэ да прыбыцця міліцыі маці і сын памірыліся. Аднак мужчына абавязкова будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

НА ДАРОЗЕ ТАК НЕЛЬГА

На 69-м кіламетры аўтадарогі М-6 у цёмны час сутак вадзіцель аўтамабіля “Аўдзі А3” пры руху з хуткасцю 70 кіламетраў у гадзіну наехаў на мужчыну, які загінуў на месцы. Несцвярозы пешаход рухаўся па другой паласе ў папутным кірунку, пры гэтым не быў пазначаны святлоадбівальным элементам. Вадзіцель быў цвярозым. Вядзецца праверка.

Матэрыял па міліцэйскіх зводках

падрыхтавала Валянціна КРАЎНЕВІЧ