Наша сіла – у адзінстве!

2021 - Год народнага адзінства Важное Общество Официально

17 верасня Валожыншчына ўпершыню разам з усёй краінай урачыста адзначыла новае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства.

Дзень народнага адзінства – вобраз, які ўвасобіў у сабе надзею, адданасць і любоў да сваёй Айчыны. Гэта агульнанацыянальнае свята, якое аб’ядноўвае людзей усіх сацыяльных слаёў, розных пакаленняў. Яно мае вельмі глыбокі духоўны сэнс, прысвечаны Радзіме, дружбе народаў і непадзельнасці дзяржавы, нагадвае нам пра непахісныя каштоўнасці і традыцыі нашага народа, аб згуртаванасці і салідарнасці, узаемаразуменні і любові да любімай Беларусі. Наша адзінства ў гісторыі, традыцыях, жыццёвай актыўнасці, працавітасці, духоўнасці, гасціннасці і узаемапавазе.

Галоўныя падзеі прайшлі на плошчы Свабоды ў Валожыне. Тут разгарнуліся выставы народных майстроў, “Мы родам з СССР”, раённага краязнаўчага музея, народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, тэматычныя фотазоны, работа гандлёвых радоў, дзіцячых атракцыёнаў, палявой кухні. Цікава было ўвачавідкі пабачыць сучасную лесагаспадарчую тэхніку – з-за спецыфікі работы яна працуе толькі ў зялёным масіве, таму мала вядома шырокаму колу людзей. Танк мясцовай воінскай часці, спецыялізаваныя машыны Дзяржаўтаінспекцыі і пажарная аварыйна-выратавальная таксама сталі аб’ектамі павышанай увагі – асабліва ў дзетвары. Дэгустацыі ўласнай прадукцыі праводзілі масласырзавод і івянецкая кандытарская фабрыка.

Урачыстасць распачалася ў 15 гадзін на сцэнічнай пляцоўцы. Са святам ўсіх прысутных павіншаваў старшыня райвыканкама Яўген Круковіч. Ён адзначыў, што Дзень народнага адзінства – гэта не толькі вяртанне да мінулага. Сёння гэта дата яшчэ і пераемнасць пакаленняў, і сімвал перамогі для тых, хто хоча бачыць Беларусь мірнай, моцнай і незалежнай. “Дзень народнага адзінства – яшчэ адна нагода кожнаму з нас усвядоміць, якую цану мы заплацілі за права жыць у сваёй дзяржаве і называцца нацыяй, – падкрэсліў Яўген Міхайлавіч. – А для маладога пакалення важна паўтараць і на падобных прыкладах паказваць простую ісціну – мы мацней, калі разам. Пры ўсёй непадобнасці і рознасці чалавечых лёсаў у нас адна Радзіма, таму кожны павінен зрабіць усё магчымае для яе далейшага развіцця”. Кіраўнік раёна пажадаў, каб Дзень народнага адзінства стаў своеасаблівай кропкай адліку для добрых і карысных спраў.

Карыстаючыся магчымасцю, Я. Круковіч узнагародзіў Падзякай старшыні райвыканкама аператара электронна-вылічаных машын, забеспячэння масласырзавода Ірыну Бітэль, інструктара-валяёлага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлану Нахай, намесніка начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандра Акушку, спецыяліста па кадрах райаграпрамтэхнікі Вольгу Шакун, намесніка галоўнага ўрача райбальніцы Ганну Шурыгіну.

Адметнай асаблівасцю святочнай урачыстасці стала ўшанаванне лепшых работнікаў лясгаса, якія ў гэтыя выхадныя адзначаць сваё прафесійнае свята. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі 10 прадстаўнікоў працоўнага калектыву. У адказным слове дырэктар Валожынскага лясгаса Уладзімір Бацян уручыў райвыканкаму каштоўны падарунак.

Словы віншавання землякам адрасаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік, а таксама адзначыў Падзякай заканадаўчага органа ўлады прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў – старшыняў раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніку Загорскую і Валожынскай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Анатніну Трацэўскую.

Мы, беларусы, з’яўляемся захавальнікамі міру, хрысціянскіх традыцый, узорам міжнацыянальнага, міжканфесійнага і сацыяльнага адзінства, што робіць нас суверэннай дзяржавай. Аб гэтым гаварыў у сваім прывітанні намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун. З яго рук Падзячныя пісьмы райвыканкама атрымалі Благачынны Валожынскай акругі, настаяцель Свята-Канстанціна-Аленінскай царквы ў Валожыне протаіерэй Дзмітрый Агіевіч і святар храма Святых Бяссрэбранікаў Касьмы і Даміяна аграгарадка Вішневапротаіерэй Аляксандр Чурыла.

У Беларусі пражывае 140 нацыянальнасцей, некаторыя з іх знайшлі свой другі дом менавіта на Валожыншчыне – тут яны па-суседску мірна і добразычліва жывуць, плённа працуюць і трывала пускаюць свае карані. Падзякай райвыканкама былі адзначаны ўрач-рэнтгенолаг райбальніцы Рыта Кавалёва, выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка” Аксана Сахнова, культарганізатар Дорскага сельскага Дома культуры Вольга Арлавец, электрагазазваршчык сельгасупраўлення “Бабровічы” Іван Кабзенка.

Пасля адбылася канцэртная праграма з удзелам вядучых калектываў горада і раёна, а таксама выступленне зорак беларускай эстрады – арт-праекта “БрэндБай”. Прыгожыя мілагучныя мелодыі і песні, нягледзячы на даждлівае і досыць халоднае надвор’е, стварылі святочны настрой, падарылі хвіліны душэўнай асалоды і замілавання.

 Хочацца адзначыць, што ўся тэматыка самой урачыстасці, адзенне вядучых і артыстаў з нацыянальным каларытам былі прысвечаны адной задуме – адзінству нацыі. Бо ва ўсе часы менавіта адзінства народа было, ёсць і будзе для нашай краіны галоўнай нацыянальнай ідэяй і ў палітычным, і ў духоўным плане. Гэта тая гістарычная аснова, якая звязвае мінулае, сучаснасць і будучыню.

Яшчэ адной важнай і знакавай падзеяй быў адзначаны Дзень народнага адзінства ў Валожыне – у фае будынка раённага выканаўчага камітэта на 1-м паверсе адкрылася галерэя партрэтаў старшыняў райвыканкама, якія ўзначальвалі ўладу з самага пачатку ўтварэння Валожынскага раёна.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА