Цудоўны свет творчасці

Молодежный курьер Общество

Знайшлося шмат жадаючых паспрабаваць сябе ў вырабе лялькі-абярэга.

Першы тыдзень верасня ва ўсёй Рэспубліцы Беларусь быў прысвечаны ўстановам дадатковай адукацыі. У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна ён прайшоў насычана і цікава.

Кожны дзень тут адбываліся шматлікія мерапрыемствы, актыўнымі ўдзельнікамі якіх сталі больш за 900 рабят. Для іх была арганізавана цікавая экскурсія па цэнтры. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з кабінетамі, дзе праходзяць заняткі аб’яднанняў па інтарэсах, наведалі выставачную залу, time-кафэ “ВМесте”. Вельмі даспадобы ім прыйшліся майстар-класы па валенні з воўны, выяўленчым мастацтве, выцінанцы, арыгамі, вырабе любімай жывёлы ў тэхніцы паперапластыка і інш. Дзяцей уразіла экскурсія “Іх ніколі не забудзем”, падчас якой школьнікі прайшліся па месцах гераічнага мінулага Валожына і пазнаёміліся з помнікамі Вялікай Айчыннай вайны. З задавальненнем рабяты ўдзельнічалі ў спартыўных мерапрыемствах. Для іх былі арганізаваны рухавыя гульні на свежым паветры, спартландыі, спаборніцтвы па міні-футболе і баскетболе.

Педагогі ўстановы паказалі юным наведвальнікам, як проста і займальна можна праводзіць вольны час і пры гэтым развіваць свае творчыя магчымасці, раскрываць уласныя таленты. У агульнаадукацыйных школах яны правялі рэкламныя акцыі, арганізавалі выставы работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці, танцавальныя флэш-мобы і прэзентацыі. Рабяты з задавальненнем акунуліся ў цудоўную атмасферу творчасці, змаглі паспытаць сябе ў кемлівасці, эрудыцыі, хуткасці і сіле, многаму навучыліся, шмат новага даведаліся.

Завяршыўся Тыдзень маштабным святам “Да поспехаў і мар на крылах творчасці”, у якім прынялі ўдзел каля 200 дзяцей. Рабятам прапанавалі квэст-гульню “Цэнтр рыхтуе сюрпрыз”. Пасля таго, як хлопчыкі і дзяўчынкі падзяліліся на каманды, яны адправіліся на станцыі “Вясёлка ідэй”, “Паходная”, “Свет танца”, “СольДо”, “Лінгва-Знайка” і інш., дзе адказвалі на пытанні, выконвалі прапанаваныя ім заданні адпаведна з напрамкам работы аб’яднанняў.

Адметнай асаблівасцю Тыдня стала выстава фотаработ і малюнкаў дзяцей “На радзіме мастака”, прысвечаная 150-гадоваму юбілею нашага славутага земляка Фердынанда Рушчыца. У ёй прынялі ўдзел выхаванцы аб’яднанняў па інтарэсах цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў. Педагог дадатковай адукацыі Ала Макарэвіч выканала прыемную місію ўзнагароджання юных творцаў. Дыпломы і памятныя падарункі атрымалі Кацярына Кербедзь, Канстанцін Родзевіч, Ксенія Родзевіч, Анастасія Швец, Рыгор Грынкевіч, Кацярына Аўсіенка, Ілля Рубацкі. Дыпломам пераможцы ў Міжнародным конкурсе малюнкаў і ілюстрацый, прысвечаным 100-годдзю пісьменніка-фантаста Станіслава Лема, быў узнагароджаны вучань сярэдняй школы № 1 г. Валожына Міраслаў Барладзян.

Падчас свята былі арганізаваны катанне на механічных конях, фотазона, кірмаш-продаж “Шоп-Арт”, дзе можна было набыць сувеніры і іншыя вырабы ручной работы, працавала пляцоўка з аквагрымам. Інфармацыйны цэнтр кансультаваў рабят і іх бацькоў па пытаннях выбару гуртка і тут жа адразу можна было напісаць заяву на залічэнне ў той, што прыйшоўся даспадобы.

Алена СОБАЛЕВА прэзентуе работу аб’яднання па інтарэсах “Творчы калейдаскоп”.
У Кірыла ЛУГОЎСКАГА добра атрымліваецца геаметрычная разьба па дрэве.
Маленькія мастакі за працай.

На мерапрыемстве былі прадстаўлены як аб’яднанні цэнтра творчасці, так і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада. Працавалі выставы гурткоў “Творчы калейдаскоп”, “Вясёлка ідэй” цэнтра, “Мелодыя дрэва” гімназіі № 1 г. Валожына, “Чароўныя шматкі” сярэдняй школы № 1 райцэнтра і інш. Рабяты з асалодай спрабавалі сябе ў тым ці іншым відзе творчасці падчас майстар-класаў, што тут праводзілі.

Пасля падвядзення вынікаў квэст-гульні да рабят наведаўся цікавы госць – супергерой, які працягнуў святочную праграму. Разам з ім школьнікі з задавальненнем уключыліся ў гульню “Ты супер!”. Святочная дзея завяршылася флэш-мобам пад прыгожую, запальную песню. Пасля рабяты зрабілі агульнае фота на памяць каля новага арт-аб’екта “Я люблю Валожын”.

 Хлопчыкі і дзяўчынкі цудоўна правялі час, атрымалі шмат станоўчых эмоцый і з добрым настроем адправіліся дадому.

Тэкст і фота Анжэлы РАДЫНА