Халоднае дажджлівае надвор’е чакаецца ў Беларусі на гэтым тыдні

Кругозор

Халоднае дажджлівае надвор’е чакаецца ў Беларусі на гэтым тыдні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

«Цыклон, які фарміраваў надвор’е ў мінулыя выхадныя, па тэмпературным рэжыме рэзка перанёс нас у сярэдзіну кастрычніка. Усюды прайшлі дажджы рознай інтэнсіўнасці. На большай частцы тэрыторыі краіны за два дні выпала амаль палавіну вераснёвай нормы, а месцамі па Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях — нават больш за тое, што звычайна бывае за ўвесь верасень. У рэкардсменах Ваўкавыскі раён. Тут за суботу і нядзелю выпала 78 мм дажджу, што складае 126 працэнтаў месячнай нормы», — расказалі ў Белгідрамеце.

Паводле прагнозаў сіноптыкаў, сёння цэнтр цыклону пакіне тэрыторыю Беларусі і перамесціцца на Бранскую вобласць Расіі. Але дажджавыя аблокі па-ранейшаму будуць закрываць краіну шчыльнай заслонай. Тэмпература паветра ў сярэдзіне дня не перавысіць плюс 5-11 градусаў.

У аўторак, 21 верасня, цыклон, застаючыся маларухомым над Бранскай вобласцю, будзе фарміраваць надвор’е ў Беларусі, а паветраная маса прадоўжыць паступаць з поўначы Еўропы. Захаваецца халоднае надвор’е. На большай частцы тэрыторыі пройдуць дажджы. Вецер прагназуецца паўночны, паўночна-заходні ўмераны, днём месцамі парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе 1-7 градусаў вышэй за нуль, днём — 4-10 цяпла.

У сераду, 22 верасня, Беларусь застанецца пад уплывам халодных паветраных мас і атмасферных франтоў ад цыклону, які страчвае актыўнасць. Будзе пераважаць воблачнае надвор’е. На значнай частцы тэрыторыі пройдуць невялікія дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах могуць узнікаць туманы. Вецер прагназуецца паўночна-заходні, паўночны ўмераны. Тэмпература паветра ноччу складзе 2-7 градусаў вышэй за нуль. Днём будзе 4-10 цяпла, па паўднёвым захадзе — на некалькі градусаў цяплей.

У чацвер, 23 верасня, захаваецца ўплыў халодных і няўстойлівых паветраных мас, будзе воблачна з праясненнямі. Ноччу ў многіх раёнах пройдуць невялікія дажджы, днём дажджоў стане менш і яны будуць мець кароткачасовы характар. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы туман. Вецер прагназуецца няўстойлівы ўмераны. Тэмпература паветра ноччу складзе 2-7 градусаў вышэй за нуль. Днём будзе 5-11 градусаў цяпла, па паўднёвым захадзе — плюс 12-14.

У пятніцу, 24 верасня, надвор’е стане фарміраваць чарговая сістэма атмасферных франтоў з Балтыйскага мора. На большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць дажджы. Вецер прагназуецца паўднёвы з пераходам на заходні парывісты, месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе 2-9 градусаў вышэй за нуль, днём — 7-14 цяпла.

У суботу, 25 верасня, захаваецца дажджлівае надвор’е. Тэмпература паветра ноччу складзе 5-10 градусаў вышэй за нуль, днём — 8-15 цяпла.

У нядзелю, 26 верасня, рост атмасфернага ціску будзе садзейнічаць змяншэнню аблокаў і паступоваму спыненню дажджоў. Ноччу ў асобных раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, а днём ужо будзе пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай месцамі будуць клубіцца туманы. Тэмпература паветра ноччу складзе 3-10 градусаў вышэй за нуль, днём — 9-16 цяпла.