За адданасць справе – пашана

Общество Ступені поспеху

Праца ў банкаўскай сферы – не з простых. Каб стаць сапраўдным прафесіяналам у гэтым кірунку, адной толькі профільнай адукацыі мала.  Разам з матэматычным складам розуму неабходна добрае ўсведамленне мэт і задач, што стаяць перад работнікамі галіны, а таксама выключнае адчуванне псіхалогіі і запытаў кліента.

Нядаўна супрацоўніцы Цэнтра банкаўскіх паслуг № 514 у горадзе Валожыне Рэгіянальнай дырэкцыі па Мінскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” Святлана Багуцкая, Яўгенія Грыбоўская і Ала Іванчык за шматгадовы годны ўклад у развіццё справы, якой прысвяцілі жыццё, адзначаны ўзнагародамі.

Святлана Мікалаеўна аддала прафесіі 27 гадоў. Зараз спецыялізуецца ў абслугоўванні прыватных кліентаў. Яна адзначана Лістом з падзякай начальніка Рэгіянальнай дырэкцыі. Падобная ўзнагарода ўручана і Але Казіміраўне, якая таксама, як і калега, працуе ў цэнтры 27-ы год.

Яўгенія Іванаўна стала ўладальніцай Падзякі старшыні праўлення ААТ “Белаграпрамбанк”. Галоўны спецыяліст аддзела карпаратыўнага бізнесу, яна займаецца крэдытаваннем арганізацый аграпрамысловага комплексу, абслугоўваннем юрыдычных асоб, цесна супрацоўнічае з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Стаж Яўгеніі Іванаўны ў банкаўскай справе – 24 гады.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара