Так востра пытанне санкцый яшчэ не ставілася

Важное Официально

13-14 верасня бягучага года Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі сумесна з урадам і наймальнікамі правяла Міжнародную канферэнцыю “Уздзеянне глабальных эканамічных выклікаў на сацыяльна-працоўныя правы чалавека”. Мэта форуму – даць адзнаку практыцы прымянення аднабаковых санкцый.

 У канферэнцыі прынялі ўдзел каля 400 чалавек з 15 краін. Гэта вядучыя эксперты ў галіне міжнароднага права, прадстаўнікі ўрада, навуковых колаў, судовых інстанцый, рэгіянальных міждзяржаўных аб’яднанняў, палітолагі, дэпутаты, паслы замежных дзяржаў, кіраўнікі міжнародных прафсаюзных аб’яднанняў, а таксама непасрэдна прадстаўнікі тых прадпрыемстваў, якія закранулі санкцыі.

Пазіцыя ўсіх удзельнікаў адназначная: аднабаковыя прымусовыя меры незаконныя. Як падкрэсліла ў сваім выступленні на канферэнцыі афіцыйны прадстаўнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, спецыяльны дакладчык ААН Алена Доўгань, аднабаковыя санкцыі парушаюць міжнароднае права, бо, згодна з ім, толькі Савет бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый можа ўводзіць такія меры. Таксама прадстаўнік ААН адзначыла, што санкцыі заўсёды негатыўна адлюстроўваюцца на простых людзях, парушаюць правы людзей на працу, на ахову здароўя і іншыя важнейшыя правы.

Так, падчас канферэнцыі прадстаўнікі розных краін неаднаразова прыводзілі рэальныя прыклады таго, як з-за санкцый пакутавалі звычайныя людзі. Напрыклад, у Іране ў выніку санкцый людзі засталіся без жыццёва неабходных лекаў. Больш таго, ёсць задакументаваныя выпадкі, калі ўся гэта санкцыйная палітыка прыводзіла да смерці людзей. Агучваліся прыклады, як людзі страчвалі работу, асабліва найбольш слабыя катэгорыі – жанчыны, моладзь, людзі старэйшага ўзросту.

Сёння кіраўніцтва краіны прымае меры, каб не дапусціць негатыўнага ўздзеяння санкцый на людзей. Такая задача пастаўлена Прэзідэнтам Беларусі. Ідзе пераарыентацыя рынкаў збыту, развіваецца імпартазамяшчэнне.

Але моўчкі глядзець на тое, як разбураецца сістэма міжнароднага права, як заходнія палітыкі парушаюць права беларусаў на працу, прафсаюзы не могуць. Каб абараніць і адстаяць правы і інтарэсы людзей, Федэрацыя прафсаюзаў яшчэ са снежня 2020 года ўключылася ў работу па супрацьдзеянні незаконнай санкцыйнай палітыкі. З таго моманту накіраваны звароты ў Міжнародную арганізацыю працы, Савет па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Савет Еўрапейскага Саюза. Тым не менш на сёння зразумелых адказаў на ўсе гэтыя звароты, на прамыя запыты працоўных нашай краіны не атрымана. Захад адмаўляецца чуць голас людзей. Больш таго, прымаючы рашэнні аб новых санкцыях, цынічна гаворыць аб тым, што робіцца гэта ў інтарэсах людзей.

Для таго, каб даць прававую адзнаку такім дзеянням і заклікаць так званы калектыўны захад да адказу за парушэнне міжнароднага права, і была праведзена міжнародная канферэнцыя.

Па выніках форума прыняты два важныя дакументы.

Першы – заключэнне экспертаў, у якім па пунктах прапісана, якія дакументы ў сферы міжнароднага права парушаны. Ад Статута і рэзалюцый Арганізацыі Аб’яднаных Нацый да Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Пад дакументам паставілі подпісы вядучыя эксперты ў галіне міжнароднага, працоўнага права.

Другі – рэзалюцыя канферэнцыі, у якой адназначна пацвярджаецца незаконнасць санкцый. Таксама падтрыманы тэзіс аб тым, што ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза павінны быць распрацаваны і ўкаранёны контрмеры ў адказ на незаконныя санкцыі.

 Гэтыя два дакументы стануць асновай для далейшай работы па абароне беларусаў ад незаконных дзеянняў Еўрасаюза і іншых краін, якія ўводзяць і падтрымліваюць санкцыі. Прафсаюзы сумесна з усімі зацікаўленымі будуць прыцягваць міжнародныя суды, такія спецыялізаваныя інстытуты ААН, як Міжнародная арганізацыя працы, Сусветная арганізацыя аховы здароўя, каб на міжнародным узроўні дабіцца выключэння практыкі прымянення аднабаковых санкцый.