Святыні, што нясуць мір і згоду

Кругозор Культура Общество

Прыхаджане касцёла Святога Юзафа жывуць у чаканні важнай для Валожыншчыны падзеі. Хутка сюды прыбудуць значныя святыні – абразы Божай Маці з розных куткоў Беларусі. Каб данесці жыхарам раёна больш падрабязную інфармацыю, мы звярнуліся да пробашча Валожынскай парафіі доктара Гэнрыка Акалатовіча.

 – Добры дзень, ксёндз Гэнрык! Раскажыце, якія менавіта абразы прыедуць у наш горад?

 – Пахвалёны Езус Хрыстус! Дзень добры! Як Вы ўжо адзначылі, тое, што адбудзецца ў нашым прыходзе 2 кастрычніка, можна смела палічыць вялікай радасцю, светлай і неверагодна прыгожай падзеяй.  Упершыню не менш чым 11 цудадзейных абразоў з Браслава, Будслава, Брэста, Лагішына, Гродна, Тракеляў і інш. населеных пунктаў будуць цэлы тыдзень знаходзіцца пад дахам нашага касцёла, і кожны чалавек, незалежна ад таго, наколькі ён рэлігійны і якую канфесію прадстаўляе, зможа памаліцца перад чыстым вобразам Маці Божай. Хачу сказаць, што ўсе касцёлы, якія прышлюць нам копіі сваіх святынь – так званыя Марынічныя храмы (у гонар святой Марыі, маці Езуса). Гэта значыць, што іх місія – услаўленне вобразу і імя Багародзіцы.

– У чым іх адрозненне ад тых, што, напрыклад, маюцца ў нашым касцёле ці ў вернікаў дома?

– Гэта не проста выявы Маці Божай, а сапраўды цудадзейныя абразы, якія на працягу стагоддзяў давалі веруючым людзям сваю ласку і дапамогу. Памаліцца перад імі едуць з розных куткоў зямнога шара. Але ж ці ў кожнага з нас ёсць магчымасць здзейсніць пілігрымку? Не. Таму Святая Марыя, якая здольна атуліць сваёй любоўю  кожнага чалавека, прыходзіць туды, дзе яна патрэбна.  Дарэчы, абразы асвяціў прадстаўнік Папы Рымскага, апостальскі нунцый у Беларусі, архібіскуп Антэ Ёзіч.

– Што папярэднічала прыняццю такога рашэння і чаму менавіта зараз ладзіцца падобная акцыя?

– Ужо амаль два гады, як мы, беларусы, разам з усім светам вядзём барацьбу з віруснай інфекцыяй COVID-19. Хачу адзначыць, усе абразы, што задзейнічаны ў святой справе, увайшлі ў склад тых, што з мэтай абароны Беларусі ад каранавіруса аб’ехалі межы нашай краіны. І ў Валожын яны прыбудуць для таго, каб кожны наш жыхар змог папрасіць у Маці Божай неабходную ласку і аддзячыць за апеку над ім і яго роднымі. Спадзяюся, Багарозіца ахіне сваёй любоўю наш горад, і пандэмія, прынёсшая на зямлю столькі негатыву, адступіць. Прысутнасць святых абразоў абавязкова падораць нам імкненне да еднасці, мірнага суіснавання, любові да бліжняга, лад і паразуменне ў сем’і.

– Скажыце, усе святыні выключна каталіцкія?

– З вялікай радасцю паведамляю і малюся за гэта правільнае рашэнне, што сярод іх будзе і праваслаўная ікона Маці Божай Жыровіцкай. Гэта стане цудоўным знакам адзінства і паразумення. Мы ж кожны раз молімся за братоў і сясцёр праваслаўных, то чаму б нашым святыням не дарыць святло сваёй любові адначасова? Тым больш у горадзе, у якім пры ўездзе з любога боку чалавека абавязвава сустракаюць крыжы – праваслаўны і каталіцкі, як сімвал блізкасці дзвюх хрысціянскіх канфесій.  Дарагія праваслаўныя вернікі і святары храмаў, з самымі шчырымі пачуццямі чакаю вас у касцёле.

– Агучце, калі ласка, праграму мерапрыемстваў, што будуць папярэднічаць гасцяванню на нашай зямлі святынь, іх сустрэчы і знаходжання ў касцёле.

– 2 кастрычніка ў 17 гадзін адбудзецца сустрэча. Абразы прыбудуць на машынах з належным суправаджэннем. Вернікі працэсійна ўнясуць іх у касцёл і ўстановяць на спецыяльна падрыхтаваныя пачэсныя месцы. Затым, паколькі кастрычнік лічыцца месяцам Маці Божай Ружанцовай, адбудзецца Набажэнства Ружанцовае і Святая Імша. Абразы будуць у нас да 10 кастрычніка. На працягу ўсяго перыяду штодзённа  запланаваны дзве імшы – у 8.00 і ў 18.00.

– Шчырае дзякуй за тлумачэнні і анонс важнай падзеі.

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара