Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

 

67 вучняў паступілі сёлета ў першы клас на розныя аддзяленні Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў. Пасведчанні аб заканчэнні школы ў мінулым навучальным годзе атрымалі 42 выпускнікі. Адбыўся першы выпуск харэаграфічнага аддзялення.

Па-ранейшаму сярод прыярытэтных інструментаў, навучанню на якіх бацькі аддаюць сваіх дзяцей, – фартэпіяна. На другім месцы – акардэон і духавыя інструменты. Выяўленчаму мастацтву пажадалі вучыцца 10 хлопчыкаў і дзяўчынак, харэаграфічнаму – 6. Вядзецца дадатковы набор.

 17 верасня на базе Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь адбылося незвычайнае мерапрыемства, прысвечанае Дню народнага адзінства: лідары маладзёжных і грамадскіх аб’яднанняў, лепшыя спартсмены і актывісты школьнага самакіравання Мінскай вобласці сустракаліся з вядучымі спартсменамі Беларусі, прызёрамі Алімпійскіх гульняў у Токіа.

 На мерапрыемстве “Мы разам: Лідар. Алімпіец” наш раён прадстаўлялі вучаніца 6 “А” класа Івянецкай сярэдняй школы, старшыня савета дружыны, намеснік старшыні Дзіцячай палаты Дар’я Бібік і педагог-арганізатар гэтай навучальнай установы Святлана Юр’еўна Сасункевіч. Удзельнікаў пазнаёмілі з экспазіцыяй Алімпійскага музея, а потым прайшла сустрэча за круглым сталом. На пытанні школьнікаў адказвалі бронзавыя прызёры ХХХІІ Алімпійскіх гульняў у Токіа Максім Недасекаў (скачкі ў вышыню) і Ванеса Каладзінская (барацьба жаночая), прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы Васіліса Марзалюк (барацьба жаночая). Была арганізавана фотасесія, спартсмены пакінулі ўдзельнікам сустрэчы свае аўтографы.

Не так даўно, падчас падарожжа па нашым раёне, у краязнаўчы музей завітала аўтар кнігі “Святыя крыніцы Белай Русі” Алена Харашэвіч.

 У гэтым выданні аўтар сабрала легенды і паданні пра ўсе святыя крынічкі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, кніга багата ілюстравана. Зараз аўтар здымае відэафільм пра месцы, дзе бруяць святыя крынічныя воды, якія лічацца гаючымі. У нашым раёне такіх месцаў некалькі – Ракаў, Валожын, Лоск і Вішнева. Дарэчы, у Вішневе цяпер дзве крынічкі: на тэрыторыях каталіцкага і праваслаўнага храмаў.

З першых дзён навучальнага года ў кінатэатры “Юнацтва” пачалі дзейнічаць кіналекторыі для вучняў розных класаў. Працуюць лекторыі і на базе ўсіх школ раёна.

Першы кіналекторый быў прысвечаны Адзінаму дню бяспекі на тэрыторыі Мінскай вобласці. Адбылося 5 сеансаў для вучняў гімназіі і СШ № 2. Перад пачаткам мастацкага фільма дэманстраваліся дакументальныя стужкі, прадастаўленыя РАНС, якія перасцерагалі ад гульняў з агнём, вучылі паводзінам на вадзе і інш. Да Дня народнага адзінства дэманстраваліся дакументальныя фільмы “Мінская элегія” і “Максім Танк. Натуральны, як лінія небасхілу”.

На Вілейскім вадасховішчы ў гонар Дня народнага адзінства прайшоў турзлёт каманд аддзяленняў дзённага знаходжання для пажылых людзей тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання Вілейскага, Валожынскага і Смаргонскага раёнаў. Гаспадары выставілі дзве каманды.

 Наш раён прадстаўляла каманда “Равеснікі”, у склад якой увайшлі 8 чалавек і два стваралі групу падтрымкі. Капітанам абралі Галіну Канапелька. Арганізатары падрыхтавалі 6 заданняў – жартоўных і нежартоўных, дзе патрабаваліся лоўкасць, спрыт, веды. Удзельнічаць у іх магла ўся каманда ці асобныя члены. У выніку журы вырашыла, што перамагла дружба. Усе атрымалі прызы, падарункі, па кавалку каравая і паспрабавалі салдацкую кашу ад гасцінных гаспадароў.

 У апошнія дні жніўня і першыя вераснёўскія Івянецкі музей традыцыйнай культуры праводзіў выстаўкі ў музейным дворыку. Традыцыя такіх выстаў пад адкрытым небам адновіцца з вясны наступнага года.

Гэта былі этнаграфічныя выставы з музейных фондаў – тканыя посцілкі, абрусы, ручнікі, паясы, керамічны посуд, прылады працы, драўляная скульптура і лялькі-абярэгі. На ўсіх выставах прысутнічаў талісман музея – кот Фэля. Першымі і самымі цікаўнымі наведвальнікамі былі выхаванцы дзіцячага сада і вучні малодшых класаў мясцовай школы. Не міналі выставу і івянчане, якія проста праходзілі міма.

Людзей, якія маюць права на гуманітарную дапамогу і не атрымлівалі яе ў бягучым годзе, запрашаюць у салон  “Міласэрнасць” па вуліцы Набярэжнай, 4. Тут ёсць многа дзіцячага і дарослага адзення.

 Па даных на 1 верасня сёлета гуманітарную дапамогу атрымалі ўжо 544 чалавекі. Сярод іх – 358 чалавек са шматдзетных сем’яў, 11 – з сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, 73 дарослыя інваліды, 17 пенсіянераў і іншыя катэгорыі жыхароў раёна.