Дэпутат заўсёды на сувязі

Общество Официально

На гэтым тыдні “прамую тэлефонную лінію” і прыём грамадзян у райвыканкаме правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73 Алег Семянчук.

Алег Аляксеевіч адзначыў, што амаль усе пытанні, якія паступілі, так ці інакш тычыліся работы жыллёва-камунальнай службы і рамонту дарог.

Цікавую праблему закрануў жыхар Валожыншчыны, якога турбуе захаванне роднай мовы. А. Семянчук пагадзіўся, што для таго, каб наша прыгожая, мілагучная беларуская мова часцей ужывалася грамадзянамі, пакуль робіцца недастаткова. Тым не менш, нельга сказаць, быццам яна ў заняпадзе. Напрыклад, валожынская раённая газета друкуецца па-беларуску, радыё выходзіць у эфір таксама на беларускай мове. Ва ўстановах культуры на большасці мерапрыемстваў гучыць менавіта роднае слова. Шмат цікавых беларускамоўных праграм на тэлебачанні.

На некалькі пытанняў былі дадзены адказы згодна з нарматыўнымі дакументамі, што іх рэгулююць. Аднак і людзі, і сам дэпутат пагадзіліся, што існуюць моманты, калі хацелася б, каб асобныя палажэнні былі больш дасканалымі. “Працэс заканатворчасці – жывы і пастаянны, – заўважыў Алег Аляксеевіч. – Для таго і праводзяцца  “прамыя тэлефонныя лініі” і дэпутацкія прыёмы, каб своечасова высвятляць болевыя кропкі і ўносіць прапановы на разгляд дэпутацкага корпуса”.

Валянціна Краўневіч