ПРА ТОЕ, ШТО Ў ЛЮДЗЕЙ НАБАЛЕЛА, ЯНЫ РАСКАЗВАЮЦЬ ШЧЫРА

Общество

Чарговы прамы тэлефонны дыялог правёў нядаўна старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч Наумовіч з жыхарамі Валожыншчыны.

Рэзерв адведзенага часу – а гэта звычайна 2 гадзіны – дазваляе на “Прамой лініі” выслухаць каля 20 тэлефонных зваротаў. Гэты статус-кво пацвердзіў і чарговы адкрыты дыялог з жыхарамі раёна, які нядаўна прайшоў з удзелам старшыні райвыканкама.

Звязаўшыся па тэлефоне з кіраўніком раёна, суразмоўцы стараюцца ва ўсіх дэталях перадаць сутнасць праблем, якія іх непакояць. Але ў іх манеры весці размову няма раздражнення і суровых нотак. Бо людзі разумеюць, што не ўсе пытанні можна вырашыць, як кажуць, у імгненне вока. Дыялог з кіраўніком раённай вертыкалі заўсёды носіць памяркоўны, разважлівы характар. Суразмоўцы не толькі ставяць праблемы, а і раяць, як лепш іх вырашыць, падказваюць канкрэтныя шляхі-выхады. У асноўным тэлефануюць грамадзяне, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, а таксама маці, якія цяпер у дэкрэтным водпуску. Званкі з вёсак пераважаюць, хоць у многіх населеных пунктах становіцца ўсё менш і менш карэнных жыхароў. Але ад занядбання аддаленыя вёскі “выратоўваюць” валожынскія і сталічныя дачнікі: увесь цёплы сезон года яны жывуць там, а таму паспелі да драбніц вывучыць найбольш вострыя мясцовыя праблемы. Дачнікі – актыўныя ўдзельнікі і традыцыйных “Прамых ліній”. Мудрасць разважанняў, аб’ектыўнасць выказаных імі заўваг заўсёды настройваюць на жаданне аператыўна дапамагчы ім. Некаторыя мінчане так “прыкіпелі” да нашых мясцін, што ўжо даўно сталі амаль мясцовымі.

Адзін ваенны пенсіянер з вёскі Ва-роні перадаў свае шчырыя эмоцыі ў наступных словах: “Ведалі б Вы, які кайф я зведваю, калі працую восенню ў садзе, на агародзе!”.

Калі так цягне карэнных сталічных жыхароў у глыбінку, то, вядома, ім не чужыя і нашы мясцовыя праблемы. У прыватнасці, удзельнік “Прамой лініі” з Вароняў хадайнічаў наконт добраўпарадкавання прасёлкавай дарогі. Паступіла тэлефанаванне з названай вёскі ад Ірыны Нахай наконт работы аўталаўкі. І сапраўды, нікуды не варта, калі аўтамагазін прыязджае да вяскоўцаў аж у 9 гадзін вечара, а то і пазней. Маршрут працяглы, пакуль дабярэцца да фінішнай кропкі, абслугоўваючы 16 вёсак, то і самыя цярплівыя пакупнікі не ў сілах дачакацца патрэбнага тавару. Ды і асартымент не заўсёды задавальняе.

Штораз на “Прамую лінію” тэле-фануюць уладальнікі прыватных падсобных гаспадарак. На жаль, не ўсе сельгаспрадпрыемствы паклапаціліся пра тое, каб дапамагчы пенсіянерам купіць сена, фуражнае зерне для ўтрымання жывёлы ў час зімоўкі. Такія тэлефанаванні паступілі з Гародзькаўскага, Івянецкага сельсаветаў. Узнікалі пытанні і наконт магчымасці абмену малапрадукцыйных кароў, якіх трымаюць гаспадары-прыватнікі. Па ўсіх узнятых пытаннях дадзены канкрэтныя тлумачэнні.

Пастаяннай тэмай “Прамых ліній” можна назваць і спілоўванне старых дрэў. Трывога людзей зразумелая: у непагадзь усялякае можа здарыцца. Дазволю сабе адно адступленне на гэту тэму. Аднойчы з мінскім дачнікам мы завялі размову пра дрэвы-гіганты на вясковых сядзібах. І я поўнасцю пагадзілася з яго дасведчаным сцвярджэннем, што дрэвы-волаты не варта так актыўна знішчаць. Многія пароды валодаюць антымікробнымі, антысептычнымі ўласцівасцямі. І нашы прадзеды, і дзяды нездарма старанна выбіралі пароды дрэў для пасадкі на ўласных сядзібах: і каб хаце зацішней было, і каб будыніну не з’еў грыбок. Магчыма, у гэтых разважаннях і сапраўды ёсць рацыянальнае зерне. Згадзіцеся, калі дрэва старое, то гэта ні ў якім разе не азначае, што моцная бура лёгка асіліць магутную ліпу, вяз ці дуб. Некаторыя дрэвы могуць прастаяць стагоддзі, хаця ўсялякае ў прыродзе здараецца. І чалавек заўсёды  хоча перастрахавацца…

Паступілі на “Прамую лінію” і пы-танні, якія тычыліся арганізацыі вытворчых спраў на пэўных сельгаспрадпрыемствах. Аўтараў званкоў непакоіла, што  дзесьці зямля выкарыстоўваецца не па-гаспадарску, што дзесьці, на іх погляд, размяркоўваюць грамадскае дабро з мэтай уласнай нажывы. Прагучалі скаргі і на несправядлівыя разлікі за выкананую працу, а ўслед за гэтым – незаконнае звальненне.

Праблемныя пытанні, адрасаваныя на чарговую “Прамую лінію”, даволі часта дапаўняліся словамі падзякі ў адрас старшыні райвыканкама У.  А. Наумовіча за садзейнічанне і аператыўную дапамогу. Такая людская шчырасць таксама красамоўная. Добрыя словы адрасавалі на “Прамую лінію” з вуліцы Кастрычніцкай райцэнтра, дзе праведзена асфальтаванне. З завулка Энгельса таксама дзякавалі за доўгачаканае добраўпарадкаванне. У вёсцы Камень жыхары задаволены, што якасна адрамантавалі дах жылога дома.

Калі ў людзей камфортна і спакой-на на душы, калі іх больш не гнятуць розныя перажыванні, то і прадстаўнікам раённай улады ў сваю чаргу прыемна, што іх нялёгкая паўсядзённая праца прыносіць грамадзянам рэальную карысць і палёгку.

Прасочваецца і такі “адрасны аспект”: найбольш тэлефанаванняў чамусьці заўсёды паступае з Гародзькаўскага сельсавета, што, дарэчы, пацвярджае і «гарачая» тэлефонная лінія, якая дзейнічае ў рэдакцыі нашай газеты. Гэта прыкмета высокай грамадскай актыўнасці людзей, ці больш трывожны сімптом?.. Бясспрэчным толькі застаецца наступны вывад: мясцовыя праблемы павінны аператыўна вырашацца непасрэдна ў міні-рэгіёнах, у Гародзькаўскім, у прыватнасці. І ад гэтага выйграюць усе.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий