Пераможцам хлебнай нівы Міншчыны – слава!

"Минщина, мы тобой гордимся!" Аграрный сектор и промышленность Общество

У мінулую суботу ў Капылі прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2021”.

У ім прыняла ўдзел і дэлегацыя Валожынскага раёна. У яе склад увайшлі 37 чалавек: кіраўніцтва раёна, дырэктары сельгаспрадпрыемстваў, механізатары, слесары, аграномы, інжынеры, камбайнеры, бухгалтары, вадзіцелі, жывёлаводы, аператары зернесушыльных комплексаў – усе, хто дасягнуў самых высокіх вынікаў у раёне на сёлетнім жніве.

Выставы сваіх работ у Капылі прадставілі ганчар Алег КАПУСТА і народны майстар па пляценні паясоў Хрысціна ЛЯМБОВІЧ.

Працаўнікі нашага лясгаса частавалі гасцей дарамі прыроды.

Уласную прадукцыю прадставіў масласырзавод.

Вось такую прыгожую ляльку змайстравалі культработнікі раёна.

 

Лепшыя працаўнікі ААТ “Агра-Дубінское”: сямейная пара галоўны бухгалтар і вадзіцель Жанна і Васіль САКІ.

Ганаровыя ўдзельнікі свята: дырэктар КСУП “Валожынскае” Генрык ПАЛОЙКА і камбайнер Яўген ПАЛЯШЧУК.

 

Рыхтавацца да такой адказнай і вельмі знакавай падзеі горад пачаў яшчэ ў мінулым годзе. Да свята адрамантавалі 146 аб’ектаў, 23 вуліцы і 9 завулкаў. Асноўныя дзеянні разгарнуліся на цэнтральнай плошчы – яна таксама сустрэла гасцей у абноўленым выглядзе. Тут былі прыведзены ў парадак фасады будынкаў райвыканкама, раённага краязнаўчага музея, дзіцячай школы мастацтваў, будынкаў інтэрната, аб’ектаў ДТСААФ і раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Адрамантаваны аб’екты і на аддаленых ад цэнтра вуліцах, пабудаваны новыя. З’явілася скейт-пляцоўка, якую гараджане самі выбралі падчас апытання на сайце райвыканкама.

Нягледзячы на імжэўшы час ад часу дождж, увесь дзень прайшоў у фармаце знакавай вялікай урачыстасці. Працавалі сцэнічныя, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, “Горад майстроў”, выставы рэтра-машын, вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, конкурсы караваяў і снапоў раёнаў вобласці, праходзілі розныя майстар-класы. Свае інтэрактыўныя пляцоўкі прадставілі міліцыя, пажарныя-выратавальнікі, Дэпартамент аховы і ДТСААФ.

Ноу-хау свята стаў культурна-пазнавальны квэст: тут можна было прайсці 10 любых пляцовак для ўдзелу ў розыгрышы прызоў: тэлевізара, халадзільніка ці 2 планшэтаў.

Уласную прадукцыю прадэманстрвалі вучнёўская бізнес-кампанія “СтандАрт”, прадпрыемствы “Барысаўбытсэрвіс” і “Слуцкая фабрыка пашыву адзення” – апошнія прывезлі паказ мадэляў.

На рыначнай плошчы ў 14 гадзін адбылося ўшанаванне хлебаробаў Мінскай вобласці. З прывітальным словам да ўсіх звярнуўся першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Сяргей Ляўковіч. Ён адзначыў, што Мінская вобласць традыцыйна ўнесла важкі ўклад у агульны рэспубліканскі каравай. “Намалочана 1 мільён 630 тысяч тон збожжа – а гэта чацвёртая частка ўсяго хлеба ў Беларусі, – адзначыў Сяргей Віктаравіч. – Акрамя таго, плануецца дадаткова атрымаць каля 400 тысяч тон зерня кукурузы. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых культур па вобласці склала 35 цэнтнераў з гектара. А ў асобных гаспадарках сабралі на круг па 80 і больш цэнтнераў”.

Узнагароду атрымаў Андрэй ЗАГОРСКІ.

Словы падзякі хлебаробам адрасаваў і прафсаюзны лідар аграпрамысловага комплексу Міншчыны  Міхаіл Бода, адзначыўшы, што ў жніве 2021 года прынялі ўдзел звыш 3200 камбайнераў. Прыемна адзначыць: Ганаровай граматай Беларускага рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2021” узнагароджаны намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Андрэй Загорскі.

Вось такі прыгожы новы будынак атрымалі да свята юныя капыляне.

Пасля адбылася яшчэ адна знакавая для горада падзея – урачыстае адкрыццё дзіцячай бібліятэкі з кіназалам. Юных капылян павіншаваў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч. “Нягледзячы на тое, што ўвесь свет пагружаны ў Інтэрнэт, кніга заўжды застаецца сапраўднай скарбніцай ведаў. Дарагія рабяты і бацькі! Прыходзьце ў бібліятэку рэгулярна, чытайце кнігі, будзьце годнымі грамадзянамі сваёй краіны!” – падкрэсліў Іван Станіслававіч.

Выступае намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый КРУТЫ.

Цырымонія ўручэння прэміі пераможцам абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2021 года прайшла на сцэнічнай пляцоўцы па вуліцы Леніна. Са словамі прывітання звярнуўся намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Круты, які зачытаў Прывітальны адрас ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У ім адзначаецца, што Мінская вобласць з’яўляецца сапраўднай жытніцай Беларусі. Дзмітрый Круты ўручыў Падзяку Прэзідэнта губернатару Міншчыны Аляксандру Турчыну, а таксама сертыфікат на 580 тысяч рублёў за эканамічны і фінансавы вынік.

За высокія вынікі працы ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта адзначаны дырэктар сельгасупраўлення “Бабровічы” ўнітарнага прадпрыемства “Мінскаблгаз” Юрый БЯЛЯЎСКІ. Заслужаную ўзнагароду яму ўручыў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр ТУРЧЫН.

Працаўнікоў палёў з важкім караваем павіншаваў і Аляксандр Турчын. “Дажынкі” – свята для людзей. Праводзім яго ў невялікіх гарадах, каб прывесці мясцовасць у парадак, пераўтварыць у лепшы бок. Магу сказаць, што Капыль справіўся як з абласным фестывалем “Дажынкі”, так і на рэспубліканскім Дні пісьменства. Горад непазнавальна змяніўся, – сказаў Аляксандр Генрыхавіч.

– Важна адзначыць, што ў рэгіёне 41 працэнт занятых у эканоміцы працуюць у сельскай гаспадарцы – гэта самы высокі паказчык у Мінскай вобласці. Для аграрыяў год быў нялёгкі, але нам удалося ўтрымаць лідзіруючыя пазіцыі. Мінская вобласць лепшая – значыць, мы рухаемся ў правільным напрамку”.

Першае месца па валавым зборы збожжа атрымаў Нясвіжскі раён, на другім – Дзяржынскі, трэцім стаў Мінскі раён.

На ўрачыстасць завітаў і міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Іван Крупко, які падкрэсліў, што яго ўразіла і месца правядзення “Дажынак”, і той вынік, якога дасягнуў сталічны рэгіён. 

Традыцыйна ўдзельнікаў абласнога свята чакала насычаная вакальная і харэаграфічная праграмы. На сцэнічнай пляцоўцы выступілі лепшыя калектывы Міншчыны. Сваёй творчасцю парадавалі група “Фабрыка”, Аляксандр Саладуха, Алёна Ланская, Вікторыя Алешка і іншыя папулярныя беларускія выканаўцы.

 У наступным годзе абласныя “Дажынкі” прымуць Стоўбцы.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА