Да прафесіі дакрануліся рукой

Общество

Урок-экскурсію для навучэнцаў Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя ў рамках раённага праекта “Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся” правялі ў адной з лепшых гаспадарак раёна – СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”.

Пяцьдзясят будучых слесараў, трактарыстаў-машыністаў, вадзіцеляў грузавых аўтамабіляў пабывалі на галоўных аб’ектах гаспадаркі. Маладыя людзі, сярод якіх была і адна дзяўчына – Люда Станкевіч, азнаёміліся з работай зернесушыльнага комплексу, пабывалі на мехдвары, дзе падзівіліся навейшым узорам агратэхнікі, зазірнулі ў рамонтную майстэрню і наведалі малочнатаварную ферму.

У ролі экскурсавода выступіў старшыня гаспадаркі Генадзій Уладзіміравіч Бычкоўскі. Ён расказаў навучэнцам пра гісторыю гаспадаркі,  сённяшняе становішча спраў, растлумачыў умовы прадастаўлення жылля маладым спецыялістам. Старшыня вёў з моладдзю адкрыты дыялог, даваў слушныя парады і па-бацькоўску настаўляў:

– Вы шчаслівыя. Вучыцеся бясплатна, пасля заканчэння ліцэя вас чакае рабочае месца і шматлікія льготы. Галоўнае – працаваць сумленна. Працавітыя работнікі ў нашай гаспадарцы атрымліваюць уласныя дамы, гультаёў звальняем, некаторыя самі “ўцякаюць” з вёскі з надзеяй знайсці “лягчэйшую” працу ў сталіцы, але 80 працэнтаў з іх зноў вяртаюцца назад.

Вадзіцель спецыяльна заказанага аўтобуса Р. Ф. Лужынскі правёз навучэнцаў ліцэя па добраўпарадкаваных вуліцах аграгарадка Бабровічы. Рознакаляровыя домікі прыметна ажыўлялі пахмурны восеньскі пейзаж.

У паездцы моладзь суправаджалі майстры вытворчага навучання І. І. Пашкоўскі, В. А. Астроўскі і загадчык адасобленага падраздзялення вытворчага навучання Г. В. Гуліч.

Такія паездкі-экскурсіі ў гаспадаркі раёна не рэдкасць для будучых выпускнікоў ліцэя. Яны арганізоўваюцца сістэматычна, даюць магчымасць моладзі пазнаёміцца з новымі ўзорамі сельгастэхнікі і “прыглядзець” сабе будучае месца працы. Дарэчы, двое ліцэістаў ужо ў той дзень выказалі жаданне пасля заканчэння вучобы працаваць у СГУ “Бабровічы”.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий