БЫТАВІКОЎ КЛІЧУЦЬ СВЕЖЫЯ ІДЭІ

Общество

Сфера бытавога абслугоўвання за сваё існаванне перажывала эканамічныя ўзлёты і падзенні часцей, чым якая-небудзь іншая галіна дзейнасці. За апошнія гады актыўна вяліся пошукі мер, якія змаглі б прывесці да росту прыбыткаў і рэнтабельнасці. На прыкладзе РКБА можна сказаць, што станоўчы рух адбыўся: прадпрыемства развіваецца, павялічваюцца аб’ёмы вытворчасці, захоўваюцца працоўныя месцы, паляпшаюцца эканамічныя паказчыкі.

Пра тое, якім чынам забяспечваецца паступальнасць працэсу, мы папрасілі расказаць дырэктара райбыткамбіната Л. В. АКОТЧЫКА:

– У першую чаргу можна адзначыць тое, што мы ажыццяўляем вельмі вялікі пералік работ, стараемся заняць усе нішы бытавых паслуг – ад рамонту абутку да апрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Такім чынам, кола кліентаў не звужаецца, а гэта дае трывалую падставу для планавання далейшай дзейнасці. Стараемся ўдасканальваць традыцыйныя паслугі і адначасова асвойваем новыя, напрыклад, чыстку падушак. Зараз набылі дзве сучасныя машыны для трыкатажнага цэха, паравы прас, што дазволіць значна павялічыць асартымент і якасць выпускаемай прадукцыі. У хуткім часе запрацуе майстэрня па пашыву пад заказ штор і гардзін. Ёсць і абсталяванне, і добры спецыяліст. Наладжаны прамыя кантакты з вытворцамі сыравіны ў Баранавічах, Оршы, Мінску, Жодзіне, што таксама ўплывае на зніжэнне сабекошту выпускаемай прадукцыі. Самі і мадэліраваннем займаемся. Дарэчы, на спажывецкім рынку наша прадукцыя не залежваецца, добра ідзе выязны гандаль у Маладзечне, Вілейцы, Мінску.

– Леанід Васільевіч, што можаце сказаць пра матэрыяльна-тэхнічную базу прадпрыемства?

– Усе аб’екты адрамантаваны і цалкам  прыдатныя для выканання ў іх асноўных відаў дзейнасці. Шмат увагі надаем добраўпарадкаванню, выдаткавалі значныя сродкі на забеспячэнне патрабаванняў безбар’ернага асяроддзя. На балансе прадпрыемства – 12 комплексна-прыёмных пунктаў, адзін, у Ракаве, перададзены ў арэнду, але забяспечвае выкананне ўсіх бытавых паслуг.

Зараз шмат гаворкі ідзе пра тое, што бытавое абслугоўванне неабходна перадаць у рукі прыватнікаў, але пакуль што прадстаўнікі “малога” бізнесу не праяўляюць асаблівай актыўнасці. Напрыклад, з аб’ектаў, выстаўленых на продаж, выкуплены толькі Дом быту ў Вішневе. Так што мы па-ранейшаму манапалісты бытавой сферы. Пры такіх вытворчых магутнасцях і наяўнай рабочай сіле выпрацоўка магла бы быць яшчэ большай. Але існуюць перашкоды, якія ад нас не залежаць. На сёння мы літаральна завалены заяўкамі ад сельскіх жыхароў, якія жадаюць набыць агароджу з дрэва. Дзіўна, але знаходзячыся ў цэнтры пушчы, мы не можам набыць у дастатковай колькасці драўніну, нават па папярэдняй аплаце. Неяк кіраўніцтва лясгаса прывезла сыравіну з Чэрвеньскага раёна, але сабекошт вырабаў з яе аказаўся такім, што рознічныя цэны “скокнулі” ўдвая. Зразумела, спажывец пачаў адмаўляцца. Ды і хто рашыцца купляць адно прасла за 120 тысяч? Па прычыне недахопу дрэва ўпусцілі мы і выгадны заказ з Маладзечна.

– Звернемся да мовы лічбаў, якая найлепш гаворыць пра эканоміку.

– Сёлета атрымана прыбытку 7 мільёнаў, рэнтабельнасць складае 1,6 працэнта, на прадпрыемстве заняты 77 чалавек, сярэдняя зарплата па прадпрыемстве ў верасні была 1 мільён 6 тысяч, у кастрычніку гэты паказчык павялічыўся. У нас можна працаваць і быць упэўненым у заўтрашнім дні. Бытавое абслугоўванне, безумоўна, не самы прыбытковы род дзейнасці. Каб забяспечыць у поўнай меры выкананне сацыяльных стандартаў, патрабуецца датацыя з дзяржаўнай казны. На пакрыццё страт у гэтым годзе нашаму РКБА выдзелены 83,7 мільёна рублёў, 70,9 мільёна ўжо пералічаны на рахунак прадпрыемства.

– Якія планы на перспектыву?

– Рынку бытавых паслуг у раёне яшчэ ёсць куды развівацца. Магчыма, у бліжэйшы час асвоім шынамантаж. Кожны метр вытворчых плошчаў павінен эксплуатавацца і прыносіць карысць.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий